Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Deutsche Welle" пачынае спэцыяльнае вяшчаньне на Беларусь


Алена Струвэ, Менск 15 хвілінныя інфармацыйныя праграмы “Белорусская хроника” будуць выходзіць з панядзелка да пятніцы ад 18.30 да 18.45 на расейскай мове. Мяркуецца, што тэкст перадачаў будзе выстаўляцца ў Інтэрнэце па-беларуску. Менавіта гэты моўны момант і паклаў пачатак вялікім дыскусіям у беларускім грамадзтве, якія распачаліся некалькі месяцаў таму і цягнуцца дагэтуль.

Паводле крытыкаў, гэта бадай што першы прэцэдэнт, калі замежнае вяшчаньне на Беларусь будзе весьціся на расейскай мове; і “Deutsche Welle”, і Эўракамісія, такім чынам, праяўляюць палітычную недальнабачнасьць. Што да прыхільнікаў праекту, то, паводле іхных меркаваньняў, мова ня ёсьць галоўнай ў новым вяшчаньні.

Сама “Нямецкая хваля” шырока асьвятляе пачатак новага вяшчаньня. Аналітычная нямецкамоўная праграма Fokus Ost-Suеdost на Deutsche Welle дае слова дырэктару радыё Эрыку Бэтэрману ды вядомым эўрапейскім палітыкам.

У часе адмысловай прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай адкрыцьцю новых праграмаў “Нямецкай хвалі”, спадар Эрык Бэтэрман заявіў, што галоўнай аўдыторыяй “Белорусской хроники” стане беларуская моладзь. Паводле ягоных словаў, “калі спрыяць распаўсюду інфармацыі пра Эўразьвяз, тады трэба разьлічваць на новыя генэрацыі, напрыклад, на студэнтаў ці новую інтэлектуальную эліту”. Размова ідзе пра пакаленьне “І”, генэрацыю, на разьвіцьцё якой паўплывалі інфармацыйны бум, Інтэрнэт.

На "Deutsche Welle" ня робяць таямніцы з таго, што новае вяшчаньне на Беларусь яшчэ да ягонага пачатку было адначасна як горача ўхваленае, так і жорстка раскрытыкаванае.

У прыватнасьці, у Брусэлі новыя пляны "Deutsche Welle" знайшлі хуткую падтрымку. Камісар Эўразьвязу Бэніта Фэрэра–Вальднэр гаворыць: “Мы зыходзім з таго, што з дапамогай такога вяшчаньня Беларусь паступова стане на шляхі дэмакратыі”. Паводле яе словаў, стваральнікі новых перадачаў распавядуць беларусам пра тое, што адбываецца ў іншых краінах і як гэта мусіць адбывацца, таксама пра тое, як ствараецца свабода меркаваньняў. Усё гэта, - лічыць спадарыня Фэрэра-Вальднэр павінна садзейнічаць дэмакратычнаму працэсу.

Новае вяшчаньне “Нямецкай хвалі” ўхвалілі таксама адказныя прадстаўнікі ФРГ у Беларусі, уключна зь нямецкімі дыпляматамі і навукоўцамі. Тым часам журналісты нямецкага радыё прыводзяць і крытычныя выказваньні на адрас новых беларускіх праграмаў. Яны тычацца расейскай мовы вяшчаньня. Апанэнты – пераважна беларуская нацыянальная інтэлігенцыя - перакананыя, што гэта ёсьць абразай беларускай мовы і падтрымкай русыфікацыі.

З падобным меркаваньнем нязгодны беларускі экспэрт Уладзімір Дорахаў, які доўгі час працаваў карэспандэнтам Нямецкай хвалі ў Менску, а цяпер ёсьць рэдактарам і стваральнікам новых беларускіх праграмаў. У перадачы Fokus Ost-Suеdost ён кажа, што паважае меркаваньні крытыкаў, аднак ўпэўнены, што рэальнасьць выглядае зусім інакш. Паводле ягоных словаў, вялікая большасьць беларусаў, прыкладана 80 адсоткаў насельніцтва размаўляюць паўсядзённа дома па-расейску і толькі 7 адсоткаў выкарыстоўваюць беларускую мову ў часе свабоднай размовы”. Што супярэчыць вынікам апошняга перапісу насельніцтва, дзе шмат хто зь беларусаў сказалі, што дома гавораць па-беларуску.

Журналісты “Deutsche Welle” разьлічваюць на посьпех будучых праграмаў, незалежна ад таго, на якой мове яны будуць перадавацца.

Што да пазыцыі нямецкіх палітыкаў у гэтым пытаньні, то яе нельга назваць адзназначнай. Як паведамілі "Свабодзе" ў бюро Бэрнта Посэльта, сябра ХСС, дэпутата Бундэстатагу і Эўрапарлямэнту, “беларускія праграмы радыёстанцыі “Нямецкая хваля” на мове былой “каляніяльнай улады” заслугоўваюць самай вялікай крытыкі”. Паводле спадара Посэльта, "беларускі народ мае сваю непаўторную культуру, якая належыць да агульнаэўрапейскай, і гэты момант павінны улічваць эўрапейскія мэдыі". Прыкладна праз дзьве гадзіны пасьля старту новых беларускіх праграмаў Нямецкай хвалі, а 9-й гадзіне, паводле менскага часу, сотні немцаў зьбяруцца ў бэрлінскім клюбе Като, каб паслухаць песьні беларускага рок-гурту NRM. Паводле ідэі нямецкіх арганізатараў, гэты канцэрт будзе ісьці без перакладу, усе песьні будуць гучаць выключна па-беларуску.

Сёньня ж, у дзень нацыянальнага сьвята Нямеччыны, у Менску распачнуцца традыцыйныя дні гэтыя краіны. На розных пляцоўках беларускай сталіцы адбудуцца прэзэнтацыі шматлікіх сумесных нямецка-беларускіх сацыяльных, культурніцкіх і спартыўных праектаў.

Нагадаем, што Нямеччына – адна зь першых заходніх краінаў, якая ў 1991 годзе прызнала незалежнасьць Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG