Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці задавальняюць вучняў ды іхных бацькоў сучасныя беларускія падручнікі?


Браніслава Cтанкевіч, Ворша На гэтае пытаньне напярэдадні новага навучальнага году адказваюць жыхары Воршы

(Карэспандэнтка:) “ Ці падабаюцца вам новыя падручнікі, ці задавальняюць яны вас ды вашых дзяцей?”

(Cпадарыня:) “Ну, так. Яны сучасныя такія, каляровыя. І цяжкія! Тая ж матэматыка – там усё нейкія велічыні, вымярэньні. Дапамагаю дзецям сама, як магу!”

(Хлопец:) “Самы прыгожы падручнік – гэта па спэцкурсе “Вялікая Айчынная вайна”. Ён прыгожа выдадзены, вокладка добрая. Адным словам, новая кніжка – і прыемна ў рукі ўзяць”.

(Спадарыня:) “Лепшыя гэтыя падручнікі, чымсьці ў нас некалі былі. І афармленьне прыгожае. Так што нават калі ўжо й не малое дзіця, усё адно зацікавіцца, паглядзіць”.

(Дзяўчына:) “А вось мяне асабіста гэтыя падручнікі не задавальняюць. У іх шмат залішняга матэрыялу, шмат неаб”ектыўнае інфармацыі. І нашы настаўнікі вядуць урокі найчасьцей па нейкіх сваіх канспэктах ды сшытках, а не па гэтых падручніках. І й сама цяпер, калі рыхтавалася ў ВНУ, больш карысталася іншымі выданьнямі.”

(Спадарыня:) “Хачу адзначыць такі станоўчы момант. Сынаў падручнік па матэматыцы за 5-ую клясу, хоць і напісаны па-расейску, але ён – “сьвядомы” падручнік. Там ёсьць такія, да прыкладу, задачкі: вылічыць даўжыню Дняпра, Сожа. Або -- вызначыць дату народзінаў Уладзімера Караткевіча. І нават хлопчыкаў – герояў тых задачак – завуць Ясь, Міхась, ды гэтак далей. З іншага боку, у вучняў з дзяцінства адбіваюць любоў да беларускае літаратуры, калі ставяць у падручнікі неадпаведныя творы. Нашто сёньня вывучаць “Міколку-паравоза”, калі на двары ўжо 21-е стагодзьдзе, і ёсьць шмат больш цікавых ды сучасных твораў? А падручнік па беларускай мове спрэс русыфікаваны. У мяне сын пытаецца: “Мама, чаму тут пішуць “магазін”, калі трэба “крама”?”

(Спадар:) “А мне, напрыклад, непрыемна браць у рукі падручнік “Мая Радзіма Беларусь”. З-за аднаго надрукаванага ў ім твару -- там зьмешчаны партрэт прэзыдэнта. Хаця распачынаецца ён нармалёва, з гісторыі нашай краіны. А вось сканчаваецца сёньняшнім часам – і мне ўжо брыдка трымаць яго ў руках”. (Спадарыня:) “Мне не падабаецца, што ўсё пад кагосьці падганяюць гэтыя падручнікі, і зусім ня думаюць пра нашых дзяцей, якія веды яны атрымаюць. І нейкая праграма такая – занадта мудрагелістая, незразумелая, я сказала б нават і бязглуздая . Раней, калі мы вучыліся, усё было больш простым і зразумелым. І нармальна мы засвойвалі ўсю гэтую вучобу!”

(Дзяўчына:) “Мне найбольш падабаюцца тыя падручнікі, якія напісалі для нас тут, у Воршы. Вось, да прыкладу, падручнік па матэматыцы ў мяне быў, які напісаў аршанскі настаўнік Герасімаў. І падабаецца падручнік “Воршазнаўства” таксама. Бо, я лічу, падручнікі мусяць быць бліжэйшымі да нашага жыцьця, і тады нам будзе ўсё лёгка і зразумела”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG