Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Юшчанка загадаў ліквідаваць ДАІ


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка заклікаў да барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю ў сілавых структурах краіны. Юшчанка загадаў зьліквідаваць украінскую дарожную міліцыю, ці скарочана “ДАІ” ды запрапанаваў пайсьці ў адстаўку шэрагу кіраўнікоў міністэрства унутраных справаў.

У панядзелак прэзыдэнт Віктар Юшчанка загадаў цягам 24-х гадзінаў зьліквідаваць дарожную міліцыю. Ва ўкраінскай ДАІ працуюць 23 тысячы чалавек. Гэтая структура вядомая сярод украінцаў сваім высокім узроўнем карумпаванасьці. У часе спатканьня ў міністэрстве ўнутраных справаў, Юшчанка заявіў, што “ДАІ” цалкам дыскрэдытавала сябе.

(Юшчанка: ) “Вы дыскрэдытавалі сябе. Вось чаму я вырашыў, што ў гэтай краіне ня будзе ДАІ. Праект дэкрэту будзе гатовы цягам 24 гадзінаў. Хлопцы, хопіць зарабляць грошы на дарогах. Хопіць рабаваць кіроўцаў”.

Юшчанка заявіў, што галоўная задача дарожнай міліцыі – дапамагаць кіроўцам, у той час, як цяпер яны “выходзяць на дарогі, каб рабаваць людзей”. Паводле ўкраінскага прэзыдэнта, спробы ягонага ўраду рэфармаваць ДАІ скончыліся паразай.

Кіроўцы ва Ўкраіне вельмі ня любяць супрацоўнікаў ДАІ за тое, што тыя нярэдка змушаюць даваць хабар. Таму ня дзіўна, што мінакі на вуліцах Кіева падтрымліваюць рашэньне свайго прэзыдэнта.

(Мінак: ) "Я падтрымліваю гэтае рашэньне, бо яны ня робяць нічога добрага, а толькі бяруць грошы і хаваюцца ў кустах, як сказаў Юшчанка".

Іншыя кажуць, што без дарожнай міліцыі могуць узьнікаць розныя цяжкасьці, але таксама ўпэўненыя, што іншага выхаду папросту няма.

(Мінак: ) "У мяне няма адназначнага меркаваньня ў гэтай справе, бо без ДАІ будзе цяжка – кіроўцы неадукаваныя. З другога боку ДАІ так дыскрэдытавала сябе, што я падтрымліваю гэты крок".

Між тым Ларыса Дзенісенка – прадстаўніца ва Ўкраіне міжнароднай арганізацыі Transparency International, якая займаецца пытаньнямі барацьбы з карупцыяй, скептычна глядзіць на рашэньне Віктара Юшчанкі. Спадарыня Дзенісенка згодная, што ДАІ гэта вельмі карумпаваная структура, але, на яе думку, ліквідацыя структуры гэта не заўсёды азначае ліквідацыю праблемы.

Паводле прадстаўніцы Transparency International, супрацоўнікі ДАІ спрабавалі навесьці парадак на украінскіх вуліцах, бо Ўкраіна вядомая ня толькі высокім узроўнем карупцыі ДАІ, але і высокім узроўнем дарожна-транспартных здарэньняў.

Ларыса Дзенісенка лічыць, што эфэктыўным магла б быць перадача кіраўніцтва над ДАІ ў рукі мясцовых уладаў.

Падаецца, што ўрад мае падобныя пляны. Міністар унутраных справаў Украіны Юры Луцэнка заявіў, што замест ДАІ будзе створаная дарожная паліцыя “эўрапейскага ўзроўню”, куды і будуць пераведзеныя большасьць цяперашніх супрацоўнікаў ДАІ.

На пачатку мінулага году дарожная паліцыя была зьліквідаваная таксама ў Грузіі – яе замянілі новыя падразьдзяленьні з назовам “Патруль”. Некаторыя з былых 36 тысячаў грузінскіх “ДАІшнікаў” прайшлі конкурс і атрымалі права працаваць у новых структурах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG