Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ аднаму польскаму дыплямату загадана пакінуць Беларусь


Альгерд Невяроўскі, Менск Беларускія ўлады прынялі рашэньне выдаліць з тэрыторыі краіны кіраўніка консульскага аддзелу амбасады Польшчы ў Менску Анджэя Бучэка. Гэтае рашэньне прынятае ў адказ на прапанову ўладаў Польшчы пакінуць тэрыторыю іх краіны дарадцу беларускай амбасады ў Варшаве Максіму Рыжанкову. Польскі бок лічыць, што галоўнай прычынай гэтай напружанасьці ў двухбаковых дыпляматычных адносінах стаў дэмакратычны выбар новага кіраўніцтва Саюзу палякаў у Беларусі.

Часовы павераны амбасады Польшчы ў Менску Анджэй Альборскі ў пятніцу быў запрошаны ў Міністэрства замежных справаў Беларусі. У беларускім зьнешнепалітычным ведамстве польскаму дыплямату паведамілі, што кіраўнік консульскага аддзелу амбасады Польшчы Анджэй Бучэк павінен да 21 ліпеня пакінуць Беларусь. Прадстаўнікі МЗС Беларусі патлумачылі гэты крок, як адказ на рашэньне польскіх уладаў выдаліць з тэрыторыі сваёй краіны дарадцу беларускай амбасады Максіма Рыжанкова. Кіраўніца аддзелу прэсавай службы Міністэрства замежных справаў Беларусі Марыя Ваньшына ў сваім камэнтары да рашэньня аб выдаленьні польскага дыплямата адзначыла неканструктыўнасьць дзеяньняў польскага боку, якія перашкаджаюць разьвіцьцю ўзаемакарыснага беларуска-польскага супрацоўніцтва. У афіцыйным беларускім камэнтары тлумачыцца, што выдаленьне зь Беларусі спачатку Марэка Буцькі, а цяпер і Анджэя Бучэка былі толькі крокамі ў адказ на выдаленьне з Польшчы двух беларускіх дыпляматаў.

Аб рашэньні беларускіх уладаў консул Анджэй Бучэк даведаўся падчас свайго знаходжаньня ў Польшчы.

(Бучэк: ) “Рашэньне для мяне незразумелае, і я ім вельмі ўражаны. Я даведаўся пра гэта падчас службовай камандзіроўкі ў Варшаву. Я цяпер якраз вяртаюся ў Менск. Я нават ня ведаю ўсіх акалічнасьцяў, бо пра гэта я даведаўся ўчора па тэлефоне”.

Пры гэтым Анджэй Бучэк дадаў, што выконваў свае абавязкі добрасумленна і не парушаў беларускіх законаў.

А на думку міністра замежных справаў Польшчы Адама Ротфэльда, нагодай для абвастрэньня палітыкі Менску ў адносінах да Варшавы стаў дэмакратычны выбар новага кіраўніцтва Саюзу палякаў у Беларусі, і гэта не падабаецца беларускім уладам. Тым часам, дарадца беларускай амбасады ў Варшаве Максім Рыжанкоў павінен быў пакінуць Польшчу яшчэ да 19 чэрвеня. Але ён папрасіў польскія ўлады адтэрмінаваць выкананьне гэтага рашэньня па асабістых матывах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG