Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшоў з жыцьця адзін з найстарэйшых беларускіх мастакоў


Галіна Абакунчык, Менск У Менску адбылося разьвітаньне з адным з найстарэйшых беларускіх мастакоў – Яўгенам Ціхановічам, які памёр на 94-м годзе жыцьця. Ён быў апошнім прадстаўніком дынастыі мастакоў-Ціхановічаў. Палотны Яўгена Ціхановіча складаюць калекцыі шэрагу музэяў Беларусі й замежжа.

Яўген Ціхановіч нарадзіўся ў 1911 годзе, а ўжо ў 1932-м пачаў удзельнічаць у мастацкіх выставах. Праз жонку Людмілу ён быў у блізкім сваяцтве з Уладзіславам Галубком, які пацярпеў ад сталінскіх рэпрэсіяў. Таму і самому мастаку давялося нялёгка, кажа ягоная нявестка Лілія Ціхановіч.

(Ціхановіч: ) “Галубок — гэта ж ягоны цесьць. Дык і яму, натуральна дасталося, асабліва ў 1930-х гадах яны тут добра атрымалі. А пасьля вайны ўсё дзяўблі яго, што, маўляў, ты быў пад акупацыяй, акупант — і гэтак шмат яму крыві і гадоў панішчылі”.

Калега мастака Мікола Лавіцкі кажа, што Яўген Ціхановіч стаў заснавальнікам новага жанру ў мастацтве:

(Лавіцкі: ) “Яўген Ціхановіч быў адным з пачынальнікаў эксьлібрысу, і стаўся геніяльным эксьлібрыстам. Адзін зь першых ён увёў у гэты жанр партрэт. Фактычна ўся эпоха Адраджэньня ў гэтых эксьлібрысах адлюстраваная. Гэта партрэты, пачынаючы ад Янкі Купалы і нашаніўскага пэрыяду да сучаснасьці”.

Старэйшы брат Яўгена Ціхановіча — славуты мастак-графік Валянцін Ціхановіч, вядомымі мастакамі таксама былі ягоны сын і ўнук Генрых і Ян Ціхановічы, якія заўчасна памерлі. З адыходам Яўгена Ціхановіча, адыходзіць цэлая эпоха ў мастацтве, кажа кіраўнік клюбу “Спадчына” Анатоль Белы.

(Белы: ) “Гэта цэлае пакаленьне, якое адыходзіць ад нас. Гэта пакаленьне, якое спалучыла ў сабе мастацтва, тэатар, пісьменства — і гэта спалучаў у сабе Яўген Ціхановіч. Гэта легенда нашай гісторыі і культуры”.

Паводле спадара Белага, адной з апошніх карцін Яўгена Ціхановіча, якую мастак падарыў клюбу “Спадчына”, быў партрэт Васіля Быкава.

Яўген Ціхановіч скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум. Ягонымі настаўнікамі і калегамі былі клясыкі сучаснага эўрапейскага мастацтва. Спадчына Яўгена Ціхановіча — дзясяткі жывапісных і сотні графічных працаў. Шмат твораў гэтага мастака можна пабачыць у музэях, кнігах, падручніках. Апроч таго, Яўген Ціхановіч выявіў сябе, як мэмуарыст, які друкаваў свае ўспаміны пра людзей і падзеі сваёй эпохі ў многіх пэрыядычных выданьнях Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG