Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады забаранілі сьвяткаваць Купальле Саюзу палякаў


Сяргей Астраўцоў, Горадня Працягваецца ціск на Саюз палякаў, сёньня быў дастаўлены ў міліцыю адзін з актывістаў — рэдактар часопісу “Magazyn Polski” Андрэй Пачобут. А Гарадзенскі гарвыканкам ня даў дазволу Саюзу палякаў на правядзеньне Купальля 25 чэрвеня.

Забараніўшы Купальле, гарадзенскія ўлады спаслаліся на тое, што на беразе ракі адбываюцца земляныя работы, аднак у той жа час яны дазволілі правесьці Купальле іншай групе палякаў. Кіраўнік ідэалягічнай службы гарвыканкаму Сяргей Дубавец адмовіўся патлумачыць нашаму карэспандэнту — чаму так адбылося?

Гэтае сьвята, якое палякі называюць “Сьвятаянскай ноччу”, СПБ штогод праводзіў у цэнтры гораду на беразе Нёмана. Забарону Саюз палякаў атрымаў упершыню.

Меркаваньне намесьніка старшыні Саюзу палякаў Юзафа Пажэцкага:

(Пажэцкі: ) “Я думаю, што тут больш палітычнае рашэньне, таму што ў гэтай сытуацыі, калі міню''стам быў прызнаны нелегітымным зьезд СПБ, улады, напэўна, бяруць гэта пад увагу, хоць адно да другога ня мае дачыненьня. Гэта культурнае мерапрыемства, людзі прыйдуць паслухаць песьні, патанцаваць, пасядзець каля вогнішча, успомніць традыцыі “сьвятаянскай ночы” нашых продкаў”.

Пасьля абеду намесьнік старшыні гарвыканкаму Валянцін Лявонаў паведаміў спадару Пажэцкаму, што выканкам даў дазвол на правядзеньне Купальля Казімеру Знайдзінскаму — паплечніку былога старшыні Саюзу палякаў Тадэвуша Кручкоўскага, якога па-ранейшаму прызнаюць ўлады.

Праўда, гэтае польскае Купальле адбудзецца на левым беразе Нёмана, а не на правым, дзе звычайна праводзілася Саюзам палякаў. Трэба яшчэ дадаць, што Кручкоўскага і Знайдзінскага некалькі дзён таму выключылі зь сяброў Саюзу палякаў.

Што датычыць рэдактара часопіса “Magazyn Polski” Андрэя Пачобута, дык па яго сёньня прыйшлі дахаты міліцыянты і даставілі ў пастарунак.

(Пачобут: ) “Сёньня з раніцы прыводам я быў дастаўлены ў аддзел міліцыі “Дзевятоўка” да сьлдечай Натальлі Гайдаш, якая мне паведаміла, што ёсьць заява Кручкоўскага, які скардзіцца на публікацыі, якія былі разьмешчаны на інтэрнэт-старонцы “Пагоня”. Яна прапанавала мне даць тлумачэньні па гэтай справе, я адмовіўся даваць тлумачэньні ў сувязі з тым, што не хачу сьведчыць сам супраць сябе”.

Пасьля гэтага Андрэя Пачобута адпусьцілі. Ён зазначае, што праводзіцца праверка на падставе заявы спадара Кручкоўскага, у ёй некалькі прозьвішчаў актывістаў СПБ, якіх той спрабуе прыцягнуць да адказнасьці нібыта за паклёп на яго.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG