Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская моладзь у ЗША і bielarus.org


Ганна Сурмач, Прага (05.17.2005) Новая перадача сэрыі “Беларусы за мяжой”. Удзельнікі: Дыяна Гумбар (Вірджынія), Уладзімер Мігель (Флярыда).

У апошнім нумары газэты беларускай дыяспары ў Амэрыцы “Беларус” (www.bielarus.org) зьявілася маладзёвая старонка. Яе стварылі новыя маладыя эмігранты зь Беларусі, якія паступова асвойваюцца на чужыне і спрабуюць наладзіць там арганізаванае грамадзкае жыцьцё, дзеля таго каб працягнуць справу старэйшага пакаленьня эміграцыі.

У адрозьненьні ад старэйшай беларускай эміграцыі ў ЗША, якая пераважна сканцэнтравана ў Нью-Ёрку, Кліўлендзе, Саўт-Рывэры, Нью-Брансвіку, Чыкага, новая эміграцыя прыяжджае ня толькі ў гэтыя гарады, але асвойвае і іншыя рэгіёны Амэрыкі. Цяпер беларусаў можна сустрэць ці не ва ўсіх амэрыканскіх штатах. Дзеля таго, каб аб’яднаць раскіданую па краіне беларускую моладзь, і зьявілася маладзёвая старонка ў газэце “Беларус”.

Сёньня мы размаўляем з маладымі людзьмі, якія ўзяліся рабіць гэтую працу. Нашыя госьці – Дыяна Гумбар і Ўладзімер Мігаль.

Дыяна, чыя гэта была ідэя закласьці маладзёвую старонку?

(Гумбар: ) "Гэта была мая ідэя. Пачула пра гэту газэту, зайшла на іх сайт і мне падалося, што гэта газэта больш для сталых людзей, а для моладзі нічога няма. Я падумала, што было б цікава нешта друкаваць для беларускай моладзі. Нядаўні канцэрт Лявона Вольскага паказаў, колькі ёсьць маладых людзей, і яны не арганізаваныя. Мне падалося, што гэта будзе цікава, калі гэта зрабіць у "Беларусе", бо газэта ўжо існуе і гэта лягчэй зрабіць, чым пачынаць нешта новае.

Паразмаўляла з рэдактарам, ён прапанаваў супрацоўнічаць і з гэтага атрымалася беларуская маладзёвая старонка. Зараз мы робім старонку ўдваіх з Уладзімерам Мігалем. Мы намагаемся прыцягнуць усіх жадаючых, каму цікава беларуская справа, актыўных людзей і спадзяемся, што такія людзі знойдуцца”.

Беларускае грамадзкае жыцьцё ў Амэрыцы патрабуе новых сілаў, каб не страціць таго, што зроблена старэйшымі і аднавіць тое, што ўжо страчана.

(Гумбар: ) "Вось мы і спрабуем нешта аднавіць, бо калі паглядзець, то бачна, што беларускае жыцьцё неяк заціхае, у старэйшых людзей было некалі шмат энэргіі, але іх застаецца ўсё менш і няма каму моладзьдзю займацца. Я думаю, што зараз такі час, што за апошнія 2-3 гады шмат моладзі сюды прыехала і зараз якраз трэба аднаўляць. Але трэба, каб нехта ўзяў на сябе ініцыятыву, бо ўсе думаюць, што нехта іншы гэта будзе рабіць. Вельмі складана знайсьці чалавека, які скажа: я гэта зраблю для ўсіх".

Хлопцы з Дэлавэру распачалі культурную праграму для моладзі і арганізавалі канцэрты Лявона Вольскага, вы з Уладзімерам ўзяліся за газэту, так што відавочна, што такія людзі ёсьць.

(Гумбар: ) "Мне здаецца, што гэта быў такі знакавы прыезд Лявона Вольскага, гэта надало шмат сілаў і імпэту ўсім. Быў імпульс і зараз маладыя людзі хочуць нешта стварыць, бо яны паглядзелі, што гэта можна зрабіць. Калі людзі не лянуюцца і прыяжджаюць на канцэрт, то яны могуць прыяжджаць і на нейкія сходы, сустрэчы і рэальна можна нешта зрабіць. Самае галоўнае – гэта пачаць.

Звычайна эмігранты выбіраюць адзін з двух шляхоў – шлях асыміляцыі ці іншы шлях, калі захоўваеш свае традыцыі і сваё нацыянальнае жыцьцё. Мы пайшлі па другому шляху. І гэта дапамагае перажыць цяжкія хвіліны, калі адольвае туга па Радзіме.

Бываюць моманты, калі вельмі цяжка, цяжка псыхалягічна. Калі прымаць удзел у беларускай справе, то жыцьцё становіцца больш каляровым. У чалавека павінна быць місія, без місіі жыцьцё вельмі шэрае".

Дыяна, якою на Ваш погляд павінна быць гэта маладзёвая старонка ў “Беларусе”?

(Гумбар: ) "Я думаю, што трэба цікава пісаць пра беларускую моладзь, пра студэнтаў, пра тых, хто працуе, пра ўсё, што ёсьць беларускае, каб распавядаць, як маладыя людзі жывуць тут, як уладкоўваюцца. Можа ў каго ёсьць нейкая беларуская крама, ці рэстарацыя, каб усе ведалі. Наладзіць кантакты з усімі, хто тут ёсьць, хто адчувае сябе беларусам, гэта самае галоўнае.

Хачу сказаць і пра тое, як трэба прадстаўляць нас ў іншым сьвеце. Калі мы сюды прыехалі, то ў нашым горадзе ніхто ня чуў пра беларусаў і пра краіну думалі, што гэта Расея. Мы даводзілі ім, што гэта асобная краіна. І зараз ужо праз два гады тут амаль кожны ведае пра Беларусь і людзі часам прыносяць артыкулы з газэтаў, часопісаў і кажуць, што вось тут пра вашу краіну напісана".

Дыяна жыве ў невялікім горадзе ў штаце Вірджынія, што некалькі гадзінаў язды ад Вашынгтону. Яна ўжо два гады ў Амэрыцы. Вучыцца ва ўнівэрсытэце, вывучае мовы, зараз заканчвае першы курс.

Дыяна, Вы былі студэнткаю ў Беларусі, за гэты год навучаньня ўжо неяк звыклі да асаблівасьцяў жыцьця студэнтаў ў Амэрыцы?

(Гумбар: ) "У адукацыі ёсьць вялікая розьніца паміж тым, як гэта арганізавана ў Беларусі і тут. Мне падабаецца амэрыканская адукацыя тым, што можна вучыцца два-тры гады, а потым можна вывучаць ужо канкрэтную спэцыяльнасьць, ці нават зьмяніць яе, калі зразумееш, што гэта не падабаецца. Гэтая сыстэма адукацыі больш гнуткая і лёгкая, больш прыдатная для студэнта, яна дае магчымасьць больш дакладна вызначыцца.

У нас адукацыя пераважна бясплатная. А тут для ўсіх нашых студэнтаў вялікі шок, калі яны пабачаць гэтыя кошты на адукацыю. Кошты вялікія, але ёсьць магчымасьць вучыцца, таму патрэбна шмат працаваць. Жыцьцё беларукіх студэнтаў тут у Амэрыцы больш складанае, мы разьлічваем толькі на сябе, на сваю працу і даводзіцца працаваць часам на дзьвюх працах, а потым яшчэ і вучыцца вечарамі і начамі. Увесь вольны час трэба вучыцца, гэта вельмі складана".

Дык Вы яшчэ і працуеце?

(Гумбар: ) "Канечне, мне здаецца, што гэта добрая школа жыцьця. У Беларусі, дзе моладзь падтрымліваюць бацькі, бо маладыя людзі маюць абмежаваныя магчымасьці зарабіць грошы, каб сябе ўтрымліваць, то тут усё гэта трэба рабіць самому і гэта займае шмат часу. Вольнага часу амаль няма, тут гэта самая вялікая праблема – недахоп часу ў гэтай краіне".

З Вамі нехта яшчэ вучыцца з беларусаў?

(Гумбар: ) "Вучацца некалькі сяброў у нашым унівэрсытэце. Я б хацела сказаць, што тут у беларускай моладзі назіраецца вялікая імкненьне да адукацыі. У беларускіх студэнтаў адукацыя – галоўная мэта. І калі гэтай мэты дасягнеш, то гэта дасьць вялікі плён у далейшай працы. Не тое, што ў Беларусі можна атрымаць адукацыю і потым ня мець магчымасьці зарабляць добрыя грошы. Тут маладыя беларусы імкнуцца ўсялякім чынам атрымаць адукацыю, ці працягваць адукацыю, якую пачалі ў Беларусі, каб потым неяк уладкавацца ў жыцьці. Я лічу, што гэта вельмі станоўчая рыса нашай моладзі.

Нас так і бацькі вучылі, што самае галоўнае – набыць адукацыю. Нават калі я тэлефаную дадому бабулі, дык яна заўсёды пытае, ці я вучуся. Самае галоўнае для яе, каб я сказала, што вучуся. Тут у мяне ёсьць знаёмыя зь Беларусі, якім ужо па 30-40 гадоў, усе яны тут атрымалі адукацыю і ўсе неяк уладкаваліся на добрыя працы, у гэтым узросьце ўжо ніхто не працуе ў рэстарацыях ці на нейкіх сэзонных працах. Так што, трымаем марку".

Вы кажаце, што вольнага часу няма. Няўжо Вы нікуды не ходзіце, на дыскатэкі, не знаёміцеся з моладзьдзю? Беларуская моладзь неяк зьбіраецца разам ?

(Гумбар ) "Звычайна, ёсьць толькі адзін дзень вольны ў тыдзень. Усе працуюць у розных месцах, у розны час і вельмі складана ўсім сустрэцца. У нас тут ёсьць, можна сказаць, маленькая суполка беларуская. І мы так дамаўляемся, што, напрыклад, у чацьвер, усе бяруць выходны, каб сустрэцца. Так што тут трэба выпрацоўваць нейкія новыя звычкі.

Сумуем па Беларусі, бо тут амаль няма паркаў, усе езьдзяць на аўтамабілях, няма людзей на вуліцах, ёсьць толькі ў вялікіх гарадох. Тут нейкая такая машынная цывілізацыя, людзей не бачна на вуліцах".

***

Другі сааўтар маладзёвай старонкі ў “Беларусе” Уладзімер Мігаль жыве ў Фларыдзе. З Дыянай яны пазнаёміліся дзякуючы канцэртам Лявона Вольскага. Уладзімер таксама студэнт, на аплату навучаньня і ён зарабляе ўласнымі сіламі.

(Мігаль: ) "Вучуся ва ўнівэрсытэце, у каледжы Сьвятога Джона на Фларыдзе ў Джэксанвіле, па спэцыяльнасьці – бізнэс. Адносна вучобы мне ўсё вельмі падабаецца, вельмі прыемныя людзі і кантакты, хіба толькі праблема, што ніхто ня ведае, дзе Беларусь.

Я жыву трохі на поўдзень ад Джэксанвілу, малы гарадок Сьвяты Аўгусьцін, такі стары горад, яго некалі гішпанскія канкістадоры заснавалі. У маім мястэчку зь беларусаў хіба адзін я. Тут было лягчэй знайсьці працу. У Фларыдзе самы нізкі ўзровень беспрацоўя па цэлай Амэрыцы.

Прыехаў у 2001 годзе, былі праблемы і грошай трэба было зарабіць на вучобу. Грошай на навучаньне ніхто не дае, сам за ўсё плачу, што зарабляю, амаль усё аддаю на гэта. У Амэрыцы вельмі цяжка без дапамогі бацькоў. Я вучуся ў каледжы з амэрыканцамі, за ўсіх іх плацяць бацькі за адукацыю".

Раней Уладзімер вучыўся ў Польшчы...

(Мігаль: ) "Калі я скончыў школу, ад''ехаў у Польшчу. Я вучыўся ў Люблінскім каталіцкім унівэрсытэце, цікавы накірунак – лацінская і старажытнагрэцкая мовы. Унівэрсытэт ня скончыў. Скончыў толькі два гады і зьявілася магчымасьць паехаць ў ЗША, прыехаў сюды вучыцца.

Маці напачатку сварылася на мяне, што я ўнівэрсытэт у Любліне кінуў, казала, каб вяртаўся дадому. Тры месяцы мы не размаўлялі. А потым майго малодшага брата пасадзілі, ён разам з "Зубрамі" сеў, сем сутак далі. Я пазваніў, а маці кажа, што брат сядзіць у турме і нарэшце пагадзілася, што можа і добра, што я тут застаўся".

Калі скончыце вучобу, чым плянуеце займацца, будзеце заставацца ў Амэрыцы назусім?

(Мігаль: ) "Шчыра кажучы, я яшчэ ня ведаю, што буду рабіць. Хіба вярнуся ў Беларусь, але калі? Па праўдзе кажучы, мне ня хочацца тут заставацца, пакуль карэньнямі тут не прырастаю...

Ну паглядзіце, калі будуць тут у мяне дзеці, яны ўжо ня будуць памятаць, што такое Беларусь”.

Але ўжо сёньня Ўладзімер робіць сваю працу ў газэце, каб ні ягонае пакаленьне маладой эміграцыі ў Амэрыцы, ні іх нашчадкі, калі ім усё ж давядзецца жыць на чужыне, не забыліся на свае беларускія карані. У гэтым жа бачыць сэнс сваёй грамадзкай працы і Дыяна Гумбар.

(Гумбар: ) "Я так думаю, што кожнаму з нас, хто сюды прыехаў, трэба ня толькі працаваць і вучыцца, а думаць і пра тое, што пакінеш пасьля сябе. Трэба думаць, што можна стварыць, бо ёсьць вялікі патэнцыял і пакуль ён не выкарыстоўваецца. Нават у паўсядзённым жыцьці трэба заўсёды клапаціцца пра тое, як прадстаўляць сваю нацыянальнасьць перад іншымі. Трэба мець такое адчуваньне, што вось мы – беларусы, мы ў іншай краіне, але мы адчуваем сябе прыналежнымі да сваёй нацыі".

Са зьместам маладзёвай старонкі вы можаце пазнаёміцца на сайце газэты “Беларус”, адрас у інтэрнэце: www.bielarus.org.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG