Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Недзяржаўнай газэце “Віцебскі кур''ер” загадалі “вызваліць памяшканьне”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Рэдакцыі і тэхнічным работнікам дадзена распараджэньне да 10-га ліпеня пакінуць будынак культурна-дзелавога цэнтру ААТ “КІМ”, бо дамова пра арэнду памяшканьня ў ім скасаваная. Дырэктар выдавецкага дому назваў гэта інфармацыйнай зачысткай перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2006.

Дырэктар выдавецкага дому “Віцебскі кур''ер” Валеры Іскібаеў паведаміў, што папярэджаньне пра скасаваньне дамовы пра арэнду ён атрымаў спачатку ад намесьніцы дырэктара Культурна-дзелавога цэнтру Марыны Раманоўскай, а пасьля і ад кіраўніцтва Адкрытага акцыянэрнага таварыства “КІМ”.

Гэтае прадпрыемства, як было сказана ў абедзьвюх афіцыйных паперах, ня ў стане ўтрымліваць трохпавярховы будынак з самай вялікай глядзельнай заляй у Віцебску, і таму яго перадаюць на балянс гарадзкога аддзелу культуры, а новы гаспадар хоча разьмясьціць у сваім будынку замест недзяржаўнай газэты дзіцячую студыю выяўленчага мастацтва.

Валеры Іскібаеў мяркуе, што газэту высяляюць, з аднаго боку, нібыта і законна, бо аддзел культуры ня мае права здаваць памяшканьні ў арэнду. Але, з другога боку, пазбаўленьне памяшканьня адзінага ў горадзе недзяржаўнага выданьня выглядае зусім не выпадковым.

(Іскібаеў: ) "“Віцебскі кур''ер” тут знаходзіцца з 1992 году, і ніколі ніякіх прэтэнзіяў да нас не было. Наадварот, мы заўсёды дапамагалі цэнтру – і грашыма, і інфармацыйна. Канечне, я зьвязваю гэта з “зачысткай” інфармацыйнае прасторы напярэдадні “лёсавызначальнага” 2006 году".

Цяпер Валеры Іскібаеў вымушаны займацца пошукамі новага памяшканьня для газэты. Прычым ён пэўны, што гэтыя пошукі будуць нялёгкія, бо зьмясьціць на сваіх плошчах недзяржаўную газэту асьмеліцца ня кожны ўласьнік.

Між тым далёка ня ўсё тыя арганізацыі, што арандавалі пакоі ў культурна-дзелавым цэнтры, атрымалі загады пра немінучае высяленьне. Да прыкладу, паверхам ніжэй, якраз пад цяперашнімі пакоямі “Віцебскага кур''ера”, знаходзіцца офіс транспартнае агенцыі Станіслава Ляхоўскага, дэпутата віцебскага гарсавету, які пра скасаваньне арэнды для “Віцебскага кур''ера” пачуў упершыню. Але падзяліцца сваімі меркаваньнямі пра лёс недзяржаўнай газэты спадар Ляхоўскі адмовіўся.

(Ляхоўскі: ) “Мне такая папера не прыходзіла. І інтэрвію я даваць не хачу, калі шчыра сказаць”.

Зрэшты, дэпутат гарсавету сказаў, што ён ня супраць падтрымаць "Віцебскі кур''ер", і нават паспрыяць у пошуках новага памяшканьня, калі пра гэта папросяць ягоныя выбарцы. Праўда, паўтарыць гэта дзеля дыктафоннага запісу Станіслаў Ляхоўскі адмовіўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG