Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Скрабец галадуе ў Берасьцейскім ізалятары 30-ы дзень


Уладзімер Глод, Менск Сёньня 30-ы дзень галадоўкі лідэра дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргея Скрабца. З моманту затрыманьня, а гэта здарылася раніцай 15 траўня, калі былы дэпутат выйшаў з дому, каб паплаваць у басэйне, ён п’е толькі ваду й трымае галадоўку. Такім чынам Скрабец пратэстуе супраць арышту й абвінавачаньняў на свой адрас, якія ён лічыць беспадстаўнымі. З 15 траўня экс-парлямэнтар знаходзіцца ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары, у камэры, дзе, апрача яго, яшчэ пяць асобаў. Што вядома пра жыцьцё Сяргея Скрабца за кратамі?

Адпаведную інфармацыю я маю выключна ад людзей, якія наведваюць вязьня (гэта ў першую чаргу ягоны адвакат Міхаіл Хоміч), а таксама ад яго блізкіх – роднага брата, бацькоў, жонкі.

У камэры Сяргей Скрабец штодня робіць гімнастыку. Тут трэба сказаць, што цяга да спорту ў яго зь дзяцінства. Сяргей, калі быў дэпутатам, рэгулярна бегаў кросы, плаваў, у юнацтве займаўся спартовым дужаньнем. Праплысьці тры кілямэтры безь перадыху для яго – звычайная рэч.

У лісьце да жонкі былы парлямэнтар напісаў, што ягоныя суседзі ў камэры – інтэлігентныя людзі, што там ёсьць тэлевізар, што ён чытае Быкава й Караткевіча. А ў пятніцу, 10 чэрвеня, Сяргей Скрабец, калі адвакат паведаміў яму, што зь яго малодшага брата зьнятая падпіска аб нявыезьдзе, папрасіў Аляксандра набыць тоё-сёе. Гаворыць Аляксандар Скрабец:

(Аляксандар Скрабец :) “Ён прасіў набыць лямпу ад камароў. Ёсьць такія лямпы, так званыя таблеткі, яе ўключаеш, і камары разьбягаюцца”.

(Карэспандэнт: ) “Хіба ў камэры ёсьць камары?”

(Аляксандар Скрабец :) “Высьвятляецца, што ёсьць, так бы мовіць, палітычныя камары. Ну, і яшчэ кніжку Чэхава яму трэба купіць. Ён прасіў Чэхава набыць абавязкова”.

Як высьвятляецца, былы дэпутат і за кратамі ня толькі чытае клясыкаў, але й сам не пакідае ліры. У вязьніцы, зразумела, тэма свабоды робіцца найважнейшай. І вось якія радкі перадаў адтуль Сяргей Скрабец:

Когда стою я на распутье, Когда сжимают горло прутья, И руки за моей спиной, И выбор только лишь за мной,

Я не готов платить свободой За крохи с барского стола. Я не готов платить свободой За деньги, званья, ордена.

Я заплатил своей свободой За дерзость правду говорить. Я заплатил своей свободой, Чтобы хоть что-то изменить.

Нам дали все, что мы хотим, Нам с вами – нищему народу. Нам дали все, что мы хотим, Забрали только лишь свободу.

Быть на свободе несвободным, Рабами каменной свободы... Быть на свободе несвободным -- Вот выбор нашего народа!

Спэцыялісты з галадаваньня прызнаюць, што сур’ёзныя пагрозы для жыцьця галадоўніка могуць пачацца ўжо на трэцім тыдні галадоўкі. Тым часам дактары зь Берасьцейскага сьледчага ізалятару, якія аглядалі экс-дэпутата на 27-ы дзень галадоўкі, палічылі стан здароўя Скрабца “здавальняючым”. Магчыма, што тут адыграла сваю ролю адмысловая Сяргеева падрыхтоўка. Рэч у тым, што ён ужо больш за 10 гадоў цікавіцца спосабамі пахудзеньня й галадаваньня. Двойчы, здаецца, у 1997 і 1999 гадох ён быў у Тыбэце, дзе бачыў, як займаюцца гэтымі праблемамі будысты. Ён шмат ведае пра гэта. Але, як мне падаецца, гэта ўсё ж вельмі рызыкоўная справа. І бацькі, і жонка Сяргея Скрабца зьвярталіся да яго з просьбамі спыніць галадаваньне. Але пакуль ён гэтага ня робіць. Адвакат Міхаіл Хоміч пасьля кансультацыяў з лекарамі таксама прасіў экс-дэпутата перагледзець сваё рашэньне. Апошні раз на гэтую тэму яны размаўлялі ў пятніцу. І вось як адвакат расказвае пра тое, чым скончылася іхная гутарка:

(Хоміч:) “Ну, вось так. Сказаў, што будзе галадаць да канца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG