Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд абвясьціў прысуд – па тры гады "хіміі" (абноўлены)


Любоў Лунёва, Менск Тры гады абмежаваньня волі – такі прысуд вынес судзьдзя Леанід Ясіновіч у крымінальнай справе Міколы Статкевіча і Паўла Севярынца. Паводле абвінавачаньня, яны арганізавалі дэманстрацыі 18 і 19 кастрычніка на знак пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму, у часе правядзеньня якіх нібыта адбываліся масавыя беспарадкі. Суд улічыў, што ў часе сьледзтва была абвешчана амністыя. Таму Мікола Статкевіч і Павал Севярынец адбываць пакараньне будуць ня тры гады, а два.

У суд Цэнтральнага раёну Менску прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек на знак салідарнасьці зь Міколам Статкевічам і Паўлам Севярынцам. Сярод іх былі кіраўнікі апазыцыйных партыяў, лідэр сацыял-дэмакратычнай партыі Швэцыі Урбан Алін, прадстаўнік швэдзкай амбасады Ян Шадэк і прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў. Міколу Статкевіча прывезьлі ў суд пад аховай.

24 траўня суд арыштаваў апазыцыйнага палітыка за непавагу да суду. На знак пратэсту Мікола Статкевіч абвясьціў галадоўку. Сёньня ён зноў адмовіўся ўстаць перад судзьдзём, і той выдаліў яго з судовай залі.

Павал Севярынец выступіў з прамовай. Ён заявіў, што выступае дзеля таго, каб дакумэнтаваць усе паказаньні ў судовай справе. Ён упэўнены, што справа ў хуткім часе будзе перагледжана і што ніякага крыміналу ў ягоных дзеяньнях няма. Скончыў Павал Севярынец прамову цытатай з Эвангельля: “Якім судом судзіце, такім і вас судзіць будуць”.

Міколу Статкевіча прывезьлі ў суд на абвяшчэньне прысуду. Судзьдзя Леанід Ясіновіч не зрэагаваў на тое, што апазыцыйны палітык не ўстае. Прысуд — тры гады абмежаваньня волі, а з улікам амністыі, два гады — Мікола Статкевіч заслухаў седзячы. Ён так пракамэнтаваў прысуд Радыё Свабода:

(Статкевіч: ) “Гэта палітычная расправа і, мабыць, ня першая палітычная расправа над канкурэнтамі Лукашэнкі. Гэты працэс будзе працягвацца, і раблю ўсё магчымае, радыкалізуючы сытуацыю, прыцягваючы ўвагу, каб перашкодзіць працэсу вынішчэньня патэнцыйных канкурэнтаў Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах. Я буду працягваць галадоўку, пакуль ня выйду на свабоду. Безумоўна, я не прызнаю гэты суд, бо суду тут няма. Гэта палітычная расправа”.

Міколу Статкевіча будуць трымаць пад вартай да 3 чэрвеня. Паплечнікі прасілі яго спыніць галадоўку. Але ён заявіў, што да заканчэньня арышту ня будзе прымаць ежы. Мікола Статкевіч схуднеў і выглядаў стомленым.

Павал Севярынец паведаміў Радыё Свабода, што іншага прысуду не чакаў:

(Севярынец: ) “Выконваецца палітычны прысуд. Гэта абсалютна відавочна. Мяркую, што ўлада імкнецца даць абмежаваньне волі тым людзям, якія здольныя вывесьці людзей на вуліцу. Але Аляксандра Рыгоравіча і ягоную каманду чакае глыбокае расчараваньне. За апошні час зьявілася шмат новых лідэраў, якія гатовыя выводзіць людзей на вуліцу. Перш за ўсё я маю на ўвазе “Малады фронт”, кіраўніцтва якога надала новае дыханьне гэтай арганізацыі. Сам суд — гэта акцыя запалохваньня, але гэтым фактычна нікога цяпер не напалохаеш у Беларусі. Гэта значыць, што Аляксандар Лукашэнка ўжо прайграў”.

Намесьнік старшыні сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Алесь Арыстовіч паведаміў Радыё Свабода, што прысуд стаў істотным ударам па партыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

(Арыстовіч: ) “Статкевіч заявіў пратэст таму, што адбываецца ў гэтай дзяржаве, супраць гэтай “элегантнай” перамогі Аляксандра Лукашэнкі на так званым рэфэрэндуме. Мы зробім усё магчымае, каб нашага сябра, лідэра нашай партыі абараніць ад таго, што будзе спрабаваць рабіць рэжым — пазбаўленьня кантактаў і простай чалавечай спагады. Мы будзем разам зь ім і дапаможам, чым толькі магчыма”.

Сябра “Эўрапейскай кааліцыі” лідэр партыі “Надзея” Валянціна Матусевіч дадала:

(Матусевіч: ) “Удзельнікі “Эўрапейскай кааліцыі” падтрымліваюць Міколу Статкевіча. Мы ўжо атрымалі лісты ў падтрымку нашага лідэра ад сацыял-дэмакратычных партыяў Чэхіі, Польшчы, Нямеччыны. Партыя эўрапейскіх сацыялістаў на сваім паседжаньні прыняла зварот у падтрымку Міколы Статкевіча”.

Сябры “Маладога фронту” заявілі Радыё Свабода, што будуць ладзіць вулічныя акцыі пад лёзунгамі вызваленьня палітвязьняў. Сябры сталай нарады дэмакратычных сілаў 1 чэрвеня будуць разглядаць пытаньне аб тым, каб уключыць прозьвішча судзьдзі Леаніда Ясіновіча ў сьпіс так званых “невыязных” чыноўнікаў.

***

Мікола Статкевіч шмат кім разглядаўся як магчымы ўдзельнік прэзыдэнцкіх выбараў у 2006 годзе, аб намеры ўдзельнічаць у перадвыбарчай кампаніі заяўляў і сам палітык.

Цяпер гэта, хутчэй за ўсё, ня спраўдзіцца – паводле артыкулу 60 Выбарчага кодэксу “кандыдатамі ў прэзыдэнты, а таксама ў дэпутаты ня могуць быць вылучаныя грамадзяне, якія ў адпаведнасьці з заканадаўствам ня могуць займаць пасады ў дзяржаўным апараце ў сувязі з незьнятай і непагашанай судзімасьцю”.

Паводле артыкулаў 97 і 98 Крымінальнага кодэксу пагашэньне судзімасьці можа адбыцца не раней сканчэньня тэрміну пакараньня, а зьняцьцё судзімасьці – не раней завяршэньня паловы тэрміну пакараньня пасьля адбыцьця пакараньня.

Гл. таксама • Прысуд М.Статкевічу і П.Севярынцу камэнтуюць палітыкі і праваабаронцы • Як людзі на вуліцах ставіцца да прысуду М.Статкевічу і П.Севярынцу?
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG