Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікола Статкевіч абвясьціў галадоўку пратэсту


Любоў Лунёва, Менск Працягваецца суд над Міколам Статкевічам і Паўлам Севярынцам. Іх абвінавачваюць у арганізацыі дэманстрацыяў 18 і 19 кастрычніка мінулага году, у часе правядзеньня якіх нібыта адбываліся масавыя беспарадкі. Міколу Статкевіча дастаўляюць у суд пад аховай, бо судзьдзя Леанід Ясіновіч арыштаваў яго на дзесяць сутак за непавагу да суду. Мікола Статкевіч абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць зьневажальных умоваў утрыманьня пад вартай.

Міколу Статкевіча прывезьлі ў суд у 10 раніцы. Калі ўвайшоў судзьдзя, на заклік “Устаць! Суд ідзе!” апазыцыйны палітык зноў не падняўся са свайго месца. Судзьдзя Леанід Ясіновіч выдаліў яго з судовай залі.

14 траўня Міколу Статкевіча суд арыштаваў на дзесяць сутак за тое, што ён адмовіўся адказваць на пытаньні і ўставаць перад судом. На патрабаваньне судзьдзі лідэра сацыял-дэмакратаў прывозяць у суд штодня раніцай і ў выпадку выдаленьня з судовай залі — у 14 гадзінаў. Жонка Міколы Статкевіча Валянціна зьвярнулася ў пракуратуру са скаргай на дзеяньні міліцыянтаў.

(Статкевіч: ) “Мала таго, што майго мужа судзяць ні за што, дык зь яго яшчэ і зьдзекуюцца. Цяпер яго возяць то на Акрэсьціна, то ў міліцыю, то ў суд… Учора, напрыклад, ён увесь дзень галадаў, бо нават ежы не прапанавалі. У іх у камэры знаходзяцца інфэкцыйныя хворыя з падазрэньнем на дызэнтэрыю. Я лічу, што гэта папросту зьдзек”.

Мікола Статкевіч лічыць, што супрацоўнікі міліцыі і спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка адмыслова стварылі для яго невыносныя ўмовы існаваньня. Ён распавёў Радыё Свабода, што спачатку яго доўгі час трымалі ў камэры, што ў дзяжурнай частцы міліцыі, а потым доўгі час вазілі ў так званым “аўтазаку” па менскіх вуліцах. Толькі ўначы Міколу Статкевіча прывезьлі ў спэцпрыёмнік на вуліцу Акрэсьціна:

(Статкевіч: ) “У камэры яшчэ пяць чалавек. Усе яны не адзін раз пабывалі ў калёніях, але людзі спакойныя. Сярод іх ёсьць адзін хворы на дызэнтэрыю. Майго досьведу афіцэра, які вазіў салдат з поўначы ў пустыню на стрэльбы, хапае, каб ведаць, што гэта за хвароба. Яго не шпіталізуюць, а чалавеку вельмі кепска. Ужо ўсе прыкметы абязводжваньня. Ён ляжыць пластом. У мяне такое ўражаньне, што жывога хворага чалавека выкарыстоўваюць як бактэрыялягічную зброю, каб аказаць уціск на мяне, каб пагрозай заражэньня прымусіць мяне зьмяніць свае паводзіны і г.д. Я ня ведаю, што мне рабіць. Па-сутнасьці, у мяне ёсьць адзіны сродак спыніць гэты зьдзек з чалавека — абвясьціць галадоўку. Гэта зьдзек з чалавечнасьці, калі жывога чалавека выкарыстоўваюць як бактэрыялягічную бомбу”.

На думку Паўла Севярынца, паказаньні сьведкаў на судзе не паўплываюць належным чынам на фармулёўку прысуду.

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька, якога 19 кастрычніка зьбілі амонаўцы ў часе затрыманьня, даваў паказаньні ў якасьці сьведкі.

(Лябедзька: ) “Пракуратура высоўвае тыя абвінавачаньні, якіх не было ў прыродзе. Наколькі я ведаю, у справе няма ніводнага звароту ад менчукоў, якія жывуць на праспэкце Скарыны, на вуліцы Энгельса, што ім нехта перашкаджаў. Па-другое, перакрыцьцё вуліцы — поўны абсурд. Кожны дзень трапляю ў сытуацыю, калі не магу выехаць на праспэкт Скарыны толькі таму, што Аляксандар Рыгоравіч у гэты час выяжджае са сваёй рэзыдэнцыі. Але ж пракуратура не распачынае крымінальную справу з-за таго, што перакрыты дарожны рух на 5—10 хвілінаў”.

26 траўня ў судзе будуць глядзець відэаматэрыялы, падрыхтаваныя міліцыяй і спэцслужбамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG