Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве пачынаецца фэстываль “Магутны Божа”


Марыя Ўсьціновіч, Магілеў 24 траўня ў Магілёве пачнуцца мерапрыемствы міжнароднага штогадовага фэстывалю духоўнай музыкі і сьпеваў “Магутны Божа”. Ён праводзіцца ў абласным цэнтры 13-ы раз.

У сёлетнім фэстывалі “Магутны Божа” возьме ўдзел больш за паўтысячы удзельнікаў і гасьцей з усіх абласьцей Беларусі, з Расеі, Украіны, Польшчы, Нямеччыны і ЗША, як паведамляе управа культуры Магілёўскага гарвыканкаму. Фэстываль працягнецца 5 дзён, і ў архікатэдральным касьцёле Небаўзяцця Найсвяцейшай Дзевы Марыі, канцэртных залях і адкрытых пляцоўках Магілёва будуць праходзіць канцэрты духоўнай музыкі. Праслаўленьне Бога – асноўная тэма магілёўскага сьвята музыкі.

Фэстываль “Магутны Божа” ствараўся як экумэнічны: у ім бяруць удзел прадстаўнікі ўсіх хрысьціянскіх канфэсіяў: католікі, праваслаўныя і пратэстанты. Але ініцыятарам і заснавальнікам фэстывалю з”яўляецца Магілёўская каталіцкая парафія.

Асновай ідэі магілёўскага фэстывалю стаў рэлігійны гімн “Магутны Божа” на словы Натальлі Арсеньневай і музыку Міколы Равенскага. 13 гадоў таму фэстываль пачынаўся на хвалі дэмакратыі і нацыянальнага адраджэньня, яго гасьцямі калісьці былі Зянон Пазьняк і Юры Хадыка.

Тады фэстываль рабілі грамадзкія актывісты, энтузіясты і там была асаблівая адраджэнская атмасфэра. А потым фэстываль узяла ў свае рукі улада: спачатку “вертыкаль” забараніла канцэрт беларускіх рок-гуртоў, паступова ўзяла пад кантроль увесь фэстываль і цяпер фінансуе яго і арганізуе разам з касьцёлам. І гэта сытуацыя зьмяніла ягоны твар.

Гавораць даўнія прыхільнікі фэстывалю “Магутны Божа” Міхась Раманаў і Алена Барысава.

(Барысава: ) “Гэта было яднаньне людзей розных веравызнаньняў, розных узростаў. Цяпер гэтага няма, зараз гэта проста канцэрты. Я не магу казаць, што гэта кепскія канцэрты, але гэта канцэртныя нумары, гэта не фэстываль”.

(Раманаў: ) “Канечне, цяпер фэстывалі адрозніваецца ад тых, якія былі раней. Можа, у іх менш ідэі, але я бачу, што людзі спяваюць “Магутны Божа” і я спадзяюся, што будуць спяваць яго і надалей. І гэта добра для горада Магілёва і Беларусі”.

Сёлета ўсе чакаюць сольнага канцэрту нямецкага арганіста Томаса Херцера. Летась упершыню і з вялікім поспехам на фэстывалі выступіла сьпявачка з ЗША Кока Ёрк і цяпер усе цікавяцца выступленьнем новага госьця са Штатаў сьпевака Кларэнса Боера.

Сёлета ўпершыню ў гісторыі фэстываля будзе прадстаўлена тэатральная пастаноўка: рэспубліканскі цэнтар беларускай драматургіі пакажа спэктакль па п”се Андрэя Курэйчыка “П”емонцкі зьвер”.

А сёньня ў межах фэстывалю адбудзецца адкрыцьцё выставы ў музэе гісторі горада “Хрысьціянская спадчына Магілёва”, а ўвечары пройдзе сольны канцэрт Нацыянальнага акадэмічнага вялікага тэатра оперы. Таксама ўвечары ў цэнтры горада на плошчы Зорак магілёўцаў чакае канцэрт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG