Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябры “Эўрапейскай кааліцыі” ушанавалі памяць салдатаў, якія вызвалялі Менск


Любоў Лунёва, Менск Каля трох дзесяткаў прадстаўнікоў “Эўрапейскай кааліцыі” правялі 8 траўня ўрачысты мітынг на вайсковых могілках у Менску. Яны ўсклалі кветкі на магілы невядомых салдатаў, а таксама на магілу героя Савецкага Саюза старэйшага лейтэнанта Барыса Акрэсьціна. Нягледзячы на тое, што людзі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі, супрацоўнікі міліцыі нікога не затрымалі.

На вайсковых могілках сябры “Эўрапейскай кааліцыі”, у якую ўваходзяць сацыял-дэмакратычная партыя, жаночая партыя “Надзея”, Малады Фронт, аб’яднаньне прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” ды іншыя, пабудавалі калёну і прайшлі па алеі ўздоўж магілаў салдат Айчынай вайны. Людзі трымалі бел-чырвона-белыя сьцягі і сьцягі сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада”. На магілы паклалі кветкі.

Ля помніка Невядомаму салдату адбыўся мітынг. Лідэр сацыял-дэмакратаў Мікола Статкевіч выступіў перад прысутнымі:

(Статкевіч: ) “Мы шануем памяць тых, хто прынёс вызваленьне, хто аддаў усё за тое, каб мы былі вольнымі. На жаль, нашу краіну называюць апошняй дыктатурай Эўропы. На жаль, кіраўніцтва нашай краіны замест таго, каб скарыстацца гэтай датай, каб заклікаць нацыю да адзінства, працягвае абвінавачваць, працягвае палітыку нянавісьці, расколу грамадзтва, працягвае спэкуляваць на ахвярах і пакутах нашага народу. Ствараецца такая сытуацыя, што Беларусі патрэбна другое вызваленьне. У нас ёсьць прыклад мужнасьці, адвагі і абавязку, які даюць нам нашы дзяды. Яны аддалі свае жыцьці, каб Беларусь была вольнай, каб пачварная ідэалёгія фашызму згінула”.

Вячаслаў Сіўчык дадаў:

(Сіўчык: ) “Я, калі рос у менскім двары, на наш дом было толькі сем франтавікоў. Гэта тыя, людзі якія ваявалі на фронце і пралівалі сваю кроў. Я памятаю са свайго дзяцінства, як франтавікі “ганялі” “тылавікоў”, як яны іх называлі. На вялікі жаль, яны ўсе ўжо памерлі. Але ж цяпер у маім доме франтавікоў стала значна больш, чым 30 гадоў таму. З мэдалямі… Толькі адзінага не хапала ў свой час – мужнасьці, каб змагацца за наш народ, не хапала мужнасьці быць на фронце. Я думаю, што праўда пра Вялікую Айчынную вайну яшчэ дойдзе да беларусаў”.

Вячаслаў Сіўчык згадаў злачынствы НКВД і заклікаў ушанаваць памяць людзей, якія загінулі ў барацьбе і з фашызмам, і з бальшавізмам.

(Сіўчык: ) “Мы ніколі не павінны забывацца, што ў Беларусі былі людзі, якія змагаліся і з фашызмам і з камунізмам. У 1942 годзе гестапа расстраляла ксяндза Гадлеўскага. Ён і ягоныя прыхільнікі цудоўна разумелі, што ніякі таталітарызм – ні савецкі, ні нацысцкі – ня ёсьць будучыняй беларускага народу”.

Сьвятар сп. Акаловіч прачытаў малітву. Пасьля мітынгу Мікола Статкевіч заклікаў усіх пакласьці кветкі яшчэ на адну магілу – лётчыка-героя, старэйшага лейтэнанта Барыса Акрэсьціна. Ён на сваім самалёце ўрэзаўся ў калёну фашысцкіх танкаў. Барыс Акрэсьцін загінуў, калі яму быў усяго 21 год. Паводле Міколы Статкевіча, знаходжаньне сумнавядомага спэцпрыёмніка-разьмеркавальніка на вуліцы, якая носіць імя гэтага героя, нясправядлівае.

Міліцыянты ў цывільным і ў форме стаялі побач зь мітынгоўцамі. Яны ня сталі выклікаць АМОН. Калі мітынг завяршыўся, яны ветліва разьвіталіся і сышлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG