Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбыўся круглы стол у праблемах наступстваў чарнобыльскае катастрофы


Севярын Квяткоўскі, Менск Мерапрыемства зладзіў “Фонд спрыяньня лякальнаму разьвіцьцю”, адным з кіраўнікоў якога ёсьць Аляксандар Мілінкевіч. Прызнаньне ўладамі забруджаных тэрыторыяў чыстымі, выраб малочных прадуктаў з сыравіны, атрыманай на забруджаных тэрыторыях, і выкарыстаньне чарнобыльскай праблемы ў прапагандысцкіх мэтах — вось тэмы круглага стала.

Запрошаныя чыноўнікі зь Дзяржкамчарнобылю да круглага стала не далучыліся. У сустрэчы ўзялі ўдзел навукоўцы і прадстаўнікі недзяржаўных грамадзкіх арганізацыяў.

Прафэсар Іван Нікітчанка — аўтар праекту вытворчасьці чыстых прадуктаў для жыхароў чарнобыльскае зоны. Навуковец перакананы, што практычна ўся Беларусь ёсьць зонай бедзтва. У якасьці прыкладу спадар Нікітчанка прывёў вынікі экспэрымэнту на паўночным захадзе Беларусі: у Смаргонскім і Астравецкім раёнах. Там былі ўзятыя пробы мяса бычкоў. Пробы выявілі павышаны ўзровень утрыманьня радыянуклідаў. Што да зьняцьця з забруджаных тэрыторыяў статусу небясьпечных, прафэсар Нікітчанка мяркуе наступнае:

(Нікітчанка: ) “Захады да зьняцьця статусу чарнобыльскай тэрыторыі ня маюць пад сабою аніякай асновы. І ў будучыні, калі зьменіцца ўлада, гэтыя людзі за ўсё адкажуць. Адкажуць па судзе, і будуць шукаць, з чаго кампэнсацыі плаціць”.

Іван Нікітчанка цьвердзіць, што прызнаньне некаторых забруджаных тэрыторыяў чыстымі ставіць пад пагрозу здароўе ня толькі мясцовых жыхароў, але ўсіх тых, хто будзе спажываць харчы, вырашчаныя на названых тэрыторыях.

Актывістка гомельскай арганізацыі “Ініцыятыва” Галіна Скараход прыводзіць факты вырабу малочных прадуктаў на тэрыторыях, якія былі прызнаныя забруджанымі паводле стану на сьнежань 2004 году:

(Скараход: ) “Па нацыянальнай тэлевізіі быў паказаны сюжэт, маўляў, на сёньня ўсе гаспадаркі, якія выраблялі радыяактыўнае малако, пераспэцыялізаваныя на вытворчасьць мяса. Малочныя статкі замененыя на мясныя. У мяне ў руках пералік населеных пунктаў, якія знаходзяцца ў зоне радыяцыйнага кантролю. Калі я ўзяла ў рукі хойніцкую раёнку “Ленінскі сьцяг”, я ўбачыла сьпіс знаёмых гаспадарак, якія пастаўляюць стронцыевае малако”.

Галіна Скараход назвала беларусаў ахвярамі “паказухі” і “фальшывых сацыяльных гарантыяў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG