Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары заражанай вёскі: “Мы, як каларадзкія жукі, — адаптаваліся да радыяцыі”


Марыя Ўсьціновіч, Чэрыкаўскі раён 26 красавіка спаўняецца 19 гадоў з дня чарнобыльскай катастрофы. Моцна пацярпела ад радыяцыі Магілёўская вобласьць: траціна яе забруджаная радыянуклідамі, цяпер на гэтай тэрыторыі жыве больш за 130 тысяч чалавек. Што праз 19 гадоў пасьля Чарнобылю думаюць жыхары забруджаных раёнаў пра радыяцыю і яе ўплыў на здароўе? Зь вёскі Вусьце Чэрыкаўскага раёну перадае наша карэспандэнтка.

Вёска Вусьце на Чэрыкаўшчыне пацярпела ад чарнобыльскай аварыі, узровень радыяцыі тут каля 10 кюры, гэта зона з правам на адсяленьне.

Частка жыхароў сапраўды зьехала зь вёскі ў больш чыстыя мясьціны, іх хаты стаяць парожнія, з чорнымі вачніцамі. Вялікі клюб, калісьці гордасьць вёскі, цяпер зарастае дрэвамі, і каменныя рабочы і калгасьніца стаяць каля паўразбуранага будынку прывідамі мінулага часу. Прадавачка вясковай крамы Аксана лічыць, што радыяцыя загубіла яе родную вёску.

(Аксана: ) “Калі стала гэтая радыяцыя, тады шмат людзей павыехала, і сталі развальвацца фермы. Людзі разьяжджаюцца, кідаюць свае хаты і двары, і ўсё. І вымірае, вёска вымірае”.

Жыхары забруджанай вёскі лічаць, што радыяцыя шкодзіць здароўю. Таму, гавораць сяляне, яны ня могуць забыцца на радыяцыю.

(Спадарыня: ) “Можа, хто забыўся, а хто і не. Каму адчуваецца, той ведае, што ён хворы чалавек. Радыяцыя ўплывае на ўсё”.

(Іншая спадарыня: ) “Пастаіш так дзень, папрацуеш — і млявасьць у нагах, і галава баліць. Мне падаецца, што гэта ад радыяцыі”.

(Спадар: ) “А як радыяцыя пайшла, людзі паміраюць. Ня буду казаць, што пэнсіянэры, а моладзь памірае”.

Пэнсіянэры Вусьця лічаць, што ім ад радыяцыі бегчы не выпадае — стрэс ад перамены месца жыхарства, лічаць яны, яшчэ горшы за радыяцыю. Іншая справа дзеці. У спадарыні Галіны трое дзяцей, і вось што яна гаворыць пра ўплыў радыяцыі:

(Галіна: ) “Уплывае, шчытавідкі павялічаныя ў дзяцей, гемаглябін нізкі. Уплывае на ўсё, канечне. Мы ўжо да гэтага прызвычаіліся”.

Маладых людзей найперш хвалюе добрая праца і заробак, яны мала думаюць пра радыяцыю і яе шкодны ўплыў на здароўе.

(Спадар: ) “Прызвычаіліся, забыліся тут усё, усё абыякава”.

(Іншы спадар: ) “Мы, як тыя жукі каларадзкія, — адаптаваліся і ўсё, прызвычаіліся. Жывём, і жывём нармалёва”.

Каго вінаваціць у чарнобыльскай трагедыі, жыхары Вусьця ня ведаюць. За 19 гадоў тыя падзеі сьцёрліся і забыліся. Адзінае, што кажуць тут — шкада, што гэта здарылася зь імі, што Чарнобыль зламаў лёс роднай вёскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG