Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія студэнты правялі жалобную акцыю ў Доме Польскім імя Яна Паўла ІІ


Браніслава Станкевіч, Віцебск Незалежна ад уласнага веравызнаньня, гэтыя маладыя людзі запалілі сьвечкі перад партрэтам Яна Паўла ІІ, каб аддаць яму даніну памяці ды павагі. Наша віцебская карэспандэнтка таксама пабывала ў Доме Польскім.

На жалобную акцыю ў Дом польскі прыйшлі маладыя людзі з розных віцебскіх навучальных устаноў. Бальшыня зь іх – гэта сябры моладзевай суполак “Новая плынь” і “Маладая Грамада”, але не палітычны і не рэлігійны фактары сталіся падставаю для гэтага ўчынку, бо ўшанаваць памяць Яна Паўла ІІ прыйшлі і каталікі, і пратэстанты, і праваслаўныя. Пра тое, што іх прывяло сюды, гавораць яны самі.

(Хлопец: ) "Тут прысутнічаюць і каталікі, і праваслаўныя, бо гэта – сапраўдны душэўны парыў, і ўсе мы – людзі, бо ходзім па адной зямлі”.

(Другі хлопец: ) "Тут ёсьць прадстаўнікі розных грамадзкіх арганізацыяў, аб''яднаньняў. Але гэта ня ёсьць нейкай грамадзкай акцыяй, а хутчэй проста моладзевай, студэнцкай ініцыятывай. Мы хацелі проста ўшанаваць памяць гэтага вялікага чалавека".

(Трэці хлопец: ) “Я не паехаў у Рым, бо ў мяне няма такіх грошай. Павага да асобы былога папы прывяла мяне сюды. Я лічу, што для сьвету хрысьціянскага ён быў надзвычай вялікай асобай, ён шмат зрабіў у тым ліку і для славянаў, і мы, беларусы, славяне таксама".

Маладыя людзі ўсклалі кветкі да партрэта Яна Паўла ІІ, зьмешчанага на адмысловым стэндзе, запалілі каля яго сьвечкі. А потым кожны меў магчымасьць сказаць самыя шчырыя словы ўспамінаў. Гаворыць кіраўнічка Дому польскага Аліцыя Галустава:

(Галустава: ) “15-га жніўня 2001-га году мы пераехалі ў гэты будынак, пачалі тут працаваць, а 9-га лістапада быў дазвол Ватыкану, што наш дом можа насіць імя Яна Паўла ІІ. У суботу Ян Павал памёр, і ад гэтых словаў у мяне нібыта мароз па ўсім целе праходзіць, бо для нас гэта вельмі блізкі, родны чалавек. І, я думаю, нічога дзіўнага ў тым няма, што ўвесь сьвет так успрымае ягоную сьмерць. Бо ён вельмі многа зрабіў для ўсяго сьвету. Ён зрабіў неверагоднае. Гэта дух сьвяты выбраў яго для нас".

Спадарыня Аліцыя кажа, што Ян Павал ІІ хутчэй за ўсё ведаў пра тое, што віцебскі Дом польскі носіць ягонае імя, і такім чынам, на Беларусі захавалася цалкам матэрыяльная памяць пра гэтага чалавека. А ў працоўным кабінэце Аліцыі Галуставай вісіць партрэт Яна Паўла ІІ, які ў мінулы чацьвер, калі стала вядома пра ягоны цяжкі стан, сюды прынёс мастак Юры Лук''янаў. У суботу на рагу ягонай рамкі зьявілася чорная жалобная стужка.

8-га красавіка, у дзень пахаваньня Яна Паўла ІІ, у віцебскіх касьцёлах, як і па ўсёй Беларусі, будуць зьвінець жалобныя званы, адбудзецца жалобная імша. А Дом польскі мяркуе арганізаваць грамадзкі прагляд цырымоніі пахаваньня, наладзіўшы спадарожнікавую антэну на прыём польскага тэлебачаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG