Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Гомельшчыне паводкі значна меншыя, чым летась


Казімер Яноўскі, Гомель У Гомельскай вобласьці прагнозы на вялікую паводку не спраўджваюцца. У адрозьненьне ад першачарговых прагнозаў паводка на Гомельшчыне носіць цяпер даволі спакойны характар. Разводзьдзе прынесла сюрпрызы толькі некаторым жыхарам Добрушу.

У райцэнтры Добруш ад паводкі на рацэ Харапуць церпяць жыхары завулку Пралетарскі. Сям`ю Рабковых мясцовыя выратавальнікі мусілі перапраўляць на працу на лодцы. Пра прычыну працяглага падтапленьня дамоў і сядзібаў у Пралетарскім завулку распавядае тамтэйшая жыхарка Тамара Веркіна. Сядзіба ейнае дачкі таксама церпіць ад веснавой вады.

(Веркіна: ) “Нам дастаецца больш за ўсіх ад вады. І цяпера яна ёсьць. Хата дачкі, лазьня, хляўчук – усё заліта вадою. Шлюзы на Харапуці закрыюць, бо там, ніжэй па цячэньні, начальнікі жывуць. Туды ня ўлазь. Шлюзы адкрыць нельга, туды вада пройдзе, іх падтопіць. А мы жыві, як хочаш”.

Паводле яе, жыхары завулку Пралетарскі прасілі мясцовыя ўлады засьцерагчы іх жытло ад паводкі.

(Веркіна: ) “Прасілі ўсіх пабудаваць нам дамбу. Ня хочуць. Мы пэнсіянэры, і нас ужо ня чуюць. Слава богу, што шлюзы хоць адкрылі”.

Адкрытыя шлюзы на Харапуці зьменшылі прыток вады да жытла жыхароў Пралетарскага завулку.

Тым часам на Палесьсі, на рацэ Прыпяць у межах Петрыкаву, вада перавысіла небясьпечны ўзровень. Аднак не на шмат. Таму ў навакольных вёсках падтоплены толькі каля чатырох дзесяткаў падворкаў.

Прыкладна такая ж сытуацыя і на рацэ Ўбарць у Лельчыцкім раёне.

Гідролягі сьцьвярджаюць, што максымальныя ўзроўні вады ў басэйне Прыпяці ўжо сфармаваліся. І нейкай вялікай бяды ад разводзьдзя ужо не прадбачыцца.

Магчымы пад`ём вады толькі ў рэках Сож і Дняпро пасьля таго, як наступіць разводзьдзе ў Расеі, на Смаленшчыне, дзе бярэ пачатак шэраг беларускіх рэк. Аднак да нейкай надзвычайнай сытуацыі справа наўрад ці дойдзе.

Хто ж тады прагназаваў сёлета вялікія паводкі на Гомельшчыне? Пра гэта пытаюся ў загадчыцы аддзелу гідралёгіі абласной гідрамэтэаслужбы Вольгі Калугінай.

(Калугіна: ) “Гэта, відаць, давала міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Гэта ня мы. Мы такога прагнозу не давалі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG