Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“New York Times”: У чым розьніца паміж Акаевым і Лукашэнкам


Ул. інф. Цягам першых дзесяці гадоў пасьля распаду СССР дэмакратыя замацавалася ў большасьці постсавецкіх краін толькі фармальна. “За выключэньнем прыбалтыйскіх дзяржаў – Латвіі, Літвы і Эстоніі, якія сёньня ўжо ўвайшлі ў склад Эўразьвязу – новыя палітычныя эліты і лідэры, якія ўсплылі на паверхню з постсавецкага бязладзьдзя, шмат казалі пра дэмакратыю, але схітраліся зрабіць так, што гэтая дэмакратыя дазваляла ім як мага даўжэй заставацца ля ўлады”, піша газэта New York Times ў артыкуле “Эпідэмія народных паўстаньняў на постсавецкай прасторы”. Палітолягі мяркуюць, што вынік супрацьстаяньня ўладам у былых савецкіх рэспубліках шмат у чым залежыць ад гатоўнасьці ўлады ўжыць сілу.

“У Грузіі ў лістападзе 2003-га, праз год – на Ўкраіне, і вось цяпер ў Кыргызстане падспуднае незадавальненьне вырвалася вонкі, і здарылася немагчымае: улада, якая страціла давер народу, была зрынутая мірным шляхам”, піша New York Times. “Самае цікавае – наколькі хутка абрыналася гэтая ўлада, сутыкнуўшыся з дэманстрантамі, якія змагаліся за правы, што былі абяцаныя ім пасьля збаўленьня ад савецкага прыгнёту: права на свабоду слова, права абіраць сваіх прадстаўнікоў, права марыць пра лепшае жыцьцё, пра якое столькі гадоў казалі кіраўнікі, вельмі часта не падмацоўваючы словы справамі”.

Лідэрам апазыцыі і нават некаторым прадстаўнікам улады ў іншых постсавецкіх краінах падзеі, якія пачаліся ад зьвяржэньня Эдуарда Шэварднадзэ ў Грузіі і працягнуліся неверагодна моцным рухам пратэсту супраць сфальшаваных выбараў ва Ўкраіне, уяўляліся нечым накшталт эпідэміі, якая распаўсюджвалася імгненна і непрадказальна.

Прэзыдэнт Аскар Акаеў, які ўзначальваў Кыргызстан больш за трынаццаць гадоў пасьля абвяшчэньня незалежнасьці, уцёк з кіргіскай сталіцы, калі натоўп дэманстрантаў, што пратэставалі супраць сфальшаваных, на іх думку, выбараў, узяў штурмам урадавыя будынкі, а падразьдзяленьні сіл бясьпекі разьбегліся, хто куды. “Мяркуючы па ўсім, Акаеў, як і Шэварднадзэ і Кучма, быў перакананы, што дзяржаўная ўлада мае права кіраваць намінальна дэмакратычным выбарчым працэсам, прасоўваючы патрэбных кандыдатаў”, зазначае New York Times і працягвае: “Будучыня пакажа, ці распаўсюдзіцца дэмакратычная “эпідэмія” на постсавецкія краіны. У Беларусі і Туркмэністане, да прыкладу, ужо фактычна ўсталяваліся дыктатарскія рэжымы – там улады падаўляюць палітычную апазыцыю і “закручваюць гайкі” у большасьці сфэраў грамадзкага жыцьця. Сапармурат Ніязаў прымусіў парлямэнт абвясьціць яго пажыцьцёвым прэзыдэнтам, Аляксандар Лукашэнка летась арганізаваў рэфэрэндум, які дазваляе яму пераабірацца на пасаду кіраўніка дзяржавы да бясконцасьці”.

Палітоляг Андранік Мігранян, прафэсар Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў, лічыць, што вынік процістаяньня уладам у былых савецкіх рэспубліках шмат у чым залежыць ад гатоўнасьці ўлады ўжыць сілу. Лідэры, якія толькі намінальна падавалі сябе ў якасьці дэмакратаў, нязьменна выяўляюць няздольнасьць утрымацца ля ўлады дэмакратычнымі сродкамі. “Альбо вы няўхільна ўжываеце сілу і ліквідуеце апазыцыю, альбо саступаеце ўладу іншым – трэцяга ня дадзена”, сьцьвярджае Мігранян. “Розьніца паміж Акаевым і Лукашэнкам у тым, што Акаеў больш дэмакратычны. І ён прайграў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG