Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Раінчык будзе напаўняць 75% эфіру беларускай музыкай


Ігар Карней, Менск Паўнамоцтвы на стварэньне Дзяржаўнага прадусарскага цэнтру, які мусіць аб’яднаць найлепшыя творчыя кадры дзеля насычэньня радыё– і тэлеэфіру на 3/4 беларускай музыкай, перададзены ад Міністэрства інфармацыі да Міністэрства культуры. Як стала вядома, базай для цэнтру абраны Моладзевы Тэатар эстрады, дзе мастацкім кіраўніком вядомы раней па выступах у ансамблі “Верасы” кампазытар Васіль Раінчык.

Ініцыятыва стварэньня Дзяржаўнага прадусарскага цэнтру належыць намесьніку міністра інфармацыі Сяргею Булацкаму. Аднак цяпер спадар Булацкі не без шкадаваньня гаворыць, што рэалізацыя праекту перададзена ад Міністэрства інфармацыі да Міністэрства культуры.

(Булацкі: ) “Гэта цяпер іх прэрагатыва, і яны ствараюць прадусаркі цэнтар, з дапамогай Васіля Раінчыка. Але адназначна, што Міністэрства культуры цяпер гэтым займаецца і ў іх кампэтэнцыі ўсё, што тычыцца гэтага праекту”.

На задуму Міністэрства культуры, прадусарскі цэнтар мусіць аказваць дзяржаўную падтрымку — перадусім маладым выканаўцам. Як сказалі ва ўпраўленьні мастацтваў згаданага міністэрства, “Цэнтар будзе пасярэднікам паміж вытворцамі прадукцыі і іх спажыўцамі”, маючы права рэкамэндаваць лепшыя творы дзеля трансьляцыі на радыё і тэлебачаньні. Лідэр этнагурту “Юр’я” Юры Выдронак адзначае, што ідэя тычыцца вельмі вузкага кола артыстаў эстраднага жанру, якія наўрад ці могуць рабіць надвор’е на музычным рынку.

(Выдронак: ) “Калі яны насамрэч хочуць вырашыць гэтую праблему, то гэта зусім ня простая справа. Гэта ёсьць прыкладам намэнклятурнай камэрцыі, калі людзі атрымліваюць грошы за нейкія праекты. І, самі разумееце, хто атрымлівае грошы ад дзяржавы, робіць вельмі дужа фармалізму. А хто спрабаваў гэта зрабіць самастойна (і ў чым тут праблема палягае ўвогуле), то ён ня мае ні дастатковай дапамогі, ні матэрыяльнага апякунства”.

Дзяржаўны прадусарскі цэнтар будзе створаны на базе Моладзевага тэатру эстрады, які, на думку Міністэрства культуры, мае ня толькі адпаведную базу, але і канцэртную залю, дзе гатовы прадукт можна паказаць са сцэны. Варта згадаць, што колісь Васіль Раінчык, якому цяпер прапанавана ўзначаліць гэтую структуру, ужо меў прадусарскі цэнтар свайго імя і нават спрабаваў паставіць вытворчасьць айчынных зорак на канвэер. Паказальна, што ў самім тэатры пра падобную ініцыятыву нават ня чулі. Што да Раінчыка, то ў прыёмнай сказалі, што застаць яго на працоўным месцы практычна немагчыма.

(Супрацоўніца тэатру: ) “А хто гэта вырашыў?”

(Карэспандэнт: ) “Міністэрства культуры…”

(Супрацоўніца тэатру: ) “У нас ніякіх на гэты конт распараджэньняў. Тэатар увогуле нічога ня ведае. Калі толькі асабіста Раінчык гэтым камандуе. Але яго на месцы няма, і ўвогуле яго скрайне рэдка можна застаць на месцы”.

Прадстаўнікі FM-радыёстанцыяў, якія ў пэрспэктыве мусяць стаць асноўнымі спажыўцамі прадукцыі Дзяржаўнага прадусарскага цэнтру, досыць скептычна ўспрымаюць тое, што адбываецца вакол спробаў перавесьці эфір на беларускі матэрыял, які мала чым адрозьніваецца ад расейскага.

(Супрацоўнік радыё: ) “Ня думайце, што гэта зрабілі самі радыёстанцыі, “угаварыўшы” Міністэрства інфармацыі ўвесьці такі нарматыў. Міністэрства, шчыра кажучы, ня вельмі і раілася з радыёстанцыямі з гэтай нагоды. Таму, натуральна, усім нам цяпер вельмі цяжка”.

Далучанае да максымальнага насычэньня беларускага FM-эфіру творамі мясцовых выканаўцаў Міністэрства культуры пайшло нават далей за першапачатковыя пляны: прапанавана абмеркаваць магчымасьць увядзеньня 75% квоты на беларускую музыку ў дыскатэках і начных клюбах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG