Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На закрытай сустрэчы ў Вільні эўрапейцы вырашалі, колькі грошай выдзеліць Беларусі


Тацяна Поклад, Вільня У Вільні адбыўся двухдзённы сэмінар, арганізаваны Эўрапейскай Камісіяй разам з урадам Літвы дзеля абмеркаваньня фінансавай дапамогі Беларусі з боку Эўразьвязу.

Гэты закрыты сэмінар на вышэйшым узроўні, на які былі запрошаныя і прадстаўнікі беларускіх недзяржаўных арганізацыяў, адбыўся у Вільні паводле прапановы міністра замежных спраў Літвы Антанаса Валёніса.

У сэмінары брала удзел Бэніта Фэрэра-Валднэр, сябра Эўрапейскай Камісіі, адказная за замежныя сувязі і палітыку з суседзямі Эўразьвязу.

Эўрапейскі камісар сказала, што гэта “новы імпульс для супольнасьці міжнародных донараў у памкненьні аб’яднаць высілкі, каб дапамагчы Беларусі даць рады праблемам, зь якімі сутыкаецца гэтая краіна.”

Бэніта Фэрэра-Валднэр сказала беларускай службе Радыё Свабода:

(Фэрэра-Валднэр: ) “Вядома, палітыка суседзкіх дачыненьняў звычайна прадугледжвае так званы Плян дзеяньняў Эўразьвязу для падтрымкі дэмакратыі у Беларусі. Мы маем такія пляны з Украінай і Малдовай. На жаль, зь Беларусьсю мы ня можам мець гэткі Плян дзеяньняў – няма умоваў, якія б нас аб’ядноўвалі. Але нашая стратэгія ясна акрэсьленая: з аднаго боку, мы будзем працаваць дзеля насельніцтва Беларусі, з жыхарамі Беларусі – мы хацелі б не забывацца пра іх. З другога боку, мы будзем працаваць дзеля грамадзянскай супольнасьці. Гэта нашая стратэгія. Няма неабходнасьці мець адмысловы Плян дзеяньняў для гэтага”.

Мэта віленскага сэмінару – палепшыць каардынацыю у справах дапамогі Эўразьвязу і іншых донараў дзеля дэмакратызацыі Беларусі, дзеля яе жыхароў і грамадзянскай супольнасьці.

(Фэрэра-Валднэр: ) “Недзяржаўныя арганізацыі, сродкі масавай інфармацыі могуць зьвяртацца са сваімі прапановамі паводле існуючай працэдуры, якая насамрэч вельмі добра наладжаная. Я асабіста адчуваю адказнасьць за кожны цэнт зь бюджэту Эўрапейскага Зьвязу. Мы маем 5 мільёнаў эўра, якія могуць быць выкарыстаныя гэткім шляхам адпаведна дзьвюм праграмам, апрача ТАСІС, для якой вылучана сёлета яшчэ 12 мільёнаў – гэта для беларускага насельніцтва, для жыхароў Беларусі”.

Эўрапейскі камісар Бэніта Фэрэра-Валднэр у Вільні таксама сустрэлася з прэзыдэнтам Літвы Валдасам Адамкусам, прэм''ер-міністрам Альгірдасам Бразаўскасам, старшынём Сойму Артурасам Паўлаўскасам, міністрам замежных спраў Літвы Антанасам Валёнісам.

Асноўнай тэмай усіх гэтых сустрэчаў была палітыка эўрапейскага дабрасуседзтва, дачыненьні з суседзямі Эўразьвязу, – Беларусьсю і Украінай.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG