Лінкі ўнівэрсальнага доступу

М.Статкевіч: зьезд пакажа, “хто былы, а хто не”


Алесь Дашчынскі, Менск Мікола Статкевіч зьбірае зьезд БСДП(Народная грамада), які павінен адбыцца напрыканцы гэтага тыдня па патрабаваньні больш чым 70 працэнтаў раённых і гарадзкіх камітэтаў партыі. Такім чынам, хваляваньні ў шэрагах сацыял-дэмакратаў яшчэ не скончыліся. Што гэта будзе за зьезд і які парадак дня будзе запрапанаваны?

Найперш я хачу адзначыць такую дэталь, што абодва палітыкі – Мікола Статкевіч і Анатоль Ляўковіч – запатрабавалі, каб я іх называў старшынём БСДП (Народная грамада).

Дык вось, паводле Міколы Статкевіча, у статуце партыі ёсьць такая норма, па якой трэцяя частка гарадзкіх і раённых камітэтаў можа запатрабаваць правядзеньне нечарговага зьезду. На гэты момант 67 гарадзкіх і раённых камітэтаў выказаліся за яго правядзеньне. Эўрапейская сацыял-дэмакратыя таксама накіруе на яго сваіх прадстаўнікоў. Паводле спадара Статкевіча, там будзе добра бачна, “хто былы, а хто не”. Зьезд партыі склікае аргкамітэт, які складаюць прадстаўнікі рэгіёнаў, сам Мікола Статкевіч у яго не ўваходзіць.

(Статкевіч: ) “Зьезд праводзіць не Статкевіч, не Ляўковіч, не ЦК, не бюро – гэта самы легітымны спосаб скліканьня зьезда. Гэта патрабаваньне рэгіянальных арганізацый. Усе на яго запрошаныя. Больш за 70 працэнтаў выказалася, прыедзе яшчэ болей, таму што частка, якая там не сабралася, у канфлікце, але гэта бясспрэчна, партыя стаіць на рэгіёнах. Таму што тое, што адбылося ў студзені, у нас разглядаюць як зьезд берасьцейскай сацыял-дэмакратычнай партыі, бо там была Берасьцейская вобласьць і яшчэ крыху там зь Менску. Партыя сапраўды хоча сабрацца і разабрацца з гэтай сытуацыяй. Калі пастаўлена пад сумненьне маё лідэрства ў гэтай партыі, то хай зьезд прагаласуе, хто старшыня”.

На парадак дня, які прапануе аргкамітэт, вынесены пытаньні пра сытуацыю вакол партыі, выбары кіраўніцтва і вызначэньне прэтэндэнта на пасаду адзінага кандыдата ў прэзыдэнты.

Ці прымуць удзел у гэтым зьезьдзе другі старшыня БСДП (Народная грамада) Анатоль Ляўковіч і ягоныя прыхільнікі? Мікола Статкевіч асабіста прапанаваў спадару Ляўковічу ўзяць удзел у аб’яўленым зьезьдзе Народнай грамады, і паабяцаў вылучыць яго кандыдатуру на пасаду старшыні. Аднак Анатоль Ляўковіч заявіў, што ў гэтым зборы ўдзелу ня возьме. Ён абяцае накіраваць туды цэнтральную рэвізійную камісію, якая дае кваліфікацыю тым ці іншым партыйным мерапрыемствам. Такім чынам, канфлікт яшчэ не заціх, пагаджаецца Анатоль Ляўковіч.

(Ляўковіч: ) “Гэты працэс працягваецца ў сілу анталёгіі прыроды Мікалая Віктаравіча. Гэты чалавек хоча быць вечным старшынём. Я ня супраць, хай ён будзе старшынём, але ён ня можа ўжо па вызначэньні быць старшынём БСДП (Народная грамада). Калі ён праводзіць зьезд па ўтварэньні новай партыі, гэта яго, як грамадзяніна, справа. А калі ён заяўляе што ён праводзіць зьезд БСДП (НГ), то прабачце, беспартыйны чалавек, які выключаны з партыі, гэтага рабіць ня можа. Праўда, ён тут хітра кажа, што ня ён праводзіць, а арганізацыйны камітэт. Але ёсьць статут, па якім жыве партыя. Згодна са статутам, тое, што ён там зьбірае – гэта ня ёсьць зьезд. Я больш чым упэўнены, што на гэтым зьезьдзе будзе паўтары дзесятка сяброў партыі, а астатнія будуць людзі прывезеныя хто адкуль”.

Нагадаю, што ў мінулыя выходныя было аб’яўлена пра тое, што 19 сакавіка апанэнты Міколы Статкевіча правядуць аб’яднаўчы зьезд з БСДГ Станіслава Шушкевіча. Ці застаецца ў сіле гэтая ініцыятыва? Анатоль Ляўковіч цьвердзіць, што партыі рыхтуюцца да гэтага аб’яднаньня, працэс ідзе дынамічна, але “па жыцьці ўсялякае бывае”. Мікола Статкевіч ставіцца да аб’яднаньня сацыял-дэмакратаў станоўча, але перад гэтым партыю павінны пакінуць людзі, якія замінаюць гэтаму працэсу.

(Статкевіч: ) “У мяне такое ўражаньне, што сябры БСДП (НГ), якія сышлі там у 2000 годзе з-за байкоту выбараў, зараз аб’ядноўваюцца зь сябрамі партыі, якія рэальна ўжо знаходзяцца ў працэсе сыходу з партыі, хаця ім там міністэрства юстыцыі, мабыць, пасьведчаньне аб рэгістрацыі можа і аддаць. Яны сыходзяць з-за таго, што яны ня згодныя з эўрапейскай стратэгіяй партыі і хочуць падтрымаць прамаскоўскага кандыдата. Вось зараз яны аб’ядноўваюцца – дзьве апазыцыі дзьвюх партыяў”.

Гэта было меркаваньне Міколы Статкевіча. Дарэчы, дзесятка, якая складае дзейную нараду апазыцыйных партый і рухаў, так і ня вызначыла, хто ў яе шэрагах павінен прадстаўляць БСДП (Народная грамада).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG