Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Мілінкевіч: беларусам перашкаджае толькі пачуцьцё слабасьці


Сяргей Астраўцоў, Горадня 21 лютага ў Горадні зьбяруцца мясцовыя лідэры партыяў, якія ўваходзяць у кааліцыю “5+”. Папярэдне вядома, што яны маюць вызначыць дату правядзеньня абласнога Кангрэсу дэмакратычных сілаў. Мяркуецца, што ўдзельнікі кангрэсу назавуць кандыдатуру чалавека, які будзе прэтэндаваць на ролю адзінага кандыдата ад апазыцыі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

Як вядома, першапачаткова кандыдатаў вылучаюць палітычныя партыі. Пакуль што названы кандыдатуры сталічных палітыкаў, а з рэгіянальных лідэраў у гэтым сьпісе толькі гарадзенец Аляксандар Мілінкевіч. Яго вылучылі дзьве партыі – “зялёныя” і БНФ. Мілінкевіч працуе у “Фондзе спрыяньня лякальнаму разьвіцьцю”.

Аляксандар Мілінкевіч кіраваў выбарчай кампаніяй Сямёна Домаша на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах. Домаш таксама быў адзіным рэгіянальным дзеячам, які ўдзельнічаў у кампаніі. Экспэрты гаварылі, што ён выглядаў моцным кандыдатам, яго падтрымалі рэгіёны ўсёй Беларусі. Аднак адзінага кандыдата ад апазыцыі ў вузкім коле вызначалі пяцёра прэтэндэнтаў, і яны абралі тады Ганчарыка. Меркаваньне Аляксандра Мілінкевіча:

(Мілінкевіч: ) “Домаш сапраўды быў мацнейшы, таму што ў яго былі структуры ў рэгіёнах – у 97 гарадах. У Домаша быў пазытыўны і нэгатыўны рэйтынг лепшы, чым у іншых, і подпісаў за ягонае вылучэньне сабралі больш, чым у іншых. Спрацаваў папросту нейкі эгаістычны прынцып – пры зачыненых дзьвярах вырашылі, што Ганчарык больш прыдатны для тых, што галасавалі”.

Аляксандар Мілінкевіч зазначае, што памылка мінулай кампаніі не павінна паўтарыцца. Адзінага кандыдата ад апазыцыі будзе вызначаць Кангрэс дэмакратычных сілаў. Гэта плянавалася і на мінулых выбарах, але не было зроблена.

Паўстае пытаньне: на што можа быць спадзяваньне ў апазыцыі на наступных прэзыдэнцкіх выбарах? Аляксандар Мілінкевіч досыць цьвяроза ацэньвае тое, якой можа быць будучая прэзыдэнцкая кампанія. Вось што ён сам гаворыць пра гэта:

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што ва ўсіх сур’ёзных людзей, хто працуе ў грамадзкіх ці палітычных арганізацыях, няма сумневу ў тым, што сапраўдных выбараў ня будзе. Лічыць галасы пасьля выбараў улада ня стане, яна папросту прызначыць прэзыдэнта. І мэта самая галоўная – у кампаніі ад дзьвярэй да дзьвярэй, каб абысьці як мага больш насельніцтва, і каб гэтае насельніцтва адчула, што нас большасьць, і адчула, што адзіны кандыдат – ён прыстойны і дастойны чалавек, і што за яго можна пайсьці”.

Спадар Мілінкевіч зазначае, што дзякуючы такой працы “ад дзьвярэй да дзьвярэй” мінулым разам рэйтынг Сямёна Домаша ўзьняўся з нуля болей як да 20 адсоткаў. Аляксандар Мілінкевіч перакананы ў наступным:

(Мілінкевіч: ) “І калі мы такі настрой пазытыўны выпрацуем у час выбараў, пачуцьцё сілы ў людзей, то ёсьць шанец, што яны выйдуць бараніць свой выбар, як было ў іншых краінах”.

Аляксандар Мілінкевіч лічыць, што беларусам перашкаджае толькі пачуцьцё слабасьці. Таму, калі ў час кампаніі ўдасца яго пераадолець і ў людзей будзе сфармавана пачуцьцё перамогі, тады будзе рэальны шанец перамагчы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG