Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Атрымаць працоўнае месца можа ўсяго адна жанчына зь дзесяці”


Міхал Стэльмак, Салігорск У Салігорску тысячы жанчын пакутуюць ад беспрацоўя. Спробы мясцовага Жаночага руху, паводле яго актывістак, дамагчыся ад уладаў зьмены сытуацыі натыкаюцца на чэрствасьць салігорскіх чыноўнікаў.

Кожны дзень Салігорскі цэнтар занятасьці наведваюць асобы, якія ня маюць працы і разьлічваюць, што гэтая ўстанова, дапаможа ім. Большасьць наведнікаў – жанчыны. Як паведаміла мне адна зь іх, Аксана Ісаеня, візыты ў цэнтар занятасьці, альбо, як тут кажуць, на “біржу”, як правіла, безвыніковыя:

(Ісаеня: ) “Я стаю на біржы ў нас у Салігорску. Калі мне прапаноўваецца нейкая праца, то з акладам ад 40 тысяч рублёў да 80 тысяч. Гэтых грошай хопіць толькі на аплату жыльлёва-камунальных паслугаў. Прынамсі, нават калі прапануецца вакансія, то гэта ня азначае, што жанчына атрымае працу. Адміністрацыя прадпрыемства зьвяртае ўвагу на ўзрост. І тых, каму больш як 35 гадоў, як правіла, ня бяруць. У пятніцу я пайшла да старшыні Салігорскага гарвыканкаму па дапамогу ў працаўладкаваньні, але яго падначалены заявіў мне, што мэр па пытаньнях працаўладкаваньня ня прымае, таму што для гэтага існуе біржа”.

Ці пагаджаюцца з такім меркаваньнем салігорскія чыноўнікі? У мясцовым гарвыканкаме мне пацьвердзілі, што пытаньні працаўладкаваньня сапраўды трэба вырашаць пры дапамозе цэнтра занятасьці. Маўляў, там ведаюць, дзе патрэбныя працоўныя рэсурсы і ў якой колькасьці. Кіруе цэнтрам Ганна Макарэвіч. Дык вось, яна ня лічыць, што ў Салігорску праблема жаночага беспрацоўя мае востры характар:

(Макарэвіч: ) “Шукаюць сабе больш падыходзячую працу. Усё залежыць ад самога чалавека, ад яго спэцыяльнасьці і гэтак далей. Але рабочыя спэцыяльнасьці мы працаўладкоўваем нядрэнна. Кожны наймальнік, ня толькі “Белкалій”, хоча мець добрых спэцыялістаў – з працоўным досьведам. А жанчыны адзінокія і жанчыны, што маюць шмат дзяцей, наагул карыстаюцца абаронай дзяржавы. Усе хочуць працаўладкавацца ў “Белкалій”. У іх ёсьць такое права. А мы ня маем права зьняць іх з уліку. Мы прапануем, а яны адмаўляюцца”.

Такім чынам, беспрацоўныя і асобы, што змагаюцца з беспрацоўем, сапраўды маюць наконт пытаньня працаўладкаваньня ў Салігорску досыць розныя меркаваньні. Тым часам статыстыка сьведчыць, што зараз у Салігорскім цэнтры занятасьці стаіць на ўліку каля 750 жанчынаў. Сярод іх – шмат асобаў з вышэйшай адукацыяй. Зрэшты, як паведаміла мне каардынатарка мясцовага Жаночага руху Ларыса Насановіч, да гэтай статыстыкі трэба ставіцца крытычна:

(Насановіч: ) “Рэч у тым, што гэтыя лічбы не адлюстроўваюць рэальнага беспрацоўя ў горадзе. Зараз на ўлік з выплатай дапамогі ставяць толькі тых, хто быў звольнены не па ўласным жаданьні – патрапіў пад скарачэньне альбо прадпрыемства збанкрутавала. Астатніх могуць наагул ня ставіць. Але нават калі жанчына пастаўлена на ўлік, то атрымаць працоўнае месца можа ўсяго адна жанчына з дзесяці, якія маюць патрэбу. Рэальнае становішча такое, што шмат жанчын беспрацоўных і яны спрабуюць уладкавацца самастойна, не зьвяртаючыся да паслуг цэнтра занятасьці. Многія настолькі расчараваныя ў ім, што ўжо не зьвяртаюць на яго ўвагі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG