Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірак у чаканьні парлямэнцкіх выбараў


Юры Дракахруст, Прага У гэтую нядзелю ў Іраку адбудуцца парлямэнцкія выбары, сотні кандыдатаў прэтэндуюць на 275 месцаў у Нацыянальнай асамблеі. Узброеная апазыцыя спрабуе сарваць выбары, узмацняючы кампанію гвалту і запалохваньняў, ірацкія ўлады і сілы кааліцыі прымаюць надзвычайныя меры бясьпекі.

Ужо сёньня дзесяткі тысячаў іракцаў, што жывуць за мяжой, пачалі галасаваць. Галасаваньне адбываецца ў 14 краінах, дзе жыве прыкладна 280 тысячаў іракцаў.

У самім Іраку напярэдадні дня галасаваньня паўстанцы імкнуцца сарваць выбары. На мінулым тыдні яны рабілі больш за 100 нападаў кожны дзень. Ахвярамі гэтых нападаў робяцца ў першую чаргу самі іракцы – паліцэйскія, супрацоўнікі службаў бясьпекі, чыноўнікі, простыя людзі.

Паўстанцы пагражаюць жыцьцю сябраў выбарчых камісіяў, кандыдатаў, і тых, хто пойдзе да выбарчых скрыняў. Шмат хто з кандыдатаў вёў кампанію, не раскрываючы сваё імя. Месцазнаходжаньне большасьці выбарчых участкаў дагэтуль трымаецца ў сакрэце і будзе абвешчанае ў апошні момант, каб зьнізіць пагрозу нападаў.

Напярэдадні выбараў быў павялічаны амэрыканскі вайсковы кантынгент: са 135 тысячаў да 150 тысячаў. На тры дні закрытыя межы краіны, працягнутая даўжыня камэнданцкай гадзіны.

Сотні кандыдатаў не спалохаліся пагрозаў з боку экстрэмістаў, для такіх кандыдатаў галасаваньне 30 студзеня – шлях да новага Іраку. Гаворыць незалежны кандыдат Ханаа Эдвардс, кіраўнічка сеткі шпіталёў:

(Эдвардс: ) “Для мяне галоўная мэта майго вылучэньня – гэта Канстытуцыя. Канстытуцыя азначае, што мы самі вызначаем палітычную, эканамічную і сацыяльную сыстэмы нашай краіны і нашага грамадзтва”.

Нацыянальная асамблея, якая будзе абраная 30 студзеня, абярэ прэзыдэнта, які прызначыць урад. Да 15 жніўня прэм’ер-міністар павінен унесьці ў Нацыянальную асамблею праект Канстытуцыі, на 15 кастрычніка прымеркаваны рэфэрэндум па Канстытуцыі.

Новыя ўлады будуць мець дастаткова шырокія паўнамоцтвы – прынамсі, прэм’ер-міністру будуць падпарадкоўвацца усе сілавыя структуры краіны.

Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш днямі заявіў, што калі новыя ўлады Іраку запатрабуюць, каб амэрыканскія войскі сышлі, яны сыдуць. “Але мне падаецца, што большая частка кіраўніцтва Іраку разумее, што патрэба ў кааліцыйных войсках будзе захоўвацца да таго часу, пакуль іракцы ня будуць у стане абараняць саміх сябе”, заўважыў Джордж Буш.

Апроч бясьпекі, яшчэ адной важнай перасьцярогай, зьвязанай зь нядзельнымі выбарамі, зьяўляюцца паводзіны розных этнічных і рэлігійных абшчынаў. Нават кіраўнік часовага ірацкага ўраду Аяд Аляўі выказаў меркаваньне, што выбары, магчыма, адбудуцца не па усёй краіне. Але рэгіёны, дзе адсутнасьць бясьпекі можа перашкодзіць правядзеньню выбараў – гэта пераважна раёны, населеныя сунітамі. Да таго ж, значная часта палітычных лідэраў сунітаў заклікала да байкоту выбараў. Гаворыць адзін з такіх палітыкаў, суніцкі рэлігійны дзеяч Маед Аль-Адмані:

(Адмані: ) “Выбары ня будуць сапраўднымі і справядлівымі, і яны ня будуць прызнаныя ўсімі. Байкот абвешчаны не з прычыны саміх выбараў, а з прычыны абставінаў, у якіх яны праводзяцца. Ірацкі народ не гатовы да выбараў. Калі 5 абласьцей ня ўдзельнічаюць у выбарах – такія выбары несапраўдныя”.

Разам з тым некаторая частка суніцкіх палітыкаў усё ж удзельнічае ў выбарах, напрыклад – былы міністар замежных справаў Іраку Аднан Пачачы. Ён гаворыць:

(Пачачы: ) “Мы ўсе іракцы, і незалежна ад нашай этнічнай і рэлігійнай прыналежнасьці мы – адзіны народ. У нашым сьпісе кандыдатаў ёсьць і суніты, і шыіты, і курды, і туркмэны – усе унесеныя ў сьпіс”.

Найбольшая яўка чакаецца ў раёнах, населеных курдамі, тым часам як найменшая – сярод сунітаў. Гэты дысбалянс можа прывесьці да таго, што органы ўлады, сфармаваныя такім чынам, ня будуць прадстаўнічымі.

Меркаваньне такіх крытыкаў дакладна сфармуляваў у артыкуле ў сёньняшнім нумары “Гардыян” вядомы палітоляг Цімаці Гартан Эш. “Дэмакратыю не прынесьці пры дапамозе адных выбараў. Шыіты пад кіраўніцтвам аяталы Аль-Сістані заклікаюць насельніцтва Іраку ўдзельнічаць у выбарах, на якіх шыіты спадзяюцца перамагчы і ўзяць уладу ў Іраку. Але дэмакратыя – гэта не тыранія большасьці. Суніты і курды не пагодзяцца з намерамі шыітаў. У лепшым выпадку, у Іраку гэта выльецца ва ўзброеныя сутыкненьні паміж рознымі этнічнымі групоўкамі”, піша Цімаці Гартан Эш.

Але, як казаў суайчыньнік Эша Ўінстан Чэрчыль, “дэмакратыя – гэта найгоршы спосаб кіраваньня. Але астатнія – яшчэ горш”. Магчыма, маючы на ўвазе менавіта гэта, прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў на гэтым тыдні:

(Буш: ) “Я захапляюся мужнасьцю іракцаў. Я мяркую, што выбары стануць вялікім момантам у гісторыі Іраку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG