Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня праходзіць інаўгурацыя прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша


Віталь Цыганкоў, Прага Сёньня ў Вашынгтоне ў абстаноўцы самых строгіх захадаў бясьпекі пройдзе цырымонія інаўгурацыі (увядзеньня на пасаду) прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша. Крытыкі ўжо абвінавачваюць адміністрацыю Буша ў неапраўдана высокіх выдатках на гэтую цырымонію.

Джордж Буш будзе прыведзены да прысягі на прыступках будынку Кангрэса ЗША на Капіталійскім узгорку прыблізна а сёмай гадзіне паводле беларускага часу. Пасьля кароткай прамовы прэзыдэнт на аўтамабілі накіруецца ў Белы дом. Паводле традыцыі, за прэзыдэнцкім картэжам будзе ісьці сьвяточны парад, паглядзець які зьбяруцца праўдападобна тысячы чалавек.

Учора на вечарыне, якая традыцыйна папярэднічае інаўгурацыі, Буш заявіў:

(Буш: ) "Я зь нецярпеньнем чакаю магчымасьці прамовіць да ўсёй краіны і ўсяго сьвету, і вось што я хачу сказаць. Я скажу – тут, у Амэрыцы, мы любім свабоду, і кожны ў сьвеце заслугоўвае быць свабодным".

Прамова прэзыдэнта пасьля прысягі традыцыйна вызначае галоўныя стратэгічныя накірункі дзейнасьці новай адміністрацыі.

Тым часам гарадзкія ўлады Вашынгтона паведамілі, што насуперак сталай традыцыі адміністрацыя Буша адмаўляецца кампэнсаваць гораду большую частку выдаткаў, зьвязаных з цырымоніяй інаўгурацыі. Таму Вашынгтону давядзецца затраціць на цырымонію 12 мільёнаў даляраў з гарадзкога бюджэту, залічыўшы гэтыя грошы паводле артыкулу расходаў на нацыянальную бясьпеку. Сярод ўрачыстасьцяў, які працягнуцца 4 дні – салют, і 9 баляў. Арганізатары заяўляюць, што патрацяць на гэта 40 мільёнаў даляраў, якія будуць фінансаваныя коштам спонсараў.

Падрабязнасьці пра інаўгурацыю слухайце ў эфіры і чытайце пазьней на нашым сайце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG