Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Расеі запатэнтаваныя чарговыя “Песьняры”


Ігар Карней, Менск 12 студзеня кіраўніку ансамблю “Песняры” Ўладзімеру Мулявіну споўнілася б 64 гады. Стала вядома, што ў Маскве заснаванае таварыства з абмежаванай адказнасьцю “Песьняры”, візытоўкай якога будзе музыкант Аляксандар Дзямешка. Такім чынам, колькасьць калектываў, якія карыстаюцца адным з самых вядомых брэндаў, вырасла. Крытыкі называюць сытуацыю са зьяўленьнем усё новых “песьняроўскіх” адгалінаваньняў “тэатрам абсурду”.

Цяпер “песьняроўскім” брэндам карыстаюцца чатыры калектывы, якія паралельнымі курсамі гастралююць пераважна па Беларусі, Расеі ды Ўкраіне. Перадусім гэта дзяржаўны ансамбаль “Песьняры” пад кіраўніцтвам Валерыя Скаражонка. Далей — “Беларускія Песьняры” былога паплечніка Мулявіна, Уладзіслава Місевіча. Наступны — калектыў экс-дырэктара “Песьняроў” Ігара Сьвечкіна, які год таму сышоў ад Скаражонка. І, нарэшце, толькі што запатэнтаванае ў расейскім прадпрыемстве інтэлектуальнай уласнасьці “Роспатент” ТАА “Песьняры”, дзе, як лічаць многія крытыкі, збольшага “тытульнай фігурай” абраны музыка аднаго зь першых “песьняроўскіх” складаў Аляксандар Дзямешка.

Варта зазначыць, пакуль што бяз справы застаўся Лявон Барткевіч, якога рашэньнем кіраўніцтва фірмы “Адмірал”, пад якую і заснаванае ТАА “Песьняры”, напярэдадні вывелі з маскоўскага ансамблю. А значыць, гіпатэтычна на сьвет могуць зьявіцца і пятыя “Песьняры” на чале з Барткевічам.

Паказальна, што практычна ўсе калектывы паміж сабой варагуюць. І толькі напярэдадні дня нараджэньня кіраўніка колісь адзіных “Песьняроў”, Уладзімера Мулявіна, было вырашана інтэграваць дзьве з чатырох частак ад некалі знакамітага ансамблю — дзяржаўны ансамбаль “Песьняры” і расейскае новаўтварэньне. Аднак праанансаваная прэсавая канфэрэнцыя так і не адбылася. Чаму — патлумачыў музычны кіраўнік дзяржаўнага ансамблю Вячаслаў Шарапаў.

(Шарапаў: ) “Прыехалі сёньня нашыя маскоўскія сябры, але знойдзена яшчэ некалькі фактаў вельмі цікавых, якія трэба будзе вывучыць. Таму хочам усё падсумаваць, бо факты вельмі цікавыя. І ўжо потым выйсьці да журналістаў зь яшчэ больш цікавай інфармацыяй”.

Пад “цікавай інфармацыяй”, як лічаць некаторыя адмыслоўцы, хутчэй за ўсё, маюцца на ўвазе зьвесткі пра канцэртныя касьцюмы і студыйныя запісы, якія пасьля аднаго з разводаў у калектыве зьніклі зь менскай студыі “Песьняроў” і лёс якіх дагэтуль невядомы. Пакуль жа былыя паплечнікі вінавацяць у крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці адзін аднаго.

Аўтарытэтны маскоўскі крытык Анатоль Вайцэнфельд, які цягам многіх гадоў пільна адсочвае гісторыю “Песьняроў”, параўноўвае сытуацыю са зьяўленьнем чарговага ансамблю з тэатрам абсурду. І асабліва для яго незразумелы намер “супрацоўніцтва” расейскіх і беларускіх “Песьняроў”.

(Вайцэнфельд: ) “Гэта ўжо проста тэатар абсурду. Могуць і тры ансамблі “Песьняры” паміж сабой супрацоўнічаць... А як супрацоўнічаць — хто-небудзь можа сабе ўявіць? Капіяваць “Волагду”? Наладзіць спаборніцтвы, хто лепей яе засьпявае? Да музыкі якое гэта мае дачыненьне? Я ўжо не кажу, якія гэта ўсё мае адносіны да Мулявіна і яго памяці”.

Сам жа спадар Вайцэнфельд працягвае: відавочна, удзельнікі ўсіх гэтых боек за “песьняроўскі” брэнд лічаць, што Мулявін ніяк не пакрыўджаны: у яго гонар названыя вуліцы, усталяваныя барэльефы, на “Алеі зорак” у Маскве ёсьць ягонае прозьвішча, а сам ён у 2001 годзе атрымаў вышэйшую ўзнагароду Беларусі — ордэн Францішка Скарыны. Толькі вось з такой лёгікі не вынікае, што цяпер кожны, хто меў дачыненьне да “Песьняроў”, мае права заснаваць уласны аднайменны ансамбаль.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG