Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Барыс Рагуля, дзе ні быў, меў харызму страшную”


Ганна Сурмач, Прага (01.04.2005) Новая перадачы сэрыі “Беларусы ў замежжы” да 85-х угодкаў вядомага беларускага дзеяча Барыса Рагулі. Удзельнікі: Барыс Рагуля, Людміла Рагуля, Янка Запруднік, Язэп Сажыч, Кастусь Шышэя (запіс з архіву).

У першы дзень новага году споўнілася 85 гадоў Барысу Рагулю з Канады. Зараз унівэрсытэт у Манрэалі рыхтуе да выданьня ягоную біяграфію. Ён стаўся вядомым канадыйскім мэдыкам. Але на Бацькаўшчыне ён быў адным з самых актыўных беларускіх дзеячаў, якія пад час вайны спрабавалі адрадзіць беларускую справу і дзяржаўную незалежнасьць Беларусі. Юбілею доктара Барыса Рагулі прысьвечана сёньня чарговая перадача “Беларусы за мяжою”, якую для вас падрыхтавала Ганна Сурмач.

Барыс Рагуля належыць да той знакамітай плеяды беларускіх дзеячаў, якія былі выхаваныя ў беларускіх школах і гімназіях у міжваенны час у Заходняй Беларусі.

Барыс Рагуля нарадзіўся ў наваградзкай вёсцы Турэц, але вырас ён у старажытнай сталіцы Вялікага Княства Літоўскага. З Наваградкам было зьвязанае амаль усё ягонае жыцьцё на Бацькаўшчыне.

Перад вайною Барыс Рагуля паехаў разам са сваім сябрам Язэпам Сажычам у Львоў, каб вучыцца ва ўнівэрсытэце. Ён зь дзяцінства марыў стаць лекарам, мэдыкамі былі абодва ягоныя бацькі. Выхоўвала яго адна маці, бацька памёр, калі хлопчыку было толькі два гады.

Калі не атрымалася паступіць на мэдыцыну, Барыс Рагуля вярнуўся ў Наваградак, і гэтае вяртаньне каштавала яму надта дорага. Пасьля так званага вызваленьня Заходняй Беларусі ён быў арыштаваны, як быццам бы польскі шпіён, і перанёс шмат пакутаў у савецкіх турмах.

Вызваліла яго зь вязьніцы вайна, якая пачалася ў чэрвені 1941 году.

Вось як успамінае пра гэта Язэп Сажыч.

(Сажыч: ) “Ён цудам уцёк з савецкай турмы і вярнуўся ў Наваградак. У Налібоцкай пушчы Клімовіч Яўген, які быў лесьніком, яго адкарміў. Ён прыйшоў у Наваградак да маці, а маці бомба забіла”.

У Наваградку Барыс Рагуля далучыўся да тых беларускіх дзеячаў, якія стараліся пад час акупацыі скарыстаць сытуацыю дзеля адраджэньня беларускага жыцьця, якое нішчылася пад савецкаю ўладаю з надзеяй, што гэта будзе дазволена пад немцамі. Вядома, што гэтыя ілюзіі хутка разьвеяліся.

Але рэальнасьць была такой, што нехта мусіў займацца тады беларускім справамі, бо пад акупацыяй апынулася насельніцтва, якое не здолела абараніць савецкая армія і жыцьцёвымі інтарэсамі якога, вядома ж, не зьбіраліся займацца новыя акупанты.

Рагуля займаўся адміністратыўнымі і вайсковымі справамі. Тады беларускія дзеячы спадзяваліся, што немцы дазволяць арганізаваць ім сваё войска, якое потым можа стаць узброенай сілай у абарону незалежнасьці Беларусі, калі гэтаму паспрыяе ваенная сытуацыя.

Паслухаем ізноў успамін Сажыча пра той час, калі ён вярнуўся ўвосень 1941 году са Львова ў акупаваны немцамі Наваградак.

(Сажыч: ) “Сталася так, што не было сваіх людзей і Наваградак занялі палякі ў адміністрацыі, Рагуля настойваў, каб паліцыю ўзяць у свае рукі. Але я казаў, што пайду толькі ў войска, калі нам дадуць зброю і войска, то я пайду.

Я пайшоў дадому. "Не хачу нічога ведаць – кажу – я немцаў ненавіджу".

І вось аднойчы ўночы Рагуля прылятае зь Менску, цэлую папку папераў кінуў мне: "На табе – тваё войска. Чытай!".

Гляджу, а там нейкі генэрал дае загад, што дазваляецца беларусам арганізаваць самаахову – войска. І тады гавораць, што ў кожным раёне будзе стаяць батальён беларускай самааховы.

У Наваградку будзе цэнтраль. Будзе закладзена школа падафіцэраў. І Рагуля даў мне загад, каб я быў камандзірам падафіцэрскай школы ў Наваградку. Я вярнуўся і сарганізаваў гэту школу. Тады быў вялікі вайсковы пад''ём. І немцы спалохаліся, закрылі і не дазволілі самаахову”.

(Сурмач: ) “Адзін з тых наваградзкіх хлопцаў, хто тады служыў у беларускім войску спадар Шышэя, які, на жаль, нядаўна памёр у Вільні, так успамінаў у адной з нашых перадачаў пра тое, зь якім энтузіязмам узяліся тады беларусы будаваць сваё войска.

(Шышэя: ) “Тут Рагуля да мяне падыходзіць, гляджу на беларускай мове нейкі чалавек пытае ў мяне: "Слухай, можа ты пойдзеш у беларускае войска?". Я кажу: "Якое войска, дзе яно?". Ён сказаў, што яны арганізуюць беларускае войска. Я адказаў: "Давай, пішы мяне".

Я пайшоў у Наваградак, яшчэ амаль тады нікога не было, некалькі такіх хлопцаў, як я. Рагуля сеў з намі і гаворыць:"Я вам дам кніжкі, вывучце тэрміналёгію беларускую, вайсковыя каманды". І так мы навучыліся па-беларуску камандаваць.

Выдалі нам зброю і так у нас стала як бы армія. Наша задача была такая: калі якой-небудзь вёсцы пагражае небясьпека, трэба было хутка туды ехаць і зрабіць там парадак”.

(Сурмач: ) “Як вядома, лёс Беларусі далей склаўся ня так, як меркавалі тыя, хто марыў пра незалежную пасьляваенную Бацькаўшчыну. Беларускія дзеячы ваеннага часу мусілі выехаць у эміграцыю. Барыс Рагуля і на чужыне заставаўся такім жа актыўным працаўніком у беларускай справе. Ён лічыў самай актуальнай задачай для беларускай моладзі на чужыне – здабыць асьвету, каб потым адукаванымі вярнуцца на Бацькаўшчыну і будаваць новую дзяржаву. Ніхто зь іх ня верыў тады, што вярнуцца дадому ўжо не давядзецца.

У тыя пасьляваенныя гады са сп. Рагулем пазнаёміўся Янка Запруднік, які разам зь іншымі беларускімі студэнтамі вучыўся потым ў Лювэнскім унівэрсытэце дзякуючы таму, што стыпэндыі на навучаньне былі дабытыя зь непасрэдным удзелам Барыса Рагулі, які для гэтага нават езьдзіў з візытам да Папы Рымскага.

Паслухаем успамін Янкі Запрудніка”.

(Запруднік: ) “Я зь ім пазнаёміўся недзе ў 1949 годзе ў Англіі, ён прыяжджаў туды да нас. Ён прыяжджаў зь Лювэну як прадстаўнік студэнцкай групы ў Лювэне.

Ён дапамагаў, быў у поўным сэнсе ня толькі фармальным старшынём цэнтралі беларускіх студэнцкіх арганізацыяў, але такім лідэрам, духовым лідэрам і інтэлектуальным, арганізатарам і душою ўсёй студэнцкай грамады.

Ён недзе ў 1951 годзе скончыў мэдыцыну, пачаў лекарскую практыку, але ўвесь час ад канца 40-х да сярэдзіны 50-х ён быў заняты таксама арганізацыйнай працаю, палітычнай, дыпляматычнай працаю.

Барыс Рагуля быў такім лідэрам высокай якасьці й шырокага маштабу, быў выдатным арганізатарам, добра разумеў беларускую справу ў такім шырокім кантэксьце, разумеў патрэбу інтэлектуальных культурных лідэраў для беларускага руху. Увесь час думаў пра будучыню Бацькаўшчыні і аргумэнтаваў пры сваіх сустрэчах ва ўрадавых колах у Брусэлі, у Ватыкане патрэбамі будучай Беларусі, патрэбамі на той час, калі яна будзе вызваленая ад камуністычнай улады і калі ёй будуць патрэбныя культурныя працаўнікі, як лідэры нацыі.

Безумоўная рэч, калі б былі належныя абставіны ён мог бы быць лідэрам нацыі, мог бы”.

(Сурмач: ) “Беларусь у той час страціла шмат сваіх выбітных дзеячаў, якія вымушаныя былі выехаць ў эміграцыю. Рагуля, напрыклад, на Бацькаўшчыне яшчэ шмат мог зрабіць?”

(Запруднік: ) “Я думаю, што шкадаваць ня трэба. Трэба цешыцца, бо калі б яны не былі на чужыне, яны згінулі б. Яму пагражала пагібель пад савецкаю ўладаю. А дзякуючы таму, што ён апынуўся на чужыне, ён рэалізаваўся, як лекар, доктар мэдыцыны і як беларускі палітычны і культурны лідэр.

Безумоўна, шкадаваць трэба толькі, што Беларусь ня мела дэмакратычнага ладу жыцьця, каб ён мог рэалізавацца ў сябе на Бацькаўшчыне”.

(Сурмач: ) “Але варта належна ацаніць і тое, што было зроблена, бо беларускія дзеячы ваеннага часу і спадар Рагуля непасрэдна прыклалі шмат высілкаў дзеля адраджэньня беларускай справы ў драматычных абставінах вайны і з вялікай рызыкаю для ўласных жыцьцяў”.

(Запруднік: ) “Бясспрэчна, ён зрабіў вялікі ўклад. Тая слава ягоная, як маладога энэргічнага вайсковага лідэра, яна пацягнула за сабою і іншых маладых беларусаў у той час.

Як натура энэргічная і здольная, ён выявіў сябе ў тых канкрэтных гістарычных абставінах, у якіх яму давялося жыць. Калі б ён жыў ва ўмовах міру, спакою, свабоды і дэмакратыі, ён сябе рэалізаваў бы, напэўна, у іншым фармаце. Ён зрабіў максымальна і дзякаваць Богу, што ён быў тады, калі ён быў патрэбен”.

(Сурмач: ) “Язэп Сажыч, які пазьней цягам 15 гадоў быў на эміграцыі прэзыдэнтам Рады БНР, таксама высока ацэньвае здольнасьці Барыса Рагулі, як аднаго з нацыянальных лідэраў”.

(Сажыч: ) “Бачыце, Рагуля дзе ні быў, а я зь ім быў побач многа, ён меў харызму страшную. Ягоны дзядзька Васіль Рагуля быў польскім сэнатарам. Ён мог быць нашым прэзыдэнтам і правадыром”.

Драматычна тое, што сваю Бацькаўшчыну Барысу Рагулю ў адрозьненьне ад іншых паваенных эмігрантаў так і не давялося пабачыць да сёньняшняга дня.

Спадар Янка Запруднік на завяршэньне нашай размовы сказаў, што Барыс Рагуля заслугоўвае да ягонага юбілею добрыя словы пашаны.

(Запруднік: ) “Ён заслугоўвае на гэта, ён заслугоўвае поўнасьцю. Ён быў бы на самым высокім узроўні лідэрства, калі б Беларусь была незалежнай ён рэалізаваўся б на самым высокім узроўні лідэрства, як дзяржаўны дзеяч”.

(Сурмач: ) “Але Барыс Рагуля, як ужо адзначалася, рэалізаваўся ў сваім жыцьці найбольш, як лекар. І ў гэтай якасьці ён пасьпеў таксама шмат зрабіць дзеля Бацькаўшчыны. Паслухаем цяпер самога юбіляра.

Барыс Рагуля распавядае пра тое, што ён дапамагаў пабудаваць у Менску стаматалягічную паліклініку для дзяцей і разам з прэзыдэнтам Рады БНР Івонкай Сурвілай яны арганізоўвалі ў Канадзе дапамогу беларускім дзецям, пацярпелым ад Чарнобылю”.

(Рагуля: ) “Мы спрычыніліся да гэтага, урад таксама даў сродкі, мы сабралі 60 тысяч даляраў. Нашыя лекары туды езьдзілі і дапамагалі арганізаваць працу паліклінікі.

Калі здарыўся Чарнобыль, да нас прыйшла прэзыдэнт Івонка Сурвіла і сказала, што трэба сабраць грошы і паслаць у Беларусь. Потым пачалі прывозіць дзяцей, мы зрабілі вялікую прапаганду ў Канадзе. Спадарыня Івонка арганізавала дабрачынную арганізацыю. Я думаю, што праз нашу арганізацыю недзе дзьве тысячы дзяцей прайшло праз Канаду”.

Барыс Рагуля апісаў свой жыцьцёвы лёс на эміграцыі і жыцьцё беларускай студэнцкай моладзі ў сваёй кнізе "Беларускае студэнцтва на чужыне", якая выйшла ў 1996 годзе ў Нью-Ёрку.

(Сурмач: ) “Спадар Барыс, які Вы самі ацэньваеце свой лёс, ці ўсім зробленым у жыцьці Вы задаволеныя?”

(Рагуля: ) “Так, я задаволены. Я маю ўражаньне, што я зрабіў усё, што можна было зрабіць.

Хацелася б большы ўдзел браць у жыцьці Беларусі. Надзея ёсьць, што пасьля падзеяў ва Ўкраіне магчыма гэта неяк пазытыўна паўплывае і на Беларусь.

Маё пакаленьне жыве ўспамінамі і надзеяю што тое, што было зроблена не змарнуецца і дасьць пазытыўныя вынікі. Праўда, надзея не вялікая, але, я думаю, што ў Беларусі беларускае жыцьцё ня будзе зусім зьліквідаванае. Я маю надзею, што маладыя людзі глядзяць з надзеяю на будучыню”.

(Сурмач: ) “Вы верылі ў маладосьці, што можна было тады ў тых ваенных абставінах здабыць незалежнасьць. Ці верыце ў гэта цяпер?”

(Рагуля: ) “Так, верыў. Гэтая вера цяпер не такая моцная. Ня ведаю, якая цяпер сытуацыя ў Беларусі, ці дух беларускі жыве яшчэ ці не. Тыя, што прыехалі зь Беларусі, шмат хто зь іх добрыя патрыёты, і працягваюць нашу працу тут на чужыне”.

Барыс Рагуля разам з жонкай Людмілай вырасьцілі чатырох дзяцей – дачку і трох сыноў. Лёс іхнай сям’і таксама адметны, яны ідуць разам амаль усё жыцьцё. Людміла ўспамінае пра іхнае першае знаёмства.

(Людміла Рагуля: ) “Я мела трох братоў і сястру. Барыс нас усіх ведаў, дзякуючы майму брату. Барыс быў добрым сябрам майго брата і ён з Наваградку прыяжджаў да нас на вёску. Мне было 5 гадоў, а яму – 10. А пазьней мы пазналіся, калі я пайшла ў пачатковую школу, а ён быў у гімназіі. Калі я пайшла ў гімназію, то яны ўжо заканчвалі – брат і Барыс. І так мы пазналіся. У 1944 годзе мы ажаніліся, узялі шлюб у Варшаве, калі ўжо эмігравалі. Потым былі разам праз увесь час – ужо 60 гадоў”.

(Сурмач: ) “Так што Вы ўвесь час былі побач з мужам?”

(Людміла Рагуля: ) “Увесь час была зь ім. У яго было вельмі цікавае жыцьцё, вельмі цяжкае. Кожны раз, што Барыс рабіў і я была побач зь ім, добра арыентавалася ў беларускіх справах і цяпер у курсе, але, на жаль, мы ўжо ня можам шмат ад сябе даць. Мы пражылі на эміграцыі, давалі сабе рады як маглі і дапамагалі сваім беларусам. І Чарнобылем цяпер займаліся тут. Прымалі зь Беларусі дзяцей. Барыс, як мэдык, арганізоўваў ім мэдычны агляд. Цяпер мы атрымалі прыгожы падарунак ад чарнобыльскіх дзяцей. Так што ніколі нам не давялося доўга без занятку сядзець”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG