Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перамовы Турэччыны аб уступленьні ў Эўразьвяз і пэрспэктывы Беларусі ў Эўрапейскай супольнасьці


Віталь Цыганкоў, Прага (Эфір 19 сьнежня). “Праскі акцэнт” прысьвечаны пачатку перамоваў аб уступленьні Турэччыны ў Эўразьвяз і ўплыву гэтага рашэньня на Беларусь.

16 сьнежня кіраўнікі краінаў Эўразьвязу прынялі прынцыповае рашэньне пачаць перамовы аб уступленьні Турэччыны ў Эўразьвяз. Узмоцніць ці аслабіць агульную Эўропу ўваходжаньне Турэччыны ў эўрапейскую супольнасьць? Ці азначае гэта, што на шляху будучага ўступленьня Беларусі ў Эўразьвяз няма аніякіх культурных ці рэлігійныя прычынаў, а галоўная перашкода – сёньняшняя палітычная ўлада ў краіне? Ці не павінны лідэры краінаў Эўропы ўжо зараз заявіць, што Беларусь патэнцыйна можа стаць сябрам Зьвязу пасьля таго, як зьменіцца палітычная сытуацыя?

Удзельнікі: Славамір Дэмбскі, дырэктар Бюро аналітычных экспэртызаў польскага Інстытуту міжнародных справаў і рэдактар навуковага квартальніка “Эўропа”, Юры Шаўцоў, кіраўнік Цэнтру праблемаў Эўрапейскай інтэграцыі, Сяргей Богдан – палітоляг-ўсходазнаўца, які вывучае тэалёгію ва ўнівэрсытэце Шэйха Муфіда ў горадзе Кум у Іране.

(Цыганкоў: ) “Спадары і спадарыні, сёньня Эўрапейскі Зьвяз адчыняе свае дзьверы Турэччыне”, – гэтак абвясьціў кіраўнік Эўракамісіі Хасэ Мануэль Бароза ў чацьвер пасьля гістарычнага рашэньня кіраўнікоў краінаў Эўразьвязу пачаць перамовы аб уступленьні Турэччыны ў гэты альянс. Такім чынам, Эўрапейская супольнасьць вырашыла пачаць перамовы аб уступленьні з краінай, якая ніколі культурна, рэлігійна не належала да Эўропы. Што гэта азначае з пункту гледжаньня палітычнай і ідэйнай трансфармацыі кантынэнту? Ці азначае гэта, што цяпер Эўразьвяз – гэта ўжо не культурная і нават не геаграфічная еднасьць, а найперш ідэйна-палітычная, то бок гэта альянс дзяржаваў, якія выконваюць пэўныя правілы?”

(Шаўцоў: ) “Усё-ткі Эўразьвяз застаецца супольнасьцю краінаў, якая заснаваная вакол агульных каштоўнасьцяў, проста гэтыя каштоўнасьці зараз будуць трактавацца больш шырока, чым раней. Калі раней мы без Турэччыны казалі пра каталіцка-пратэстанцкую Эўропу зь невялікім дадаткам праваслаўных, то пасьля пачатку працэсу прыяднаньня Турэччыны зразумела, што дэмакратычныя каштоўнасьці ці эўрапейскія каштоўнасьці не зьвязаныя жорстка з каштоўнасьцямі хрысьціянскімі. Гэта вельмі важна для Эўропы ў прынцыпе. Бо такім чынам Эўропа выходзіць па-за межы любой формы расісцкай ідэалёгіі, любой формы фундамэнталізму, якая нагадвае пра эпоху каляніялізму”.

(Цыганкоў: ) “Грамадзкая думка краінаў Эўропы вельмі неадназначна ставіцца да пэрспэктывы ўступленьня Турэччыны ў Эўразьвяз. Паводле вынікаў апытаньня Eurobarometer, апублікаваных у газэце “International Herald Tribune”, найменш далучэньне Турэччыны падтрымліваюць у Аўстрыі – 28 працэнтаў, Нямеччыне – 36 працэнтаў, Францыі – 39 працэнтаў. У той час як, напрыклад, у Гішпаніі гэтая лічба дасягае 67, Італіі – 61, Літве – 76 працэнтаў. Але найбольш тых, хто падтрымлівае далучэньне Турэччыны, у Польшчы – 78 працэнтаў. Спадар Дэмпскі, чаму палякі настолькі моцна ўхваляюць уступленьне Турэччыны?”

(Дэмбскі: ) “Па-першае, нашы магчымасьці, што да супраціву туркам на іх шляху ў Эўропу вычарпаныя яшчэ ў XVII стагодзьдзі, у часе знакамітай бітвы пад Венай. Нам ужо хопіць, можа няхай нехта іншы гэта робіць, калі хоча. А калі сур’ёзна, дык яшчэ дакладна не вядома, ці далучыцца ўрэшце Турэччына да Эўрапейскага зьвязу. Пачатак перамоваў аб сяброўстве ў Эўразьвязе не абавязкова давядзе да гэтага сяброўства. Акрамя гэтага, вельмі істотная рэч на шляху да сяброўства ў аб’яднанай Эўропы кожнай краіны – гэта гатоўнасьць самаго Эўразьвязу прыняць гэтую краіну.Усім вядома, што ў пэўных сфэрах Турэччына вельмі далёкая нават ад мінімальных стандартаў, выкананьня якіх патрабуе Эўразьвяз. З гэтага можна зрабіць выснову, што сам працэс перамоваў са Стамбулам будзе цягнуцца вельмі доўга. Трэба браць таксама пад увагу тое, што Турэччына – гэта вельмі вялікая краіна, якая з часам магла б стаць самай густанаселенай краінай Эўразьвязу і значыць, стала б дзяржавай– новым сябрам аб’яднанай Эўропы, якая будзе мець там вырашальны голас. Тут трэба будзе ўводзіць нейкія новыя тэхнічныя рашэньні гэтай праблемы, каб так не было. Але ўсё гэта абмяркоўваюць пакуль толькі экспэрты, бо палітыкі так далёка не заглядаюць. Далёка, гэта значыць 20 гадоў. На маю думку менавіта недзе праз два дзесяцігодзьдзі Турэччына магла б далучыцца да Эўразьвязу. Зьвярніце ўвагу, што перамовы аб далучэньні Польшчы да Эўрапейскага зьвязу цягнуліся 10 гадоў, а Турэччына гэта больш вялікая краіна і бяднейшая. Яна мае вялікую колькасьць праблемаў, на якую будзе зьвяртацца ўвага і якія могуць стаць значнай перашкодай у дачыненьнях Турэччыны з Эўразьвязам”.

(Цыганкоў: ) “Турэччына пакуль відавочна не гатовая да ўступленьня ў Эўразьвяз. Сяргей Богдан, я ведаю, што вы вывучаеце ў тым ліку і курдзкае пытаньне. І гэта толькі адна зь вялікіх праблемаў, якая перашкаджае Турэччыне стаць сапраўды дэмакратычнай дзяржавай. Ці не выглядае, што “зялёнае сьвятло” перад Анкарой запалілі як бы авансам?”

(Богдан: ) “Правы чалавека ды іншыя каштоўнасьці, на якіх грунтуецца Эўропа, у выпадку з Турэччынай да нейкай ступені губляюць сваю канкрэтнасьць. Анкара абвяшчае пра сваю прыхільнасьць і адданасьць гэтым ідэалам. З “эстэтычнага”, зьнешняга пункту гледжаньня, калі ўзяць тую ж праблему курдаў, туркі зьмянілі свае законы – прынамсі, зараз нікога не хапаюць проста за размову на курдзкай мове. Але я тыдні два таму размаўляў у Тэгеране з турэцкімі курдамі,якія там разам са мной вучацца, і яны лічыць, што Турэччына спрабуе ўсё гэта замаскаваць. Каб праблема ня мела такой вастрыні, не была настолькі відочнай. У тым, што раптам турэцкія паліцыянты зразумелі. Што нельга катаваць людзей – дык пра гэта не ідзецца. Яны проста робяць зараз гэта так, каб гэта не даходзіла да Эўропы.

Чаму Эўрапейскія кіраўнікі, якія, безумоўна, гэта разумеюць, пагаджаюцца на перамовы з Анкарой? Гэта звычайны realpolitic, то бок меркаваньні, якія для Эўропы больш важныя за правы нейкіх курдаў ці гістарычную спадчыну Асманскай імпэрыі накшталт генацыду армянаў. Прыняцьце Турэччыны вырашае некаторыя праблемы Эўразьвязу – ён хоча павялічыць сваю геапалітычную вагу ў сьвеце, у некаторай ступені вырашыць праблему працоўнай сілы і зьмяншэньня колькасьці насельніцтва. Таму з пункту гледжаньня звычайных мэркантыльных меркаваньняў ёсьць вялікі сэнс. Каб мець туркаў у Эўразьвязе. Узгадаем, колькі разоў у альянс далучаліся краіны, якія таксама мелі праблемы з правамі чалавека, дыктатурай, цяжкой гістарычнай спадчынай. Тая самая Гішпанія і Грэцыя, якія ўступалі адразу праз некалькі гадоў пасьля зьнішчэньня сваіх дыктатураў...”

(Цыганкоў: ) “Але гэта спрацоўвала, яны падцягваліся, станавіліся дэмакратыямі...”

(Богдан: ) “Так, гэта спрацоўвала, я з гэтым не спрачаюся. Я проста хачу сказаць, што Турэччына мае крыху больш праблемаў, чым тыя краіны Паўднёвай Эўропы. Я маю на ўвазе найперш праблему існаваньня моцнага традыцыйнага грамадзтва”.

(Цыганкоў: ) “Тыя, хто выступае за ўваходжаньне Турэччыны ў Эўразьвяз, кажуць пра тое, што гэта ўзмоцніць агульную Эўропу. Да таго ж гэты крок, кажуць яны, памірыць Эўропу з мусульманамі, дакажа, што кантынэнт не варожы мусульманам. Тыя, хто супраць, сьцьвярджаюць, што ўваходжаньне Турэччыны выгадна найперш амэрыканцам, якія нібыта хочуць аслабіць Эўропу тым, што разбавіць у ёй моцны мусульманскі элемэнт. Ваша меркаваньне наконт гэтых аргумэнтаў?”

(Богдан: ) “Я цалкам згодны з тым, што Эўропу Турэччына ўзмацніць. Я ня бачу падставаў у гэтым сумнявацца. Другая армія НАТО на моцы і велічыні – гэта турэцкае войска. Гэта войска, якое загартаванае ў баях, войска, якое пачало праводзіць прэвэнтыўную вайну з тэрарызмам задоўга да таго, як да гэтай стратэгіі зьвярнуліся амэрыканцы. Напрыклад, нагадаю вам пра барбарскія ўварваньні на поўнач Іраку нібыта з мэтай змаганьня з базамі Курдзкай рэвалюцыйнай партыі. Турэцкае войска, безумоўна прыдасца ў любых баявых дзеяньнях, з любым ворагам, які зьявіцца.

Калі зьвярнуцца да больш агульнага пытаньня, якое вы паставілі – “ці памірыць гэта Эўропу з мусульманамі?” Па-першае, што такое агульная катэгорыя “мусульмане”? Гэта проста каляніяльны тэрмін, які ахоплівае масу людзей, якім уласьцівыя такія розныя характарыстыкі, што вы іх разам аб’яднаць ня здолееце...”

(Цыганкоў: ) “У якасьці пацьвярджэньня вашых словах прывяду той агульнавядомы факт, што Турэччына, мусульманская краіна, мае вельмі шчыльнае партнэрства з Ізраілем. Вельмі цеснае супрацоўніцтва і на ўзроўні ваенных, і паміж спэцслужбамі...”

(Богдан: ) “Так, калі ў Эўропе кажуць “мусульмане”, на самой справе маюць на ўвазе часьцей арабскі сьвет. Бо, напрыклад, з Іранам гэта дакладна эўрапейцаў не памірыць. З Іранам Турэччына да апошніх гадоў вялі адзін супраць аднаго падрыўныя акцыі, калі Іран даваў базы і падтрымку курдзкім партызанам, і Турэччына дапамагала тэрарыстам з арганізацыі “Маджахэдзін Хальк”. Фактычна дзьве краіны ваявалі паміж сабой.

Што да арабскіх краінаў. Калі зірнуць на гістарычную ролю Турэччыны ў арабскім сьвеце, то Анкара адыгрывала ў гэтым рэгіёне прыблізна такую імпэрскую ролю, як ў нашым рэгіёне Расея. Таму арабы ненавідзелі і ненавідзяць у пэўнай ступені Турэччыну. Я ўжо не кажу пра курдаў”.

(Цыганкоў: ) “Сяргей, вы нам пераканаўча даказалі, што праблемаў у сувязі з магчымым уступленьнем Турэччыны ў Эўразьвяз вельмі шмат. Тым ня менш Брусэль ужо зараз запрашае Анкару ўвайсьці ў сям’і эўрапейскіх народаў. Юры Шаўцоў, на вашу думку, чаму?”

(Шаўцоў: ) “Па-першае, іншага шляху ў прынцыпе няма. Бо калі Турэччыну адштурхнуць, нэгатыўныя наступствы будуць значна большыя. Па-другое, плюсы ад уваходжаньня Турэччыны тычацца ня толькі накірункаў, зьвязаных з ісламскімі народамі. Галоўнае геапалітычнае наступства – гэта цяпер ужо амаль непазьбежнае пашырэньне Эўразьвязу на Ўкраіну, Закаўказьзе і эўрапейскі ўплыў у рэгіёне Касьпійскага мора. Да гэтага даўно ішло – і ўвядзеньне войскаў НАТО ў рэгіёне, і рэформа НАТО, якая павялічвае вагу эўрапейскіх краінаў. Зараз, пасьля таго і па меры таго, як Турэччына будзе інтэгравацца ў Эўрапейскі Зьвяз усё глыбей – тым самым і Эўропа будзе рухацца туды, дзе прасьцей ісьці, абапіраючыся на Турэччыну. Гэта на Ўкраіну, Закаўказьзе, Сярэднюю Азія. Гэта ўжо тычыцца і Беларусі.”

(Цыганкоў: ) “Які ўплыў на Беларусь можа мець рашэньне Эўразьвязу пачаць перамовы з Турэччынай? Некаторыя палітыкі, напрыклад, нямецкія сьцьвярджаюць, што Эўразьвяз мусіць часова прычыніць дзьверы для новых кандыдатаў і заняцца адаптацыяй тых сябраў Эўразьвязу, якія толькі нядаўна ўступілі ў альянс. Зь іншага боку, існуюць розныя меркаваньні наконт таго, ці павінны ўвогуле такія краіны як Беларусь і Ўкраіна калі-небудзь стаць сябрамі Эўразьвязу. Ці азначае зялёнае сьвятло да Турэччыны павялічэньня шанцаў на ўваходжаньне ў Эўропу для будучай Беларусі?”

(Дэмбскі: ) “Турэччына ўжо некалькі дзесяцігодзьдзяў намагаецца стаць сябрам Эўрапейскага Зьвязу і, маючы перад сабой прыклад 10 новых краінаў, што сёлета далучыліся да аб’яднанай Эўропы, туркі значна паскорылі рэфармаваньне сваёй краіны. Беларусь, будучы часткай Савецкага Саюзу, ня мела магчымасьці заявіць пра сваё жаданьне стаць сябрам Эўразьвязу. Таму і ў самой Беларусі не ўсе перакананыя, ці варта гэта рабіць, што такое ўвогуле гэты Эўразьвяз. Трэба каб прайшло крыху часу. Канешне, той факт, што Эўразьвяз гатовы пашырацца, нягледзячы на рэлігійныя ці гістарычныя падзелы, гэта вельмі пазытыўны сыгнал для беларусаў. Яны павінны зразумець: тое што беларусам давялося 70 гадоў жыць у СССР, тое, што большасьць беларусаў праваслаўныя ці яшчэ нешта – не пазбаўляе іх шансаў на далучэньне да Аб’яднанай Эўропы. І не праўда, што беларусы нікому ў Эўразьвязе непатрэбныя. Калі прымуць туркаў-мусульманаў, дык чаму не прыняць праваслаўных беларусаў? Калі б Менск цягам бліжэйшых 10 гадоў сур’ёзна заявіў пра сваё жаданьне далучыцца да Эўрапейскага Зьвязу, дык, на маю думку, рашэньне аб прыняцьці Беларусі ў Эўразьвяз было б прынятае раней, чым Турэччына стане сябрам Эўразьвязу”.

(Цыганкоў: ) “Ці згодныя вы, што пачатак перамоваў аб уступленьні Турэччыны ў Эўразьвяз дае большыя шанцы ў будучым Беларусі на ўваходжаньне ў гэтую супольнасьць?”

(Шаўцоў: ) “Гэта добры крок для нас. Бо само пытаньне ўваходжаньне Турэччыны гэта ёсьць адмова ад цывілізацыйнага мысьленьня ў Эўразьвязе, ад Гантынгтана, я б сказаў. Гэта азначае, што і нам, краіне не каталіцкай і не пратэстанцкай, становіцца прасьцей. Тая новая ідэалёгія, якая зараз павінна выпрацавацца ў Эўразьвязе, каб адаптаваць у сабе Турэччыну, яна стане больш адчыненая.

Акрамя таго, добра, што Эўразьвяз, пашыраючыся на Турэччыну, вымушаны будзе пашырацца і на Балканы. Гэта таксама нам добра. Бо балканскія краіны, Баўгарыя, Румынія, таксама не ўваходзяць у каталіцка-пратэстанцкае ядро Эўразьвязу. Гэта азначае, што за кошт Балканаў каштоўнасьці, што аб''ядноўваюць Эўропу, будуць губляць нейкі фундамэнталісцкі колер. Эўропа будзе станавіцца больш талерантнай. дакладней. у ёй ня будуць у выглядзе нейкіх формаў вырастаць фундамэнталісцкае цемрашальныя ідэалёгіі. І ўрэшце, зараз можна казаць, што Ўкраіна і дзяржавы чарнаморскага рэгіёну атрымліваюць магчымасьць вельмі абгрунтавана ставіць пытаньне пра свой уваход у Эўразьвяз. Інтэграцыя Турэччыны – гэта працэс які будзе цягнуцца хто ведае колькі гадоў. Яшчэ невядома, хто раней увойдзе – умоўна скажам, Украіна ці Турэччына. Галоўнае – што гэты працэс пачаўся. І для нас, Беларусі, сам пачатак гэтага працэсу спрыяльны”.

(Цыганкоў: ) “Наша размова пра будучыню Беларусі ў Эўразьвязе пакуль выглядае даволі гіпатэтычна, бо напачатку сама краіна павінна заявіць, што яна жадае туды ўступаць. Беларусь пакуль вуснамі сваіх кіраўнікоў ніякіх чынам не заяўляе пра штосьці падобнае. Аднак пачатак уваходжаньня Турэччыны азначае, што зараз на шляху патэнцыйнага ўступленьня Беларусі ў Эўразьвяз перашкодай ёсьць не нейкія гістарычныя, культурныя ці рэлігійныя прычыны, а толькі сёньняшняя палітычная ўлада ў краіне. Ці не так?”

(Богдан: ) “Так, я хацеў бы зьвярнуць увагу на такі аспэкт, што разам з уступленьнем Турэччыны ў Эўразьвяз мы можам спадзявацца на зьмякчэньне крытэраў для ўступленьня. Зразумела, пры сёньняшнім складзе Эўразьвязу беларускія ўмовы выглядаюць досыць дзіка. Калі ў краіне зьнікаюць людзі, беспадстаўна разганяюцца дэманстрацыі... Але – на тле Турэччыны мы выглядаем досыць прыстойна, мы выглядаем эўрапейскай краінай. Калі Эўразьвяз пагаджаецца размаўляць з краінай, якая садзіць у турмы людзей за тое, што яны размаўляюць на іншай мове (курдзкай) – ну, у нас прынамсі, за гэта ня саджаюць. Эўразьвяз пагаджаецца размаўляць з краінай, якая мае ідэалёгію, вельмі блізкую да італьянскага фашызму – я маю на ўвазе кемалізм. Яшчэ два гады таму за просты вэрбальны напад на Кемаля, Ататурка (бацьку туркаў) можна было сесьці ў вязьніцу.

Які прэтэнзіі Эўропа мае да Беларусі? Праблема ня толькі ў Лукашэнку, а ва ўсёй дзяржаўнай структуры, якая ў параўнаньне з структурамі эўрапейскіх дзяржаваў выглядае дзіка і адстала. Але ў параўнаньні з Турэччынай, краінай, дзе разам спляліся палітыка, ісламізм, войска, мафія... Напрыклад, нядаўна адбыўся інцыдэнт, калі ў адной машыне, якая разьбілася, апынуліся разам адзін з членаў кіруючай партыі, прастытутка, мафіёзі і адзін з кіраўнікоў сакрэтнай службы Турэччыны. Выбухнуў вялікі скандал.

Беларусь, прынамсі, не праводзіць этнічных частка на сваёй тэрыторыі, як гэта рабілася ў Турэччыне.

Але тут я хацеў бы перасьцерагчы ад адной аблуды. У нас нават у дэмакратычным незалежным друку часам сыходзяць да амаль расісцкай рыторыкі, калі кажуць – "ну калі ўжо прымаюць туркаў, то нас прымуць абавязкова". Але праблема не ў турках як у расе і нацыянальнасьці, праблема ў турэцкай этатысцкай дзяржаве, якая мае на сабе вельмі шмат грахоў. Праблема не ў турках-мусульманах, праблема ў дзяржаўным ладзе Турэччыны”.

(Цыганкоў: ) “На вашу думку, ці павінны лідэры краінаў Зьвязу ўжо зараз заявіць, што Беларусь патэнцыйна можа стаць сябрам Зьвязу пасьля таго, як зьменіцца палітычная сытуацыя. Ці ня варта такой заявай даць беларусам надзею і ўпэўненасьць, што брамы Эўразьвязу для іх не зачыненыя”.

(Шаўцоў: ) “Безумоўна, такая заява павінна прагучаць – адносна і Беларусі, і Ўкраіны. Пара ўсім заканчваць гуляць у цывілізацыйныя гульні. Эўропа ня можа быць больш падзеленая, ніякай біпалярнасьці, ніякай краіны, якая можа быць выштурхнутая з Эўропы, не павінна быць. І гэтаму не павінна перш за ўсё спрыяць палітыка Эўразьвязу як формы эўрапейскай інтэграцыі”.

(Богдан: ) “Я пагаджуся з Юрыем Шаўцовым – добра было б. Але я лічу, што такой заявы пакуль ня будзе. З тае прычыны, што вага наша меншая, чым Турэччыны. І па-другое, калі такая заява будзе – то гэта наступ на Маскву, на геапалітычныя амбіцыі Расеі. Прычым наступ такой сумнеўнай каштоўнасьці, што наўрад ці Эўропа, асабліва Нямеччына, згодзіцца мець праблемы з Расеяй, ад якой яна хацела б мець тыя самыя энэрганосьбіты. У тэрмінах рэальнай палітыкі такой заявы ня будзе”.

(Цыганкоў: ) “Нярэдка можна пачуць, што далучэньня Ўкраіны і Беларусі да Эўразьвязу катэгарычна ня хоча Масква і што, напрыклад, падтрымка Польшчай празаходніх сілаў ва Ўкраіне можа выклікаць, калі ўжо не выклікала пагаршэньне польска-расйескіх дачыненьняў. Што вы пра гэта думаеце?”

(Дэмбскі: ) “Я, канечне, сутыкаўся неаднойчы з такім меркаваньнем. Але не лічу, што з гэтага магла б быць нейкая сур’ёзная праблема ў дачыненьнях з Расеяй. Ведаеце, калі размаўляеш з расейскімі адмыслоўцамі, ці нават слухаеш апошнія прамовы прэзыдэнта Расеі, дык усіх зразумела, што далучэньне Ўкраіны і Беларусі было б вельмі і вельмі карыснае для расейскай гаспадаркі. Паміж гэтымі краінамі столькі гаспадарчых сувязяў і гэта б вельмі дапамагло разьвіць гэтыя сувязі. У будучым, Расея, каб разьвівацца далей, абавязкова павінна будзе мяняцца, выкарыстоўваючы ў тым ліку і эўрапейскі досьвед. Калі б праз такія зьмены прайшлі раней Украіна і Беларусь, дык для Расеі гэта быў бы добры сыгнал – маўляў і ў нас атрымаецца. Канешне, ёсьць перашкоды ў самой Расеі гістарычнага характару, якія зьвязаныя ў асноўным з працэсам дэімпэрыялізацыі гэтай краіны. Гэта балючы і цяжкі, але натуральны і непазьбежны працэс, праз які прайшлі ангельцы, французы, гішпанцы, немцы. Напэўна, частка расейскіх элітаў лічыць, што далучэньне Беларусі і Ўкраіны да НАТО было б пагрозай для Расеі. Але, ведаеце, я не выключаю, што гадоў праз 20 сама Масква зьвернецца з просьбай аб далучэньні Расеі да НАТО і стане сябрам гэтай арганізацыі. Усё мяняецца вельмі хутка і ў Эўразьвязе і ў Расеі. Няма іншага выхаду, як толькі прыстасоўвацца адно да аднаго”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG