Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадкалядныя рынкі вабяць беларусаў ніжэйшымі за крамныя коштамі


Іна Студзінская, Менск Да Калядаў і Новага году застаюцца лічаныя дні. Паўсюль – перадсьвяточны ажыятаж: усе набываюць падарункі, сувэніры родным і блізкім. Шмат народу ў крамах, але бальшыня беларусаў аддае перавагу рынкам. На сталічных рынках ільга назіраць ажыўленьне менавіта каля палатак і боксаў з цацкамі і сувэнірамі.

Чаму замест сучасных, сьветлых, утульных гандлёвых цэнтраў беларусы выбіраюць рынкі? Перш за ўсё – вельмі істотная розьніца ў коштах. І другая прычына – у Менску пакуль няма гіпэрмаркетаў, дзе можна набыць адразу ўсё: прадукты на тыдзень, адзеньне, цацкі. Таму ў выходныя бальшыня сем’яў наведвае менавіта рынкі – там цяпер прадаюць усё. І значна таньней.

Ці ёсьць гарантыя, што на рынках прадаюць якасны тавар? Цяпер літаральна на ўсе цацкі паўсюль – і ў краме, і на рынку ў прадаўца павінны быць пасьведчаньне гігіенічнай рэгістрацыі і сэртыфікат адпаведнасьці. У сэртыфікаце мусіць быць запісана канкрэтна, якая цацка, зь якога матэрыялу: да прыкладу, мішка са штучнага футра ці аўтамабіль “Фэрары” з дыстанцыйным кіраваньнем. Але нават сам начальнік аддзелу сэртыфікацыі Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Міхаіл Серафімовіч, які выдае сэртыфікаты, ставіцца да іх даволі скептычна:

(Серафімовіч: ) “Ёсьць кітайскія цацкі, якія робяць на заводзе, а ёсьць кітайскія, якія робяцца ў падваротні. Маленькія заводзікі прыватныя – і я ня ўпэўнены, што гэта ў самім Кітаі: кітайцы дзе-небудзь арганізавалі вытворчасьць, плястмасу бяруць і шлёпаюць цацкі. Але я вам скажу, што сэртыфікат таксама не гарантуе. Пакуль ня будзе так: паехаў на завод, паглядзеў, як ён вырабляе, які кантроль на ўваходзе, якая сыравіна выкарыстоўваецца, тады будзе парадак”.

Сярод кітайскіх цацак ёсьць вельмі якасныя, якія робяцца для краінаў Эўразьвязу, маркіруюцца адпаведнымі знакам. Але наяўнасьць такога знаку таксама не азначае, што цацка цалкам бясьпечная. Літаральна днямі Менская санэпідэмстанцыя не прапусьціла буйную партыю радыёкіраваных цацак, якія везьліся для продажу ў крамах. Узровень гуку й выпраменьваньне ад іх перавышалі санітарныя нормы. А вось што такія цацкі могуць трапіць на рынак, Міхаіл Серафімовіч не выключае:

(Серафімовіч: ) “Хто ведае ў гэтым кіёску, што ён прыпёр туды пад гэты сэртыфікат? Рынак ёсьць рынак. А ў крамах пытаньняў няма. У крамах правяраюць па колькасьці, мы пішам дату вырабу – усё-усё мы пішам. Больш-менш парадак ужо навялі. З цацкамі мы асабліва не цырымонімся”.

Гаварыў начальнік аддзелу сэртыфікацыі Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі Міхаіл Серафімовіч.

Якой вытворчасьці цацкі ў асноўным прадаюць на рынках? Вельмі шмат кітайскіх тавараў, а таксама вельмі шмат мяккіх цацак расейскай вытворчасьці. Але прывозіцца ўсё з Расеі, сьцьвярджае прадавец Сяргей:

(Сяргей: ) “З Масквы, з Расеі ўсё прывозім”.

(Карэспандэнтка: ) “А вытворчасць чыя?”

(Сяргей: ) “Заводы знаходзяцца і ў Кітаі, і ў Польшчы, і ў Нямечччыне”.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, а ў вас на ўсе гэтыя цацкі ёсьць сэртыфікаты?”

(Сяргей: ) “На большую частку ёсьць. На цацкі з Нямеччыны цяжка зрабіць сэртыфікат, на кітайскае можна зрабіць. На расейскае ня трэба нічога, на беларускае таксама. На кітайскае толькі патрэбныя сэртыфікаты”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці цяжка гэта зрабіць – прайсьці санстанцыю, кантралюючыя ворганы, ці складана?”

(Сяргей: ) “Не, ня цяжка”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці часта ў вас пакупнікі патрабуюць сэртыфікат?”

(Сяргей: ) “Вельмі рэдка”.

(Карэспандэнтка: ) “Часта бываюцць нейкія праверкі, аблавы?”

(Сяргей: ) “Раз на месяц абавязкова”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці былі ў вас праблемы, непрыемнасьці?”

(Сяргей: ) “Так, былі. Не было сэртыфікату на мяккія цацкі, толькі прывезьлі, не пасьпеў зрабіць”.

Тады Сяргей, так бы мовіць, абышоўся штрафам. Цяпер стараецца зрабіць хутчэй на ўсё сэртыфікат, каб не было праблемаў.

Чаму ж пакупнікі так рэдка патрабуюць сэртыфікаты? Атрымліваецца, што яны цалкам давяраюць прадаўцам. Я таксама зьдзівілася гэтаму і паразмаўляла ў пакупнікамі:

(Карэспандэнтка: ) “А чаму вы цацкі купляеце і прыцэньваецеся на рынку? Што, кошты адрозьніваюцца ад магазінных?”

(Голас: ) “Справа ў тым, што пры адной і той жа якасьці ў краме працэнтаў на 10-15 даражэй, менавіта на тое, што імпартнай вытворчасьці”.

(Карэспандэнтка: ) “А ці ведаеце вы, што на ўсе гэтыя цацкі патрэбныя сэртыфікаты? Вы патрабуеце, калі купляеце?”

(Голас: ) “Гэта неабавязкова, я лічу. Калі гэты тавар ёсьць у краме, закупшчык адзін і той жа, а ў краме тавар сэртыфікаваны”.

(Карэспандэнтка: ) “І вы не баіцеся?”

(Голас: ) “Не, пры той сыстэме, якая зараз існуе ў гандлі, немагчыма прывесьці тавар, які не сэртыфікаваны альбо ўяўляе нейкую пагрозу, асабліва для дзяцей. Такіх праблем не бывае, адзінае – розьніца ў цане”.

Розьніца ў коштах насамрэч даволі істотная: ня 10-15%, як сказаў пакупнік на рынку. Некаторыя цацкі ў краме ўдвая даражэй. Да прыкладу, вельмі папулярныя трансформэры “Біёнікл” на рынку каштуюць 20 тысяч, у краме – 38-40 тысяч. Кошты на канструктары “Лега” розьняцца роўна ў 2 разы (на рынках, натуральна, таньней). Абсалютна аднолькавыя джыпы з дыстанцыйным кіраваньнем кітайскай вытворчасьці на рынку каштуюць 45 тысяч, у краме – 105. Такім чынам, самы істотны фактар, чаму беларусы купляюць усё на рынку, а ня ў краме – кошты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG