Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца БАЖ: “У палітычным стаўленьні да эканомікі нешта не так – адсюль і праблемы беларускай прэсы”


Галіны Жарко, Менск Працягваецца падпіска на газэты й часопісы на першае паўгодзьдзе 2005 году. З увядзеньнем на прадпрыемствах і ва ўстановах ідэалягічнае вэртыкалі ўжо выпрацавалася практыка прымусовай падпіскі на афіцыйныя пэрыядычныя выданьні. Якімі ёсьць асаблівасьці сёлетняй падпісной кампаніі?

Дырэктар аднае прыватнае дробнае фірмы, дзе працуе ўсяго некалькі чалавек, паказаў мне факс за подпісам кіраўніка райвыканкаму, дзе было загадана падпісацца на дзяржаўныя газэты й далажыць аб выкананьні. У якасьці доказу трэба даслаць копіі падпісных квіткоў. Тлумачэньне такое: “Во исполнение декрета президента о государственной идеологии...” Вось што кажа намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Тацяна Мельнічук:

(Мельнічук: ) “Сёлета ёсьць выбітная адметнасьць падпісное кампаніі – усе прадпрыемствы з рознай формай уласнасьці, нават прыватнай, атрымалі разнарадку, нават усталяваныя нормы ў залежнасьці ад колькасьці працуючых там людзей. Дзяржаўныя газэты, пра якія нядаўна міністар Русакевіч казаў, што яны падтрымліваюцца зь дзяржаўнай кішэні, пнуцца павялічыць свае наклады за кошт адміністрацыйных мераў”.

Міністар інфармацыі не хавае, што на датацыю 32-х пэрыёдыкаў дзяржава выдаткоўвае тры мільярды рублёў зь бюджэтных сродкаў і пакрывае 50-70% стратаў, якія нясуць нават цэнтральныя выданьні. У пераліку газэтаў, на якія кіраўнікі павінны забясьпечыць ня толькі ведамасную, але й індывідуальную падпіску – “Советская Беларуссия”, “Минский курьер”, “Народная газета”, “Рэспубліка”, “Звязда”, “Знамя юности” ды іншыя.

Ведамасная ж падпіска на недзяржаўныя выданьні – “Беларускую газэту”, “БДГ”, “Народную волю”, “Камсамольскую праўда ў Беларусі” ды іншыя – увогуле забароненая. Што тычыцца індывідуальных падпісчыкаў, дык, напрыклад, у Лельчыцкім раёне напярэдадні рэфэрэндуму складаўся сьпіс тых жыхароў, якія выпісвалі “Народную волю”. Пра гэта расказаў старшыня гомельскай філіі БАЖу Анатоль Гатоўчыц.

Насуперак законам маркетынгу, “Камсамольскую праўду ў Беларусі”, напрыклад, больш выгодна купляць у распаўсюднікаў, бо па падпісцы абыдзецца даражэй. За падпіску на паўгодзьдзе трэба выкласьці 70 тысячаў. З гэтае сумы кошт газэты складае толькі трэцюю частку, а астатняе Белпошта бярэ за дастаўку. Вось як пракамэнтаваў сытуацыю Аляксандар Фядута:

(Фядута: ) “На жаль, беларуская пошта зьяўляецца манапалістам, і як дзяржаўнае прадпрыемства цалкам падпарадкоўваецца дзяржаве. Тое, што адбываецца, супярэчыць законам лёгікі й законам цывілізаванага сьвету. Але гэта не дапаможа дзяржаўнай прэсе. Таму што яе як не чыталі, так і ня будуць чытаць. Будуць выпісваць, але гэта ня значыць, што чытаць будуць. А тое, што недзяржаўны друк лічыць, што ўсё трэба рабіць так, як было раней, гэта – глупства. За той час, які прайшоў, была магчымасьць зрабіць адзіную сыстэму распаўсюджваньня. І тое, што яе не зрабілі, сьведчыць пра тое, што ў гэтым не зацікаўленыя”.

Адзін з артыкулаў у апошнім нумары часопіса “Архэ” называецца “Шукайце нас у падпольлі”. Справа ў тым, што спачатку рэспубліканскі Белсаюздрук у аднабаковым парадку скасаваў дамову аб распаўсюджаньні часопіса, а потым тое самае зрабіў і Менгарсаюздрук. У шапіках часопіса болей ня будзе – адпаведна, надзея засталася толькі на ўласных распаўсюднікаў ды на падпіску.

А вось як, напрыклад, ставяцца да недзяржаўных выданьняў ў Гомелі. Расказвае старшыня гомельскай філіі БАЖу Анатоль Гатоўчыц, які заўважыў дыскрымінацыю:

(Гатоўчыц: ) “Мне даводзілася зьвяртаць увагу супрацоўнікаў Гомельаблпошты, што ў так званыя дні падпісчыкаў на рэклямных стэндах няма незалежных выданьняў “Народнай волі”, “БДГ”, “Беларускага рынку”, ня кажучы ўжо пра “Нашу ніву” ды “Салідарнасьць”. Праходзіў дзень-другі, і калі я зноў завітаў у аддзяленьне сувязі №50, дык мне сказалі, выбачайце, мы не змаглі знайсьці газэты”.

Незалежным выданьням робіцца нават антырэкляма. Паштальёны папярэджвалі вясковых жыхароў Лепельшчыны: “Навошта вам гэтая “Народная воля”, яна ж такая дарагая”.

Затое выкладчыкі Гомельскай філіі міжнароднага інстытуту працоўных і сацыяльных адносінаў нечакана для сябе ў дзень атрыманьня заробку проста ў касе даведаліся, што ўсе яны сталі падпісчыкамі афіцыйнай прафсаюзнай газэты “Беларускі час”.

Пра праблемы беларускага друку гаворыць намесьніца старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Тацяна Мельнічук:

(Мельнічук: ) “Чаму нашыя газэты так слаба прадаюцца, чаму на іх такая слабая падпіска? Я маю на ўвазе ўвесь беларускі друк – і дзяржаўны і недзяржаўны? Таму што ва ўсім сьвеце газэты існуюць за кошт рэклямадаўцаў, за кошт рэклямы. Што ў нас рэклямаваць? Дзе нашыя рэклямадаўцы? Дзе тыя, хто тут можа разьвіваць вольны бізнэс? У эканоміцы нешта ня так. У палітычным стаўленьні да эканомікі нешта не так. Адсюль і праблемы беларускай прэсы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG