Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці мае Палата прадстаўнікоў шанец быць успрынятай у Эўропе ў якасьці партнэра?


Алесь Дашчынскі, Менск 9 сьнежня пачынаецца сэсія Палаты прадстаўнікоў, на якой, апроч іншага, будуць прынятыя пастановы аб прадстаўніцтве дэпутатаў у розных міжнародных парлямэнцкіх арганізацыях. Калі з прадстаўніцтвам у такой размытай структуры як Міжпарлямэнцкі саюз ці ў так званым Парлямэнцкім сходзе саюза Беларусі і Расеі ў новаабранай палаты ня будзе праблем, то супраца з уплывовай міжнароднай структурай – Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы – пакуль ня мае пэрспэктывы.

Статус беларускай дэлегацыі, як спэцыяльна запрошанага госьця ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы прыпынены пасьля рэфэрэндуму 1996 года і роспуску законнага парлямэнта. Дагэтуль ніводны склад Палаты прадстаўнікоў не дамогся яго аднаўленьня. Справа ў тым, што Палата не пайшла на выкананьне патрабаваньняў эўрапейцаў у справе пашырэньня паўнамоцтваў парлямэнту, дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства, у справе адмены сьмяротнага пакараньня.

Але, бадай, самае галоўнае тое, што выбары ў Палату эўрапейскія экспэрты зноў прызналі недэмакратычнымі і несвабоднымі. Рада Эўропы і АБСЭ не аднойчы нагадвалі афіцыйнаму Менску пра парушэньні правоў чалавека і недахоп дэмакратычных свабодаў. Палата прадстаўнікоў не акцэнтавала ўвагі на справаздачы Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў справе палітычных зьнікненьняў, якую падрыхтаваў кіпрскі дэпутат Хрыстас Пургурыдэс. У выніку афіцыйны Менск чакаюць санкцыі й абмежаваньне кантактаў.

9 сьнежня дэпутаты павінны абраць дэлегацыю па ажыцьцяўленьні кантактаў з Парлямэнцкай асамблеяй Рады Эўропы. Але незалежна ад таго, хто будзе ў яе абраны сытуацыя не памяняецца. Раней гэтую групу ачольваў Уладзімер Канаплёў, цяпер ён стаў сьпікерам, і дэпутаты прагназуюць, што наладжваць сувязі цяпер будзе віцэ-сьпікер Сяргей Забалоцец.

Паказальна, што дэпутатка Вольга Абрамава, якая на арганізацыйным паседжаньні Палаты запрапанавала сябе ў кіраўніцтва ўсіх дэпутацкіх камісій, сёньня не зьбіраецца прапаноўваць сваю кандыдатуру ў склад дэлегацый. Паводле спадарыні Абрамавай, яе не прывабліваюць санкцыянаваныя парлямэнцкія кантакты і ўзгодненая пазыцыя. Вольга Абрамава цьвердзіць, што стасункі Палаты з Эўропай знаходзяцца ў паўзамарожаным стане. Ці бачыць яна, аднак, пэрспэктыву?

(Абрамава: ) “Гэта працэс з двухбаковым рухам. Калі з аднаго боку няма ніякага руху, то, натуральна, і з другога боку таксама гэтага руху не будзе. Для таго, каб ажаніцца патрэбныя два партнэры. Як кажуць, засталося ўгаварыць нявесту”.

Старшыня дэпутацкай камісіі па міжнародных сувязях Вадзім Папоў нагадаў, што Палата працуе з Бюро ПАРЭ па аднаўленьні статусу спэцыяльна запрошанага. Ён вінаваціць эўрапейцаў у прымяненьні падвойных стандартаў.

(Папоў: ) “Нам патрэбныя не абяцаньні, а канкрэтныя крокі ў гэтым сэнсе, двухбаковыя, з аднаго і з другога боку. З пазыцыі “вось мы будзем дыктаваць, а вы выконваць” такой супрацы ня будзе. Ня толькі з гэтай структурай, а ні з адной структурай такой супрацы ня будзе. На правах падначаленага парлямэнта ні з кім такой супрацы ня будзе”.

Афіцыйны Менск запісвае ў свае перамогі той факт, што дэлегацыя Палаты прадстаўнікоў атрымала месца ў Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. Ці можна гэта лічыць перамогай? І так і не. Месца ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ Палата прадстаўнікоў атрымала згодна з працэдурай арганізацыі, і ня больш таго. Удзельнічаць у гэтай структуры, паводле статута, можна па факту правядзеньня выбараў, прычым да ўвагі не прымаецца адпаведнасьць гэтых выбараў эўрапейскім, міжнародным стандартам. Але беларускай афіцыйнай дэлегацыі ў Парлямэнцкай Асамблеі АБСЭ працаваць будзе ня проста, прагназуе вядомы палітык Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “Там хутчэй за ўсё яны будуць працаваць, але назваць эфэктыўнай гэтую працу складана, таму што будзе нейкі элемэнт ізаляцыі ўнутры Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і можа быць даволі такі жорсткі ціск з боку парлямэнтароў. Тыя, хто будзе прадстаўляць Беларусь, можна сёньня здагадвацца – гэта будуць людзі, якія блізкія да палітыкі Аляксандра Лукашэнкі, а суаднесьці яе з палітыкай Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ даволі складана”.

Але ёсьць жа яшчэ Эўрапарлямэнт і Парлямэнцкая асамблея НАТО. Традыцыйна, пазыцыя гэтых уплывовых парлямэнцкіх структураў будзе блізкай да Страсбура, гэта азначае, да пазыцыі Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, якая жорстка трымаецца эўрапейскіх крытэраў у сфэры правоў чалавека й дэмакратыі. Аднак калі ў Палаце прадстаўнікоў зьявіцца нешта на ўзор дэпутацкай групы “Рэспубліка”, то ў аддаленай пэрспэктыве можа зьявіцца магчымасьць кропкавых кантактаў з эўрапейскімі арганізацыямі.

Ці мае гэтая Палата прадстаўнікоў пэрспэктыву быць успрынятай у Эўропе ў якасьці партнэра? Паслухаем меркаваньне былога намесьніка міністра замежных справаў Андрэя Саньнікава:

(Саньнікаў: ) “Пэрспэктываў быць успрынятымі як партнэры яны ніякіх не маюць. Што яны будуць рабіць, калі ніякага ўплыву “палатка” гэтак званая ў Беларусі ня мае?”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG