Тое, што ўрад Януковіча накіраваны ў адстаўку, не падвяргаецца сумневу нікім, апроч хіба самога Януковіча. Калі на круглым стале ён заявіў пра тое, што не падпарадкуецца, бо, маўляў, Вярхоўная рада прыняла сваё рашэньне пад ціскам вуліцы, дык сьпікер рады Ўладзімер Літвін перабіў яго, заявіўшы, што гэта воля парлямэнту, якая цалкам адпавядае ягоным паўнамоцтвам і канстытуцыі, і ўрад такім чынам знаходзіцца ў адстаўцы, нягледзячы на ягоную згоду ці нязгоду. У гэтым жа перакананы і Віктар Юшчанка.
Дзейны прэзыдэнт Леанід Кучма, які больш нэўтральна ацэньвае рашэньне Вярхоўнай рады, усё роўна заяўляе, што ён будзе дзейнічаць адпаведна канстытуцыі Ўкраіны, паводле якой прэзыдэнт мусіць прыняць адстаўку Януковіча ды прызначыць часовага выканаўцу абавязкаў прэм’ера. Можа быць, гэтым часовым прэм’ерам будзе прызначаны і сам Януковіч.
Ужо цяпер называюць прозьвішчы магчымага новага кіраўніка ўраду – можна пачуць прозьвішчы Аляксандра Мароза, першага віцэ-прэм’ера Азарава, сьпікера Вярхоўнай рады Літвіна і Юліі Цімашэнка. Так што згода ці нязгода Януковіча ўжо мала каго цікавіць. Дый ён сам фармальна пагадзіўся з гэтай адстаўкай, падпісаўшы ўчорашняе пагадненьне ля круглага стала, якое прадугледжвае фармаваньне новага ўраду.
На гэтым круглым стале ў супольнай заяве адным з пунктаў было зьняцьцё блякады з урадавых будынкаў. Але адблякаваньня, насамрэч, не адбываецца. Урад Януковіча фізычна ня можа нармальна працаваць – ягоных міністраў проста не дапускаюць у памяшканьне кабінэту міністраў маніфэстанты. Дэманстранты па-ранейшаму блякуюць усе ўваходы і выхады й кажуць, што будуць гэта рабіць, пакуль сытуацыя ня будзе разьвязаная канчаткова. У будынку савета міністраў знаходзіцца толькі адзін міністар па прозьвішчы Талставухаў, але ён зь пятніцы не выходзіць на вуліцу, бо разумее, што назад яго ў ягоны кабінэт могуць і не пусьціць.
Удзельнікі гэтых пратэстаў гавораць, што проста будуць блякаваць, пакуль сытуацыя канчаткова ня вырашыцца, ня будзе прынятае рашэньне Вярхоўнага суду, пакуль ня будзе прызначанае перагаласаваньне ці абвешчаны прэзыдэнтам Віктар Юшчанка.
Што тычыцца Вярхоўнага суду, дык учора ён адхіліў ужо ня першую прапанову каманды Януковіча спыніць разгляд справы аб фальсыфікацыі другога туру выбараў. Паводле заканадаўства, Вярхоўны суд павінен ухваліць сваё рашэньне цягам пяці дзён: гэта значыць, сёньня, максымальна – заўтра. Але калі ўлічыць, што прадстаўнікі Януковіча абралі тактыку зацягваньня працэсу, а гэта відавочна, то можна зразумець, што Януковіч асабліва на посьпех не разьлічвае.
А вось прадстаўнікі Юшчанкі павінны сёньня прадставіць тыя дакумэнты, якія ўчора спрабавалі вывезьці пад сьнегам з будынку адміністрацыі прэзыдэнта – гэта розныя расьпіскі кіраўнікоў участковых камісіяў за атрыманыя сто даляраў ад адміністрацыі, і іншыя дакумэнты – і тады ўжо гэта можа істотна паўплываць на рашэньне суду.
Юрысты тым часам прагназуюць некалькі варыянтаў рашэньняў. Адно, якое адпавядае дзейнаму заканадаўству, – гэта калі Вярхоўны суд прызнае выбары несапраўднымі на некаторых участках (называюцца 800-900 участкаў), і калі не залічаць тыя галасы, якія лічацца сфальшаванымі, дык ЦВК будзе абавязаны прызнаць пераможцам другога туру выбараў Віктара Юшчанку.
Альбо другое рашэньне: цалкам прызнаць несапраўднымі вынікі выбараў другога туру галасаваньня па ўсёй Украіне, і тады ствараецца сытуацыя, якая не прадугледжаная ўкраінскім заканадаўствам, і, відаць, патрэбна будзе ісьці шляхам, які прадугледжвае ўчорашняе пагадненьне Януковіча й Юшчанкі пры ўдзеле міжнародных пасярэднікаў.
Нагадаю, што некаторыя беларускія музыкі накіраваліся ў Кіеў, каб выступіць перад удзельнікамі акцыі пратэсту. Учора выступаў гурт “NRM”: людзей было даволі шмат, і яны вельмі прыязна й вельмі прыхільна ўспрынялі беларускіх музыкаў, таксама як яны вельмі прыязна ўспрымаюць тых беларускіх актывістаў, якія цягам усіх гэтых дзён прыяжджаюць у Кіеў, каб падтрымаць украінскую аранжавую рэвалюцыю.