Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дзяржава, у якой усё для ўсіх, ніколі ня будзе клапаціцца аб адной асобе і думаць, што зь ёй здарыцца, калі яна будзе галадаць”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 15 лістапада 2004 г. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Лусевіч Міхаіл: ) “Добры вечар, Свабода! Сёньня Рыгоравіч расьпінаўся наконт Гарадзеншчыны, што яна быццам найбольш падтрымлівае яго і быццам яна зусім не зьяўляецца апорай Беларушчыны, намякаючы, мусіць там, на Ўкраіну ці куды-небудзь яшчэ. А хто ўвогуле кажа, што Гарадзеншчына – гэта апора Беларушчыны?

Вось вы ў сваіх праграмах даволі часта падымаеце пытаньне таго, што руская праваслаўная царква на Беларусі размаўляе на расейскай мове. А вы прыедзьце на Гарадзеншчыну і паслухайце ў касьцёлах – вы не пачуеце амаль нідзе беларускай мовы, толькі польскую! І калі я зьвяртаюся да ксяндзоў і кажу: “Людзі! Вы ж адсюль, зь Беларусі! Вы ж павінны размаўляць па-беларуску! Папа Рымскі сказаў, што трэба размаўляць на мове той краіны, дзе вы працуеце, дзе вы служыце!” То яны мне адказваюць, што беларуская мова – гэта нешта накшталт гішпанскай. І яны зусім не жадаюць размаўляць па-беларуску. І народ стаіць і маўчыць. Хто ўвогуле гаворыць, што Гарадзеншчына гэта апора Беларушчыны? Зусім не! Даўно не! Хутчэй за ўсё Магілёўшчына ці Віцебшчына будзе апорай Беларушчыны”.

(Аляксандар Яцкевіч, Віцебск: )

“У Беларусі ў нас не знайсьці пагады, Не абыйдзе гора вас, як і вашай хаты. Зойдзе ў хату ды за стол сядзе баляваці, Вокам павядзе наўкол – будзе зьневажаці. Пасьмяецца над табой: “А чаму ты голы?” На цябе махне рукой, калі будзеш хворы. А калі ты, бедната, хочаш павучыцца – У кішэні пустата, дзе табе прабіцца. Запытаць не пра мяне – дзіка зарагоча, “У якой ты галіне павучыцца хочаш?” Вешай торбу на плячо, ды ідзі па сьвету, Пададуць табе яшчэ нейкую манэту. Ды глядзі, каб не прапіў, а аддаў на гора, Дзе б ты з торбай не хадзіў – яно прыйдзе скора. Калі ў горы і памрэш – вельмі не журыся, Па кавалачку адрэж – зь дзецьмі падзяліся. Вось і думай, беларус, як пакінуць гора, Наматай сабе на вус: яно прыйдзе скора!”

(Спадарыня, Магілёў: ) “Ужо два дні Свабоду наогул не чуваць ні на расейскай, ні на ўкраінскай, ні на беларускай мовах. У чым справа? Куды вы падзеліся?”

(Віктар Бутто, Менск: ) “З-за перашкодаў па некалькі дзён на тыдзень не магу пачуць Беларускую службу Радыё Свабоды. Падобна, сур’ёзна ўзялася ўлада і яе прызначэнцы, каб ня чуць праўду аб існуючай рэчаіснасьці нашай дзяржавы. Дзякуй. Зь вялікай павагай”.

(Спадар: ) “Добрай раніцы, Свабода! Прачытаў у “Нашай Ніве” артыкул Валянціны Пісарэнкі “Гэта наша разуменьне дэмакратыі”. Вы пішаце, што вам жахліва, калі юнакі ў алькагольным ап’яненьні на мітынгу разбураюць усё на сваім шляху, перакульваюць машыны. Гэта ж была яўная падстава! А вам не жахліва, спадарыня Пісарэнка, што ў кожным раёне і вёсцы робяць віно і моладзь сьпіваецца? Добра, што “чарніла” прадаюць з 8 раніцы да 10 вечара. Вы, мусіць, дрэнна бачылі вашага падстаўнога хлопца зь півам у руках, якога выштурхоўваў хлопец у белай куртцы з калёны дэманстрантаў. Вось гэта праўда. А зьбіцьцё Лябедзькі да паўсьмерці? Гэта вашая дэмакратыя? Пра гэта нешта вы не пісалі ў “Нашай Ніве”.

(Спадарыня: ) “Хачу выказаць сваё меркаваньне. Дзяржава, у якой усё для ўсіх, ніколі ня будзе клапаціцца аб адной асобе і думаць, што зь ёй здарыцца, калі яна будзе галадаць. Гэта неабходныя людзі, але дамагчыся чаго-небудзь падчас галадоўкі яны ня змогуць. Па-першае, няма дастатковай інфармацыі, чаго яны патрабуюць. Па-другое, чыноўнікі думаюць толькі пра сябе. Ім мала клопатаў да незалежных газэтаў, да супраціву рэфэрэндуму, які прайшоў зь вялікай колькасьцю парушэньняў. Чыноўніку трэба ўтрымацца на сваім крэслы, забясьпечыць сябе да пятага калена і сваіх сваякоў.

А чамусьці ня выказаў Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка свайго меркаваньня наконт кармушкі Рыбакова, Жураўковай і другіх злодзеяў. А вось людзі, якія дабіліся прызнаньня працай, ведамі – тыя карміліся ў ягонай кармушкі. Ганьба вучоным дзяржавы, якія амаль ня выступілі ў абарону такіх людзей як Вайтовіч, Шушкевіч, Багданкевіч, Казулін і іншыя. Колькі бруду на іх вылілі – і ўсё ціха. Прыкра! Галадоўку ў нашай дзяржаве не падтрымліваюць! Яна толькі губіць здароўе змагароў за свабоду і за сумленьне”.

(Спадар: ) “Спадарыня Ярмошына! Я вельмі ўдзячны за той букет, які вам Лукашэнка прынёс пасьля рэфэрэндуму! І калі Лукашэнка будзе стаяць перад судом, ён скажа: “Гэта ня я! Гэта яна!” Усяго добрага. Жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Прывітаньне, Свабода! Вось выказваю меркаваньне. Сёньня слухалі мы Свабоду на ўкраінскай мове. І пасьля шэрасьці, убогасьці перадачаў, якія рыхтуе беларуская рэдакцыя (праграмы Беларускай Свабоды ўсё больш і больш нагадваюць лукашэнкаўскія), тое – як праменьчык сьвятла. Змагарная, цудоўная станцыя, цудоўная ўкраінская мова! Які патрыятызм, якія вядучыя, а якія карэспандэнты! Тыя ў Кіеву польскіх могілак не шукаюць, там не гавораць пра нейкія дробязі й не даюць трыбуны асабліва ўладным замбатарам – тое, што робіцца ў нас заўсёды. У нас рэдакцыя Свабоды, на жаль, ператвараецца ў нейкі прыдатак гэтай дыктатарскай улады. Бясьсільная, бяззубая, а самае галоўнае – абсалютна неталенавітая!

Вельмі шчыра хачу сказаць. Шкада: няўжо ж у нас у Беларусі й карэспандэнтаў акрамя зьвізьдзюкоў няма? Не падумайце, што гэта абраза. Проста баліць сэрца. Ісьціна пазнаецца ў параўнаньні. Так шчыра зайздрошчу і дзякую Богу, што хоць у ўкраінцаў Свабода – сапраўдная свабода, сапраўдныя журналісты, сапраўдныя таленты. А колькі яны даюць магчымасьцяў сказаць людзям! Ня гэтак, як у нас падбіраюць спэцыяльныя пытаньні, каб даказаць тое, чаго ў прынцыпе няма, але чаго жадае дыктатар”.

(Валянцін Цішко: ) “У суботу паслухаў тэлефанаваньне адной жанчыны, якая мову, на якой вы вяшчаеце, тарашкевіцу, назвала “выкапневай”. Дык вось, сама яна выкапневая, а мова… Малайцы! Так трымаць далей! Дзякуй”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG