Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыягназ Алеся Разанава будзе названы цягам бліжэйшых дзён


Ул. інф. Беларускі паэт Алесь Разанаў, ляўрэат прэстыжнай эўрапейскай прэміі імя Ёгана Готфрыда Гердэра па-ранейшаму застаецца ў рэанімацыйным аддзяленьні бонскай унівэрсытэцкай клінікі, куды ён трапіў каля тыдня таму з пачатковым дыягназам – інфаркт. Сёньня нямецкія мэдыкі, аднак, не гатовыя пацьвердзіць гэты дыягназ. Адначасова, яны сьведчаць пра тое, што хворы выйшаў з комы, і стан ягонага здароўя паступова нармалізуецца.

Бонская ўнівэрсытэцкая клініка лічыцца адной зь вядучых у фэдэральнай зямлі Паўночны Рэйн-Вэстфалія. Тут добрая дасьледчыцкая база і дастаткова моцная інтэнсіўная тэрапія. У аддзяленьні інтэнсіўнай тэрапіі – так немцы называюць рэанімацыю – вось ужо каля тыдня і знаходзіцца беларускі паэт.

Мэдычны пэрсанал адмаўляецца даваць нейкія камэнтары адносна стану здароўя іхнага пацыента. Па-першае, гэта ёсьць нормай мэдычнай этыкі. Па-другое, канчатковы дыягназ хворага пакуль што невядомы. Штодня праводзяцца шматлікія дасьледаваньні.

Побач з Алесем Разанавым – ягоная жонка Галіна. Станам здароўя беларускага паэта пастаянна цікавяцца ягоныя нямецкія сябры і калегі-літаратары, прадстаўнікі розных творчых фундацыяў. Ганс-Ёхім Губэр прадстаўляе культурніцкае ведамства Бона, якое фінансуе сёлетняе ўтрыманьне Разанава ў гэтым горадзе. Паводле спадара Губэра, бонскае ведамства мела гонар прадставіць стыпэндыю таленавітаму беларускаму паэту, кнігі якога апошнім часам выклікаюць вялікую цікавасьць сярод нямецкіх аматараў паэзіі. Сёньня многія зь іх тэлефануюць у бонскую клініку і жадаюць Разанаву хуткага выздараўленьня.

(Губэр: ) “Стан здароўя беларускага паэта паступова нармалізуецца. Ён па-ранейшаму ў рэанімацыі пад назіраньнем лекараў. Праводзяцца розныя адмысловыя дасьледваньні. Аднак канчатковы дыягназ бонскія лекары пакуль што не гатовыя назваць. Працягласьць знаходжаньня Разанава ў шпіталі таксама пакуль невядомая. Пакуль што хворы недастаткова кампэнсаваны. Аднак мэдыкі сьведчаць пра пэўную пазытыўную дынаміку. Ня выключана, што канчатковы дыягназ будзе названы цягам бліжэйшых дзён. Аднак мэдыкі пакуль, сапраўды, яго ня ведаюць. У любым выпадку, гэта не інсульт. Разанаў размаўляе з намі па-нямецку”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG