Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2 лістапада на Ўсходніх могілках беларускай сталіцы будзе ўрачыста адчынены надмагільны помнік Васілю Быкаву


Валянціна Аксак, Менск У беларусаў звычайна надмагільны помнік усталёўваюць у гадавіну сьмерці. Як вядома, гэтая жалобная дата па Васілю Быкаву была сёлета 22 чэрвеня. З чым зьвязана, што помнік на ягонай магіле адчыняецца са спазьненьнем, калі дарэчна так казаць, з увагай да традыцыі?

Сапраўды, надмагільны помнік Васілю Быкаву родныя й сябры хацелі ўсталяваць ды ўрачыста адчыніць 22 чэрвеня, у гадавіну сьмерці пісьменьніка. Помнік, якім па волі Быкава мусіў быць камень з ваколіцаў сталіцы Фінляндыі Хэльсынкі, дзе Васіль Быкаў жыў і працаваў некалькі гадоў таму, сябры пісьменьніка прывезьлі ў Менск менавіта ў той жалобны дзень. Але транспартыроўка валуна ды пастамэнта для яго з-за тэхнічных прычынаў магла быць зробленая толькі ў тым выглядзе, калі гэтыя дзьве часткі, валун і пастамэнт, не змантаваныя разам. А мантаж іх патрабуе пэўнага часу і сродкаў. Таму гэтая праца й імпрэза ўрачыстага адкрыцьця і была, па жаданьні родных, адкладзеная да Дзядоў.

Чыім коштам, наогул, усталёўваецца надмагільны помнік самаму вядомаму ў сьвеце беларускаму пісьменьніку? Пачну з таго, што ўлада не спрычынілася да гэтага ніводным рублём. Сам помнік аплочаны Хэльсынскай мэрыяй. Пра гэта на валуне ёсьць адпаведны надпіс, што гэты камень – дар ад гораду, у якім добра і творча жылося выгнаньніку зь Беларусі.

Мытныя зборы на ўвоз помніка, дарэчы, даволі вялікія, на мяжы зь Беларусьсю аплацілі некалькі беларускіх дабрадзеяў-бізнэсоўцаў. А вось сродкаў на аплату тэхнічных сродкаў і працы рабочых на мантаж арганізатары ўрачыстага адкрыцьця – а гэта беларускі ПЭН-цэнтар, адным са стваральнікаў і прэзыдэнтам якога быў Васіль Быкаў – няма. Таму сёньня арганізатары заклікаюць тых, хто прыйдзе на ўрачыстую імпрэзу, зрабіць пасільны ўнёсак у гэтую высакародную справу ўшанаваньня памяці народнага пісьменьніка й нацыянальнага прарока.

Урачыстая імпрэза адкрыцьця помніка распачнецца на Ўсходніх могілках на чвэрць гадзіны раней за абвешчаны час – гэта значыць, не а 17 гадзіне, а бяз чвэрці 17.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG