Фонд барацьбы з карупцыяй, створаны расейскім апазыцыйным палітыкам Аляксеем Навальным, цяпер памерлым, сьцьвярджае, што знайшоў на поўдні анэксаванага Крыма «новы палац», які збудавалі расейскаму прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну, піша Расейская служба Радыё Свабода.
Пра палац гаворыцца ў расьсьледаваньні ФБК.
«Гэты сакрэтны аб’ект нерухомасьці цудам высьлізнуў ад увагі грамадзкасці, але мы яго знайшлі, даказалі, што гэта Пуціна, а сёньня яшчэ і пакажам як гэтае месца выглядае ўнутры», — гаворыцца ў матэрыяле ФБК.
У расьсьледаваньні сьцьвярджаецца, што «палац» узьвялі на месцы, дзе першапачаткова будавалася раскошная летняя рэзыдэнцыя для Віктара Януковіча, былога прэзыдэнта Ўкраіны, адхіленага ад улады ў 2014 годзе ў выніку масавых пратэстаў на Майдане і зьбеглага ў Расею.
У 2015 годзе, ужо пасьля анэксіі Крыму, расейскі суд прызнаў будоўлю рэзыдэнцыі незаконнай, а Сяргей Мяняйла, які тады займаў пасаду губэрнатара анэксаванага Севастопаля, абʼявіў, што дачу Януковіча аддадуць у дзяржаўную ўласнасьць.
На мысе Айя пасьля гэтага «пачалі адбывацца загадкавыя рэчы», піша ФБК.
«Гады ішлі, але пуцёўкі ў новы санаторый прадаваць так і не пачалі. А пра тое, што адбываецца ў гэтых выдатных месцах даведацца было ўсё больш складана і складана», — гаворыцца ў расьсьледаваньні. Як сьцьвярджаюць яго аўтары, у рэальнасьці нерухомасьць у найпрыгожым месцы, ля абрыву скалы на мысе Айя, апынулася ў валоданьні сяброў Уладзіміра Пуціна — алігархаў Кавальчукоў.
ФБК таксама прыводзіць выснову аб тым, што «палац» на мысе Айя запісаны на фірму «Бераг», уласьнікам якой зьяўляецца фірма «Голдэн Гейт», чые ўладальнікі засакрэчаныя. Інтарэсы кампаніі ў падатковай прадстаўляюць тыя ж юрысты, якія па даверанасьці кіравалі АТ «Бінам», які зьяўляецца ўласьнікам ТАА «Комплекс», якое валодае «палацам Пуціна» ў Геленджыку.
Паплечнікі Навальнага сьцьвярджаюць, што ў іх ёсьць фатаграфіі, а таксама самыя дэталёвыя архітэктурныя пляны крымскага «палацу Пуціна». На «жылым» паверсе галоўнага будынка комплексу яны знайшлі гіганцкую гасьціную ў 233 квадратныя мэтры з мармуровым камінам, абедзеным сталом на 20 чалавек і раялем. На тым жа паверсе, як сьцьвярджаецца, разьмешчаны дзьве спальні плошчай 154 і 138 квадратных мэтраў
«Дача Януковіча гэта халупа, хацінка, у параўнаньні з тым, што пабудавалі на мысе Айя цяпер», — сьцвярджае ФБК.
У будынку плошчай больш за 9 000 квадратных мэтраў, па дадзеных расьсьледавальнікаў, разьмешчана, у тым ліку, «хатняя клініка» — «кабінэт лекара агульнай практыкі» з апаратам УГД, стол для агляду і масажу, шмат абсталяваньня для аналізаў, электракардыёграф, апарат для фізіятэрапіі і іншае. Акрамя гэтага, у «палацы» ёсьць апэрацыйная, крыякамэра і спа. Таксама на тэрыторыі комплексу пабудавалі дом для гасьцей з чатырма спальнямі.
Будаўніцтва, паводле фінансавай справаздачнасьці, якая апынулася ў распараджэнні ФБК, абышлося прыкладна ў 10 млрд расейскіх рублёў.
Афіцыйных камэнтароў на расьсьледаваньне не было.
Створаны апазыцыянэрам Аляксеем Навальным Фонд барацьбы з карупцыяй і штабы Навальнага, якія існавалі раней у рэгіёнах, прызнаныя ў Расеі экстрэмісцкімі арганізацыямі. Сам Навальны памёр у калёніі ў лютым 2024 года.