Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Самавіты гаспадар, самавітая гаспадарка, самавітае жыцьцё


Юрась Бушлякоў, Менск Новая перадача сэрыі "Жывая мова".

Нашая слуцкая слухачка Вера Грынявецкая папрасіла патлумачыць сэнс пачутай у эфіры “Свабоды” фразы – непрыгожая, але самавітая жанчына. Які сэнс нясе ў гэтым выпадку прыметнік самавіты? Выглядае, што аўтар фразы хацеў падкрэсьліць паважнасьць жанчыны: непрыгожая, але салідная. Вось жа, у адным з сваіх значэньняў самавіты – гэта ‘салідны, паважны, прадстаўнічы’. “Косьця ўдумлівы, не па гадах самавіты”, – чытаем у прозе Міхася Зарэцкага. Тут самавіты – яшчэ й ‘самастойны’. Самавітым могуць назваць па-беларуску й чалавека мажнога, дужага: самавіты, напрыклад, асілак. Таксама слова самавіты прыдатнае нам для характарыстыкі некага ці нечага заможнага, эканамічна моцнага: гаспадар самавіты, і гаспадарка ягоная самавітая, і жыцьцё ў гаспадара самавітае, то бо поўнае дастатку, магчымасьцяў.

Ужываючы прыметнік самавіты з адмоўем не, мы тым самым выражаем не найлепшую якасьць нечага: дарога не самавітая, лёс ня вельмі самавіты. Праілюструю такое ўжываньне яшчэ літаратурнай цытатаю – з Коласавага апавяданьня: “Ахвотнікаў ісьці зь ім у заклад не было, а некаторыя проста раілі Антосю Дубку залажыць за губу рэч ня надта самавітую”.

Як бачым, даволі магчымасьцяў, каб скарыстаць у мове прыметнік самавіты: самавіты, прадстаўнічы мужчына, невысокая, але самавітая жанчына, самавітая сядзіба, самавітае жыцьцё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG