Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як паўплываюць вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты на выбарчую кампанію і агітацыю наконт рэфэрэндуму?


Валер Каліноўскі, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза свабоды”. Круглы стол “Свабоды” з удзелам рэгіянальных карэспандэнтаў, у перадачы бяруць удзел нашыя карэспандэнты з Гомелю, Берасьця, Менску і Магілёва Казімер Яноўскі, Алег Супрунюк, Міхал Стэльмак і Марыя Ўсьціновіч.

(Валер Каліноўскі: ) “Рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў завершаная, акруговыя выбарчыя камісіі пераважна адклалі гэтую працэдуру на апошні дзень, да якога працягваліся праверкі дэклярацыяў аб даходах і маёмасьці ды іншых дакумэнтаў кандыдатаў. Найбольш пільна правяраліся дакумэнты апазыцыянэраў, для траіх вылучэнцаў апазыцыі ў Менску камісіям нават не хапіла часу на праверку, і тэрмін іх рэгістрацыі адкладзены на пяць дзён. У выніку рэгістрацыі колькасьць кандыдатаў ад апазыцыі паменшылася прыкладна ўдвая, пераважна за кошт моцных палітыкаў, вядомых асобаў, рэальных прэтэндэнтаў на мандаты.

Найбольшай жорсткасьцю, відаць, вызначыліся акруговыя камісіі Гомельшчыны. Якія былі падставы і прычыны нерэгістрацыі апазыцыянэраў у вашай вобласьці? Пытаньне нашаму гомельскаму карэспандэнту Казімеру Яноўскаму”.

(Казімер Яноўскі: ) “На Гомельшчыне найбольш адчувальныя страты на этапе рэгістрацыі панесла Аб’яднаная грамадзянская партыя. З 11 яе вылучэнцаў зарэгістраваны толькі адзін — Мікалай Гаўрыленка зь Лельчыцаў. 12-ты сябра АГП Віктар Карняенка вылучаўся шляхам збору подпісаў, але і яго не зарэгістравалі. Выбарчая камісія налічыла ажно 17% несапраўдных подпісаў. Іншым прэтэндэнтам адмоўлена ў рэгістрацыі на падставе неадпаведнасьці дэклярацыі даходаў і дзейнасьці ад імя народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”.

Прычым былі й даволі камічныя сытуацыі. У Буда-Кашалёўскай акрузе лекара з АГП, не зарэгістравалі на той падставе, што ў дэклярацыі не пазначаны былі 7 тысяч рублёў, атрыманыя да Новага году на шампанскае ці то ад прэзыдэнта, ці то ад міністра аховы здароўя. У Хойніцкай акруговай камісіі юрысту Леаніду Судаленку ставілі ў віну тое, што ў анкеце ён напісаў “сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі”, а ня “член Аб’яднанай грамадзянскай партыі”.

Аднак усё гэта хутчэй зьнешнія падставы адмовы ў рэгістрацыі. Прычыны, як мяркуюць аналітыкі, палягаюць глыбей. Проста прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі — даволі вядомыя людзі. Да прыкладу, Юры Варонежцаў і Віктар Карняенка маюць досьвед працы ў Вярхоўным Савеце СССР. Васіль Палякоў і Леанід Арлоў — выкладчыкі ўнівэрсытэтаў. Словам, людзі высокаадукаваныя, са сваёй пазыцыяй. У Гомелі мяркуюць, што прычына нерэгістрацыі партыйных актывістаў — гэта, з аднаго боку, засьцярога улады: яны могуць выйграць выбары. З другога — боязь, што дэмакратычныя актывісты раскажуць выбарцам пра наступствы аб’яўленага рэфэрэндуму”.

(Каліноўскі: ) “Казімер, колькі кандыдатаў застаецца цяпер у вашых акругах? Ці рэальна правесьці выбары ў адзін тур, як казаў А.Лукашэнка?”

(Яноўскі: ) “Цалкам верагодна. У 7 з 17 акругаў вобласьці зарэгістравана толькі па аднаму кандыдату. У Гомельскай-Сельскай, Рэчыцкай і Хойніцкай акругах бесканкурэнтнымі кандыдатамі сталіся дзейныя дэпутаты Палаты прадстаўнікоў спадары Салаўёў, Куцко і Кулік. У Калінкавічах і Жыткавічах адпаведна — намесьніца старшыні аблвыканкаму Раіса Ціханская і былы міністар сельскай гаспадаркі Міхаіл Русы. Так што выбары ў адзін тур тут ужо забясьпечаныя.

А ўсяго на Гомельшчыне з 92 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат зарэгістраваныя толькі 33 кандыдаты. Гэта ў сярэднім нават меней, чымсьці два прэтэндэнты на адзін дэпутацкі мандат”.

(Каліноўскі: ) “Ці адрозьніваецца сытуацыя ад Гомельскай у Менскай вобласьці, ці засталіся тут зарэгіставанымі кандыдаты, здольныя перамагчы гэтыя выбары? Пытаньне нашаму менскаму карэспандэнту Міхалу Стэльмаку”.

(Міхал Стэльмак: ) “На Меншчыне сытуацыя іная, тут у акругах зарэгістравана, як правіла, па некалькі кандыдатаў. Па два, тры і нават больш. З другога боку, вынікі рэгістрацыі на Меншчыне наўрад ці можна назваць здавальняючымі для дэмакратаў. Паколькі шмат іх прадстаўнікоў не зарэгістравана. Разам з тым, ёсьць акругі, дзе апазыцыйныя дзеячы атрымалі пасьведчаньні кандыдатаў.

Напрыклад, у Дзяржынскай выбарчай акрузе №80 зарэгістравана Тацяна Ваніна, намесьніца старшыні зьліквідаванай Беларускай партыі працы. Ёй супрацьстаяць тры супернікі, якія ў той ці іншай меры ёсьць прадстаўнікамі ўладаў. Паводле спадарыні Ванінай, каб перамагчы, трэба правесьці актыўную працу з насельніцтвам. На перамогу ў Жодзінскай акрузе можа спадзявацца лідэр Жодзінскай філіі АГП Аляксандар Валчанін. У яго два супернікі ад улады. У Жодзіне Валчанін быў два скліканьні дэпутатам гарадзкога савету і мае добрую рэпутацыю змагара зь несправядлівасьцю, з карупцыяй мясцовых чыноўнікаў.

Неблагія шанцы, на маю думку, і ў прадстаўніка БСДП “НГ” Сяргея Салдаценкі ў Пухавіцкай выбарчай акрузе. Рэч у тым, што прадстаўнік уладаў Ігар Катляроў балятуецца тут трэці раз. А як лічаць жыхары раёну, спадар Катляроў даваў шмат абяцаньняў, аднак многія зь іх ня выкананыя”.

(Каліноўскі: ) “Міхал, што зьбіраюцца рабіць незарэгістраваныя кандыдаты, ці будуць яны ўдзельнічаць у кампаніі па рэфэрэндуме?”

(Стэльмак: ) “Большасьць прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў, якія не прайшлі рэгістрацыю, пытаньне рэфэрэндуму пакуль што адклалі для сябе, а найперш зьбіраюцца апратэставаць рашэньні акруговых камісіяў. Насамрэч, гэтыя рашэньні ў шэрагу выпадкаў выглядаюць дзіўнымі. Найбольш яскрава гэта выявілася ў Барысаўскай сельскай акрузе. Тут зьбіраліся рэгістравацца прадстаўнік эўрапейскай кааліцыі “Свабодная Беларусь” Зьміцер Бародка і сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Віктар Гарбачоў. І абодва яны былі выключаныя з далейшага ўдзелу. Асабліва недарэчнай выглядае сытуацыя з адмовай Віктару Гарбачову. Падставай для гэтага, як было заяўлена на паседжаньні акруговай камісіі, сталіся недакладныя зьвесткі пра грашовы ўклад спадара Гарбачова ў “Беларусбанку”. З другога боку, ёсьць ліст Цэнтарвыбаркаму пра тое, што кандыдат такіх зьвестак наогул не павінен падаваць.

Паводле Гарбачова, камісія выносіла такое рашэньне, каб зьняць перашкоду на шляху ў Палату прадстаўнікоў кандыдату ад улады старшыні Фэдэрацыі прафсаюзаў Леаніду Козіку. Абскардзіць рашэньні камісіі зьбіраюцца таксама й дэмакраты Салігорску, бо тут у горадзе з даўнімі дэмакратычнымі традыцыямі ў ліку зарэгістраваных у гарадзкой акрузе №90 няма прадстаўнікоў дэмакратычных сіл”.

(Каліноўскі: ) “Прыклад зь Леанідам Козікам, які зьяўляецца яўным фаварытам для мясцовай улады ў Барысаўскай акрузе, відавочна, не адзінкавы. Фактычна ў кожнай акрузе сярод зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты можна вызначыць асобаў, якія карыстаюцца падтрымкай уладаў. Каму аддае перавагу мясцовая вэртыкаль на Берасьцейшчыне, ці сапраўды, як наказваў Лукашэнка, жанчынам і вэтэранам? Пытаньне нашаму карэспандэнту Алегу Супрунюку”.

(Алег Супрунюк: ) “Сапраўды, яшчэ да моманту рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты ўважлівыя выбаршчыкі маглі здагадацца, каму сымпатызуе ўлада ў тым ці іншым горадзе і раёне. У мясцовых дзяржаўных газэтах друкуюцца шматлікія інтэрвію з гэтымі асобамі, іх здымае тэлебачаньне, прадстаўнікі выканкамаў запрашаюць іх да ўдзелу ў рознага кшталту мерапрыемствах у працоўных калектывах. Таму рэгістрацыя ў акруговых выбарчых камісіях толькі фармальна дала пачатак агітацыйнай кампаніі гэтым кандыдатам, бо насамрэч агітацыю з дапамогай мясцовых уладаў і сродкаў масавай інфармацыі яны пачалі значна раней.

Калі аналізаваць цяперашнія месцы працы й адукацыю гэтых асобаў, дык выглядае, што на Берасьцейшчыне ўлада робіць стаўку на мэдычных работнікаў. Больш чым у палове выбарчых акругаў, што створаныя ў вобласьці, прадстаўнікі гэтай прафэсіі ўспрымаюцца як кандыдаты ад улады, якім мясцовая вэртыкаль будзе дапамагаць трапіць у парлямэнт. Калі параўнаць гэтую сытуацыю зь мінулымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў, дык тады адміністрацыйным рэсурсам часьцей карысталіся настаўнікі ды іншыя работнікі сфэры адукацыі. Выглядае, што цяпер да іх ужо няма былога даверу і фаварытамі зьяўляюцца лекары”.

(Каліноўскі: ) “У Менску акруговыя камісіі ўсё ж зарэгістравалі некалькіх дэмакратычных кандыдатаў, у прыватнасьці, лідэраў БНФ, АГП, ПКБ. Ці такая ж сытуацыя ў Магілёве? Пытаньне нашай магілёўскай карэспандэнтцы Марыі Ўсьціновіч”.

(Марыя Ўсьціновіч: ) “Лідэры магілёўскіх арганізацыяў палітычных партыяў, якія ўваходзяць у кааліцыю “Пяцёрка плюс”, называюць вынікі рэгістрацыі проста жахлівымі. Паводле іх зьвестак, у Магілёве не зарэгістраваны ніводны дэмакрат, у Бабруйску стаў кандыдатам у дэпутаты толькі адзін вылучэнец сацыял-дэмакратычнай грамады Міхаіл Кавалькоў. Толькі тры кандыдаты ад АГП будуць змагацца за мандаты. Тыя патэнцыйныя кандыдаты, якія пішуць скаргі ў Цэнтарвыбаркам, называюць падставы адмоваў надуманымі.

Яны лічаць, што іх спэцыяльна вывелі з выбарчай кампаніі, каб аблегчыць працу кандыдытам ад улады і агітатарам за падтрымку Аляксандра Лукашэнкі на рэфэрэндуме. Акруговыя камісіі спасылаліся на недакладнасьці ў дэклярацыях, зьвестках аб прапісцы альбо ў біяграфіі, у некаторых раёнах былі зьліківідаваныя юрыдычныя адрасы партыйных суполак падчас кампаніі рэгістрацыі. А ў Магілёве падставай для адмовы лідэру АГП вобласьці Ўладзімеру Шанцаву сталася тое, што таямніча зьнік ягоны подпіс з заявы. Прычым сакратарка выбарчай камісіі, якая прымала дакумэнты ад яго, галасавала супраць таго, каб адмовіць Шанцаву ў рэгістрацыі. Але гэта не дапамагло. І такая сытуацыя дае падставу Ўладзімеру Шанцаву сёньня казаць, што “улада не саромелася ў сродках, таму што ведае, што ўсё дазволена, бо пачалася шырокамаштабная падрыхтоўка да фальсыфікацыі рэфэрэндуму”.

(Каліноўскі: ) “Марыя, як ацэньвае магілёўская апазыцыя патэнцыйны ўплыў вынікаў рэгістрацыі на магчымасьці яе агітацыі адносна рэфэрэндуму?”

(Усьціновіч: ) “У сувязі з тым, што зарэгістраваныя адзінкі кандыдатаў ад апазыцыі, агітацыя супраць трэцяга тэрміну Лукашэнкі й зьмяненьняў у Кастытуцыю ўскладніцца. Такое меркаваньне магілёўскіх дэмакратаў. Магчымасьцяў (у першую чаргу маецца на ўвазе доступ да СМІ) будзе меней. Такія вынікі рэгістрацыі карысныя ўладзе дзеля правядзеньня рэфэрэндуму, — так гавораць цяпер апазыцыянэры Магілёўшчыны”.

(Каліноўскі: ) “Дзякуй Марыі Ўсьціновіч, а таксама іншым нашым рэгіянальным карэспандэнтам, якія працягваюць сачыць за кампаніяй правядзеньня выбараў і рэфэрэндуму. Роўна месяц будзе працягвацца агітацыйная кампанія. Прадстаўнікі апазыцыі, якім удалося зарэгістравацца ў якасьці кандыдатаў у дэпутаты, кажуць, што будуць сумяшчаць сваю кампанію з агітацыяй супраць рэфэрэндуму. Большасьць незарэгістраваных будзе аспрэчваць рашэньні акруговых камісіяў у ЦВК і Вярхоўным судзе”.

Гл. таксама іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG