Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Колішняя народная любоў да Лукашэнкі ператварылася ва ўсеагульны страх”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Пра тое, што Аляксандар Лукашэнка наўрад ці пагодзіцца пакінуць прэзыдэнцкае крэсла ў адведзеныя Канстытуцыяй тэрміны, у Беларусі гаварылі даўно. 7 верасьня ўвечары беларусы даведаліся, што пасада прэзыдэнта ў дзяржаве можа стаць пажыцьцёвай. Прынамсі, менавіта гэтага дамагаецца Аляксандар Лукашэнка, прапануючы скасаваць норму Канстытуцыі, якая абмяжоўвае тэрмін прэзыдэнцтва дзесяцьцю гадамі. Тэма рэфэрэндуму і выбараў — адна з галоўных у нашай пошце на працягу ўжо значнага часу. Пачну з аднаго з такіх лістоў, які даслаў электроннай поштай наш даўні слухач і аўтар Валеры Грыцук зь Менску. Ён піша:

“Што рэфэрэндум будзе, гэта зразумела, i яму трэба даць бой! Хавацца ў бульбу (як заклікае Пазьняк) — недарэча. У Беларусi колішняя любоў да Лукашэнкі ператварылася ва ўсеагульны страх. Людзi нават падпiсвацца за кандыдата ад апазыцыi баяцца! Але галоўнае — замбаваньне, як у “Часе Быка” А.Яфрэмава. У дзяржаве дыктатара ня можа быць больш за аднаго лiдэра! Развагi аб цэнтрысцкiм палiтыку — гэта абстракцыя для Беларусi. Фактычна ёсьць толькi дзьве праблемы беларусаў. Першае — няма салiдарнасьцi, той, якую мелі палякі ў 1980–90-х гадах. (Дарэчы, дзесяцiгадовая праца Сяргея Антончыка гэту сытуацыю пацьвердзiла.) Другое — актывiсты не зразумелi, што палiтыка гэта высокаквалiфiкаваная праца, якая патрабуе штодзённай цяжкай работы з насельнiцтвам. Там дзе ёсьць штодзённая праца (Гомель, Барысаў), там ёсьць i эфэкт. Сакрэт перамогi просты: авалодай прафэсiяй палiтыка i цяжка, эфэктыўна працуй для Беларусi!”

Пра выбарчую кампанію разважае ў сваім лісьце і наш даўні слухач і аўтар Уладзіслаў Міцкевіч з Браслава, які лічыць, што ўдзельнічаць у выбарах ня варта. Ён піша:

“Чым больш апошнім часам слухаю Свабоду, тым больш прыходжу да высновы, што ваша радыё ўжо даўно не спрыяе ні свабодзе, ні вызваленьню Беларусі. Можа, лепш назваць вашу станцыю “Кааліцыя 5+”? І гэта ня толькі мая думка. Вядома, ёсьць у вас і выдатныя перадачы — “Палітычная геаграфія”, рэлігійныя чытаньні. Але вашыя экспэртызы ды размовы за круглым сталом выводзяць зь сябе. Ці не зашмат часу аддаяце балбатунам зь “Пяцёркі”?

Аднаго разу мне пашчасьціла сустрэцца ў Менску з вашым карэспандэнтам, якому я сказаў тое, што думаў. Ён, як звычайна і вы, таксама адказаў, што радыё толькі можа праўдзіва расказваць і асэнсоўваць падзеі. І дадаў, што народ павінен сам выбіраць, як яму жыць і за кім ісьці. Але ж у тым і ўся загваздка — якраз гэты самы народ вы і заблытваеце. Калі дзяржаўныя мэдыі яму ў асноўным хлусяць, дык вы — блытаеце. Просты чалавек, наслухаўшыся вашых перадачаў, не разумее, што рабіць: адны заклікаюць ісьці на выбары, іншыя — байкатаваць.

Тым часам хутка ўжо і дзіцяці будзе зразумела, што ніякіх справядлівых выбараў на сучасны момант у Беларусі быць ня можа, і хадзіць на іх ня трэба. Няма значэньня, як ты прагаласуеш: вынікі будуць сфальшаваныя на карысьць маскоўска-лукашэнкаўскіх змоўшчыкаў. Толькі масавы непрыход выбаршчыкаў на ўчасткі парушыць пляны рэжыму, якому трэба паказаць заходнім назіральнікам, што больш як палова выбаршчыкаў прыйшлі на ўчасткі”.

Ужо ня ў першым сваім лісьце, спадар Міцкевіч, вы патрабуеце, каб Радыё Свабода занялося прапагандысцкай дзейнасьцю — стала на пазыцыю вашай Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ і заклікала людзей не ісьці на выбарчыя ўчасткі. Але чаму мы павінны падзяляць вашы погляды і не пагаджацца з пазыцыяй дзясятку іншых палітычных партыяў, якія, дарэчы, колькасна значна вас пераўзыходзяць і ўдзельнічаюць у выбарчай кампаніі? На маю думку, вы глыбока памыляецеся, калі лічыце, што народ можна заблытаць, падаючы яму ўсебаковую інфармацыю і знаёмячы з разнастайнымі поглядамі на праблему. Блытаюцца якраз тады, калі ня ведаюць усёй праўды і пазбаўленыя магчымасьці выслухоўваць розныя погляды й пазыцыі.

Ліст ад Васіля Заблоцкага з Горадні — на тэму нядаўніх драматычных падзеяў у Расеі. Слухач піша:

“На тое, што адбываецца ў Бэслане, немагчыма глядзець бязь сьлёз. Безабаронных дзяцей узрывалі, расстрэльвалі ў сьпіны... А дзе ж былі ўсе гэтыя славутыя ФСБ, спэцатрады, “Беркуты” ды “Альфы”? Колькі грошай Расея ўкладвае ў сваю бясьпеку ды абарону, а насамрэч аказваецца, што абараняць уласных дзяцей ідуць пад кулі з голымі рукамі альбо зь бярданкамі толькі бацькі. Улады апраўдваюцца: маўляў, не рыхтаваліся да штурму, хацелі весьці перамовы... Ды вы павінны былі рыхтавацца да чаго заўгодна, гэта ваша прафэсія, ваша праца. Няўжо прэзыдэнт Расеі, кадравы “кагэбіст”, гэтага не разумее?

Абурае таксама тое, што на тле гэтай сапраўды агульнай бяды беларускія дзяржаўныя газэты і тэлебачаньне перапоўненыя падзякамі ўладзе і асабіста Аляксандру Рыгоравічу за тое, што не дапусьціў падобнага ў нас. Людзі пачарнелі ад гора, а ўлада цынічна рыхтуе валадара на пажыцьцёвы пасад. Хіба Лукашэнкі ў гэтым заслуга? Не яму, а Богу трэба дзякаваць за тое, што Беларусь разьмешчана не на Каўказе, а ў Эўропе, і што ў нас няма сваіх мусульманскіх анкляваў”.

Зусім слушныя пытаньні і заўвагі, спадар Заблоцкі. Дадам, што ўсе дзесяць гадоў свайго прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка пасьлядоўна дамагаўся стварэньня адзінай беларуска-расейскай дзяржавы. І адбывалася гэта на тле ўсё большага распаўсюджаньня тэрарызму ў Расеі, якому расейскія ўлады ня здольныя былі супрацьстаяць. Як паўплывала бы на бясьпеку беларускіх грамадзянаў тое, калі б Беларусь стала часткай Расейскай Федэрацыі, альбо калі б была створана адзіная беларуска-расейская дзяржава? Адказ на гэтае пытаньне сёньня відавочны для ўсіх.

Ліст ад Адама Зыля зь Менску. Слухач піша:

“Беларускія выбары ад падрыхтоўкі да правядзеньня амаль нічым не адрозьніваюцца ад гульні напарстачнікаў. Чаму расейскія (і ня толькі) назіральнікі, палітыкі не заўважаюць такую так званую “празрыстасьць”? А дзе ж тваё сумленьне, “Сьвятая Русь”? І заходнія палітыкі, і Пуцін вераць у Бога. Адкуль жа такое імкненьне зьнішчыць беларускі этнас зь яго вялікім унёскам са старажытных часоў у разьвіцьцё ўсясьветнай цывілізацыі? Гэта ж вялікі грэх. Некаторыя заходнія і амаль усе расейскія палітыкі кажуць, што мы — такі народ (або “народ хоча”), што ў Беларусі вельмі слабая, разрозьненая апазыцыя. Але пры якой дыктатуры была моцная апазыцыя? Мо, за часы Гітлера або Сталіна? Ды ня трэба забываць і пра шматвекавое зьнішчэньне або прысвойваньне ўсяго беларускага Масковіяй. Беларусам патрэбна хаця б 10–15 гадоў сапраўднай дэмакратыі, а потым яны самі вырашаць, з кім і як сябраваць.

Фактычнае зьнішчэньне беларускай мовы, літаратуры, культуры, фальшаваньне гісторыі: што гэта — падрыхтоўка да паглынаньня па камандзе Масквы, патрабаваньне вялікай колькасьці ўладнага чынавенства расейскага паходжаньня, а можа — нежаданьне беларускіх чыноў псаваць адносіны?”

Ні Расея, ні Захад ня здольныя, спадар Зыль, усталяваць беларусам дэмакратыю, зьмяніць уладу, выратаваць беларускую мову. Гэта праблемы, вырашэньне якіх залежыць найперш ад самога народу, нацыі. Так, зьнешнія фактары могуць мець істотнае значэньне, але не вырашальнае. Ніякія зьнешнія сілы, ніякі супраціў маскоўскага Крамля не перашкодзілі літоўцам і палякам стаць часткай эўрапейскай супольнасьці, уступіць у НАТО, выбраць тую ўладу, якую самі захацелі. Гэтак і ў выпадку зь Беларусьсю. Масква вельмі стрымана ставіцца да асобы Аляксандра Лукашэнкі, але толькі самі беларусы могуць вырашыць, як доўга яшчэ ён будзе заставацца пры ўладзе.

На заканчэньне ліст ад Анатоля Каршунова з Магілёва. Слухач піша:

“На выбарах я буду галасаваць за таго кандыдата, які ўкажа, у якога Бога верыць, які ў сваёй перадвыбарчай праграме возьме на сябе абавязак вярнуць грамадзянам Беларусі ўкрадзеную ў іх нацыянальнасьць. Таварыш Сталін меў духоўную адукацыю, верыў у Ісуса Хрыста, які даў запавет хрысьціянам любіць ворагаў сваіх. Сталін любіў ворагаў сваіх, таму і акружыў сябе ворагамі — паклёпнікамі, махлярамі, злодзеямі, забойцамі, якія забілі, закатавалі мільёны савецкіх грамадзянаў. А ўрэшце рэшт зганьбілі і самога Сталіна”.

Вельмі своеасаблівае ў вас, спадар Каршуноў, тлумачэньне гістарычных фактаў. Пра тое, якім хрысьціянінам быў Сталін, сьведчаць тысячы зьнішчаных паводле ягонага загаду хрысьціянскіх сьвятыняў, дзясяткі тысяч расстраляных і закатаваных сьвятароў і вернікаў. Што да тых, каго ён да сябе наблізіў, то ворагамі і шпіёнамі яны былі названыя ім жа — хоць большасьць зь іх яму аддана служыла.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ільля Копыл і Мікалай Слуцкі зь Менску, Сяргей Лявонцьеў зь вёскі Дуброва Сьветлагорскага раёну і Мікола Канаховіч з Пружанаў. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG