Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Моладзевая ініцыятыва “Кажан”: “Ніхто ня вырашыць нашых праблем, акрамя нас саміх”


Віталь Каратыш, Берасьцейская вобласьць Упершыню спэцыяльны выпуск “Маладых галасоў” прысьвечаны жыцьцю вясковай моладзі. Гаворка пойдзе пра палескую ініцыятыву “Кажан”, што яднае хлопцаў і дзяўчат з паселішчаў Дрэбск, Цна й Кажан-Гарадок – гэта ў Лунінецкім раёне Берасьцейшчыны.

Сёньня ў праграме: – беларускамоўныя дыскатэкі. Ад пачатку ўсіх дзівілі песьні на роднай мове, а цяпер наведнікі самі замаўляюць такія кампазыцыі. – музычныя вечарыны дапаўняюцца выступамі ўласнага рок-гурту”Цень”. Папулярнасьць каманды дасягнула такіх маштабаў, што хутка зьявіцца фан-клюб. – моладзевае п’янства. Мы спрабуем адцягнуць падлеткаў ад бутэлькі й змусіць думаць пра сваё далейшае жыцьцё. – выносім сьмецьце з хаты. Мы прыбіраем вёску, а сельсавет толькі корміць нас абяцанкамі дапамогі. – інфармаванасьць вясковай моладзі. Расповеды тых, хто вучыцца ў горадзе, запаўняюць інфармацыйны вакуўм. – летапіс вясковага жыцьця – газэта “Крылы”. Наклад разыходзіцца ў адно імгненьне. – цяжкасьці рэгістрацыі. Улады цьвердзяць, што зьвязы, кшталту нашага, Беларусі не патрэбны.

На пачатку крыху перадгісторыі. Уласна кажучы, за тое, што арганізацыя зьявілася на белы сьвет, мы мусім сказаць “вялікі дзякуй” мясцовай уладзе. Хоць і нясьціпла, але давядзецца распавядаць ад першай асобы. Колькі год таму я, Віталь Каратыш, працаваў эканамістам у тутэйшай калектыўнай гаспадарцы. У нейкі момант такі занятак надакучыў. Я прыйшоў да старшыні сельсавету й абвясьціў: карціць стаць вясковым дэпутатам. Той запярэчыў. Маўляў, досьведу яшчэ не дастаткова. І прапанаваў мне, чалавеку без адпаведнай адукацыі, ачоліць Дрэбскі дом культуры. З гэтага ўсё й пачалося. Хутка зьявілася Моладзевая ініцыятыва “Кажан”. Асноўная мэта зьвязу – культурніцкі ўздым роднай мясцовасьці й вывучэньне спадчыны краю. Наш дэвіз: “Ніхто ня вырашыць нашых праблем, акрамя нас саміх”.

Гаворкі пра дыскатэкі

Зазвычай “кажаны” зьбіраюцца ў Дрэбскім вясковым доме культуры. Гэтая будыніна й ёсьць месцам нашага нараджэньня, бо менавіта тут мы ўпершыню заявілі пра сябе.

Некалі самая папулярная дыскатэка ладзілася ў суседняй вёсцы Цна. Мы не маглі мірыцца з такой сытуацыяй і зрабілі сваю. І пры гэтым кіраваліся прынцыпам: “слухай сваё, таньчы пад сваё”. Пра тое, што з гэтага атрымалася, распавядае супрацоўніца клюбу Алена Ленінец.

(Алена Ленінец: ) “У нас гучыць беларуская музыка. Яна, дарэчы, падабаецца моладзі. Некаторыя нават самі просяць паставіць беларускую кампазыцыю. Рэпэртуар мы падбіраем самастойна й ставім тую музыку, якая падабаецца моладзі й падабаецца нам”.

(Віталь Каратыш: ) “Якая была першая рэакцыя людзей, калі яны пачулі на дыскатэцы беларускую музыку?”

(Алена Ленінец: ) “Было зьдзіўленьне. У нас беларускае мовы ня чуюць – ня тое што музыку. Аднак пасьля нас падтрымалі”.

(Віталь Каратыш: ) “Як ставіцца раённы аддзел культуры да ўжываньня беларускай мовы на дыскатэках і на масавых мерапрыемствах?”

(Алена Ленінец: ) “Мяркую, што яны ня супраць гэтага. Яны не пярэчаць. Культура й павінна гаварыць пра Беларусь”.

(Віталь Каратыш: ) “Часта пануюць такія меркаваньні, што вёска – глухое месца, вельмі адсталае, у параўнаньні з гарадзкой культурай…”

(Алена Ленінец: ) “А чаму ж тады прыяжджаюць да нас на Палесьсе, у Чарнобыльскую зону? Прыяжджаюць і пасьля распавядаюць, як тут у нас файна ўсё праводзіцца!”

Гаворкі пра цень

З часам высьветлілася, што навакольныя вёскі – гэта сапраўдны кляндайк таленавітай моладзі. Нам усяго толькі трэба было сабрацца ў адным месцы, у пэўны час і захапіцца супольнай ідэяй. І такія падзеі ня змусілі сябе доўга чакаць. Наўздагон вестцы пра беларускамоўныя дыскатэкі навакольле Дрэбску скаланулася ад чарговай навіны: у клюбе рок-гурт “Цень” запрашае на свой прэм’ерны канцэрт.

Упэўнены, што праз колькі год мы апануем цэлыя старонкі ў энцыкляпэдыі беларускага року. Але й тады ніхто ня будзе ведаць пра нашыя першыя крокі болей, чым актывістка “Кажану” адзінаццаціклясьніца Вольга.

(Вольга: ) “Хлопцы пачалі граць, і ў некаторых выявіліся такія таленты! І тут прыйшла такая мысьля: чаму б нам не стварыць новы гурт? Хлопцы падумалі й вырашылі, што гэта было б няблага”.

(Віталь Каратыш: ) “Ці можаш ты прыгадаць першы канцэрт гурту?”

(Вольга: ) “Людзі прыйшлі й спачатку ня ведалі, што тут будзе адбывацца, ім было цікава. А пасьля яны прыслухаліся й зразумелі: у гэтых хлопцаў ёсьць нешта такое, што не аддаляе іх ад нашай вёскі, ёсьць нешта такое, што – наадварот – іх прыцягвае. І людзям пачалі падабацца іхныя песьні. Нават людзі сталага веку пачалі прыходзіць сюды, і ім спадабалася гэтая музыка”.

(Віталь Каратыш: ) “Наколькі я разумею, у гурта вельмі хутка зьявіліся прыхільнікі й прыхільніцы. Якім чынам прыхільніцы выказвалі сваю сымпатыю?”

(Вольга: ) “Прыхільніц было нямала. Прыходзілі нават дзяўчынкі з суседняй вёскі. Быў тут такі гітарыст Саша, за якога змагалася вялікая колькасьць дзяўчынак. Яны яго вельмі кахаюць!”

(Віталь Каратыш: ) “Калі гурт мае такую папулярнасьць... Ці не паўставала ідэя стварыць фан-клюб?”

(Вольга: ) “Гэтае пытаньне трэба разгледзець”.

Гаворкі пра сьмецьце

Адразу папярэджу, што да ініцыяванай уладамі кампаніі ўпарадкаваньня нашыя дзеяньні ня маюць аніякага дачыненьня. Нам папросту абрыдла глядзець на горы сьмецьця ля вясковага Дому культуры, і мы вырашылі наладзіць чысьціню. Аднак, як часта бывае, файная ідэя выклікала зьдзіўленьне ў адных і раздражнёнасьць у іншых. Прыгадвае ўдзельніца падзеяў, цяперашняя студэнтка й будучая бізнэс-адміністратарка Тацяна Гусьціновіч.

(Тацяна Гусьціновіч: ) “Прыбіралі сьмецьце ля клюбу. Сама мясцовасьць вымагала гэтага: там былі цыгарэтныя карабкі, абгорткі з-пад марозіва, розныя бутэлькі – гэтага было вельмі шмат. Колькі я памятаю, столькі гэтае сьмецьце не прыбіралася. І калі ідзеш, папросту непрыемна глядзець на такое. Усім спадабалася тое, што рабіла моладзь. Але ўсе папярэджвалі, што сьмецьце гэтае зьявіцца ізноў. “Вы зрабілі добрае, але ніхто на гэта ня зважыць”.

(Віталь Каратыш: ) “Ці падзяляеш ты такія пэсымістычныя выказваньні?”

(Тацяна Гусьціновіч: ) “У нейкай ступені, я згодна. Калі б людзі рабілі гэта самі, яны пасьля сьмецьце не кідалі б”.

(Віталь Каратыш: ) “Мясцовыя ўлады падтрымлівалі, альбо перашкаджалі гэтым дзеяньням?”

(Тацяна Гусьціновіч: ) “Ад пачатку ўсе былі толькі “за”: “Вы толькі зьбярыце сьмецьце ў кучу, а мы яго вывезем”. Прайшоў адзін дзень, другі – гэта сьмецьце аказалася нікому не патрэбным: “Вы прыбралі, і гэта вашыя справы. Самі яго вывозьце, што хочаце, рабіце зь ім. Можаце яго нават сабе дадому занесьці. Гэта вашыя справы!”

(Віталь Каратыш: ) “Чым можна патлумачыць такую рэакцыю ўладаў?

(Тацяна Гусьціновіч: ) “Уладам гэта было ня так ужо й патрэбна. Магчыма, у іх не хапіла трактара ці яшчэ чаго-небудзь. Сёньня трактара няма. А заўтра? Усё адно ён зьявіўся б. Можна было б прыехаць і усё гэта прыбраць. Ніхто гэтага не зрабіў”.

Гаворкі пра моладзевае п’янства

Адным з галоўных накірункаў дзейнасьці “Кажана” ёсьць прапаганда здаровага ладу жыцьця. Згодны, што ў вёсцы бывае цяжка пазьбегнуць алькагольнай спакусы. Асабліва – калі пляшка чарніла каштуе таньней за якасныя харчы. Аднак кожны творыць свой лёс уласнымі рукамі. І сьведчаньнем гэтаму – развагі Аляксандра Калюціча.

(Аляксандар Калюціч: ) “Для мяне самае важнае – гэта пытаньне маёй будучыні: якая будзе мая праца? Дзе й як я буду надалей жыць? Сёлета я скончыў 11-ую клясу, і для мяне вельмі важна паступіць і атрымаць вышэйшую адукацыю. Але ня ўсе так, як я, надта ўжо дбаюць пра будучыню. Яны думаюць, як лепш наладзіць жыцьцё цяпер, а не пазьней”.

(Віталь Каратыш: ) “Зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца гэтыя людзі?”

(Аляксандар Калюціч: ) “Тут самая важкая праблема – знайсьці працу. У калгасе заробак вельмі малы – 20 тысяч. Моладзь хоча палепшыць сваё жыцьцё. Але не ва ўсіх гэта атрымліваецца. І гэтыя людзі пачынаюць піць. Кіраўніцтва калгасу робіць так, каб п’яніцы-працоўныя не патраплялі на працу. А на маладых п’яніц ніхто не зьвяртае ўвагі”.

(Віталь Каратыш: ) “А ці шмат цяпер маладых п’яніц на вёсцы? Колькі чалавек у маладым узросьце можна назваць п’яніцамі?”

(Аляксандар Калюціч: ) “Палова п’яніцы, а палова – яшчэ не. Мы намагаемся зрабіць так, каб больш людзей думалі не пра бутэльку, а думалі нешта рабіць. У моладзі ёсьць вольны час. Мы намагаемся яго скарыстаць на вандроўкі, на размовы па-беларуску”.

(Віталь Каратыш: ) “Ці ёсьць прыклады, што Моладзевая ініцыятыва “Кажан” паставіла чалавека на добры шлях, адвярнула ад п’янства?”

(Аляксандар Калюціч: ) “10-15 чалавек – прыкладна столькі. Ёсьць такія людзі, якія да сустрэчы з намі ня ведалі, чым заняцца й толькі марылі пра бутэльку. Але цяпер яны нам дапамагаюць, і яны на нашым баку”.

(Віталь Каратыш: ) “Як дарослыя людзі ставяцца да дзейнасьці Моладзевай ініцыятывы?”

(Аляксандар Калюціч: ) “Ставяцца вельмі станоўча, бо нічога дрэннага мы яшчэ не зрабілі. Што да ўлады, яна паглядае на нас ня вельмі добра. Напэўна, яна баіцца, што мы робім нешта супраць яе. Зазвычай улада нешта загадае – і ўсе выконваюць. А калі гэта нам не падабаецца, чаму мы будзем гэта рабіць? Мы робім тое, што лічым патрэбным”.

(Віталь Каратыш: ) “Якія палітычныя сымпатыі пануюць у моладзевай інціыятыве “Кажан”?”

(Аляксандар Калюціч: ) “Моладзь нашай вёскі хоча жыць у дэмакратычнай дзяржаве, а не ў савецкай. Улада па тэлевізары гаворыць, што яна дбае пра Беларусь, але на самой справе яна больш клапоціцца пра сябе, чым пра народ”.

(Віталь Каратыш: ) “Ці спадзяесься ты, што гэтая сытуацыя можа зьмяніцца разам з выбарамі ў парлямэнт?”

(Аляксандар Калюціч: ) “Моладзь ня верыць, што выбары будуць празрыстыя й дэмакратычныя. Аднак мы будзем старацца абраць дэмакратычнага чалавека. Бо мы хочам, каб Беларусь была дэмакратычнай дзяржавай”.

Гаворкі пра інфармаванасьць

Аляксандру Калюцічу мы пажадаем посьпеху ў штурме Пэдагагічнага ўнівэрсытэту ў Берасьці й завітаем да яшчэ адной сяброўкі Моладзевай ініцыятывы Томы Зубко. Яна ўжо некалькі год навучаецца ў БДУ. Гэтая паненка мае магчымасьць параўноўваць жыцьцё моладзі ў вёсцы й вялікім горадзе.

Разам з Томай мы спрабуем разабрацца ў сымпатыях і антыпатыях тутэйшай моладзі, а таксама высьветліць, хто ці што ўплывае на погляды новага пакаленьня.

(Тома Зубко: ) “Асноўная праблема – гэта адсутнасьць інфармацыі й інфармаванасьці пра ўсё тое, што ў нас цяпер адбываецца. Яны чуюць пра нейкія праблемы, але яны нават ня ў стане зразумець іх да канца, бо ім ніхто пра гэта не распавядае. Такія, як ты й я, ня ў стане вырашыць гэтую праблему. Такое павінна вырашацца на роўні навучальнай установы. Напрыклад, у школе. Але там у нас прыкметны зусім адваротны працэс. Там дзяцей вучаць ня думаць: ім кажуць, што гэта – ня іхныя праблемы”.

(Віталь Каратыш: ) “На канкрэтным прыкладзе – як гэта адбываецца?”

(Тома Зубко: ) “Ці даўно вы бачылі нашую школьную літаратуру па гісторыі Беларусі? Узяць хаця б тое, што там напісана. Прыкладна такое: “ад той пары, калі ў нас зьявіўся наш выдатны Аляксандар Рыгоравіч, у нас усё стала так добра: калгасьнікі сталі зарабляць грошы, каровы ў калгасе сталі больш тлустымі. Ураджаі збожжа й надоі малака дасягнулі небывалых вышыняў. Нам такое й ня сьнілася!” Гэта – рэчаіснасьць: я сама такое чытала. Калі я пайшла вучыцца ва ўнівэрсытэт, я сутыкнулася зь людзьмі, якія раскрылі вочы на тое, што робіцца ў нашай краіне, што робіцца ня так”.

(Віталь Каратыш: ) “А што перашкаджае табе пераказваць гэтую інфармацыю сваім аднагодкам?”

(Тома Зубко: ) “А хто сказаў, што я гэтага не раблю? Калі я не распавядаю пра гэта на шырокую аўдыторыю – гэта ня значыць, што я не раблю такога ў вузкім коле сяброў”.

(Віталь Каратыш: ) “А што перашкаджае людзям, якія ўжо скончылі школу, самім здабываць інфармацыю?”

(Тома Зубко: ) “Галоўная прычына ў тым, што бацькі гэтай моладзі таксама не інфармаваныя. А яны не інфармаваныя таму, што ў іх дастаткова іншых праблем. Іх турбуе кавалак хлеба на стале й вопратка для свайго дзіцяці. Я лічу, што моладзь у вёсцы дзеліцца на дзьве часткі. Першыя хочуць як мага хутчэй адсюль зьліняць. Другія застануцца тут і будуць працаваць за такія ж грашы, як і іхныя бацькі, і ў тым жа месцы. Тая частка, якая зьбіраецца адсюль выехаць, яна настройваецца на лепшую долю ў горадзе, дзе шмат машын і шмат цывілізацыі, якое яны яшчэ ня бачылі. Хаця тут нашмат лепей! Адсоткаў 60 мараць выехаць адсюль. Аднак атрымаецца гэта толькі ў паловы зь іх. Асабіста я лічу, што вёска – гэта найлепшае, што можа быць у нашым жыцьці!”

Гаворкі пра “крылы”

Як любая арганізацыя, якая паважае самую сябе, мы маем уласныя герб і сьцяг. Наш галоўны сымбаль – выява кажана, а сьцяг – усё тая ж істота на чырвоным тле. Да сьпісу атрыбутаў варта дадаць інфармацыйны бюлетэнь “Крылы”. У сёньняшняй Беларусі хапае самвыдату. Аднак нашая газэта выбітная тым, што, па-першае, выходзіць у вёсцы, а па-другое, цалкам заангажаваная ў моладзевыя праблемы.

“Крылы” робяцца не прафэсіяналамі, але аматарамі. Прыкладам, Віктар па мянушцы Калабок. Нядаўні выпускнік школы цяпер працуе памочнікам камбайнэра. А ў вольны час – спрабуе свае сілы ў напісаньні артыкулаў.

(Віктар “Калабок”: ) “Нашая газэта пачала выходзіць у сьвет у 2003-м годзе. Мы пісалі шмат рознага. Першапачатковая мэта – каб пра нас даведаліся: хто такія “Кажаны” й чым яны займаюцца. У нашым бюлетэні таксама ёсьць навіны. Гэта навіны пра нашую вёску: што ў ёй адбываецца, што мы робім для людзей, таксама навіны пра вучэльні – як вучыцца студэнтам і як людзі міжсобку кантактуюць”.

Да вашае ўвагі фрагмэнт з артыкулу ў газэце “Крылы”:

“У Лунінецкім Прафэсійна-тэхнічным каледжы было адлічана 2 вучні. Хлопец і дзяўчынка займаліся таксікаманіяй у інтэрнаце, дзе іх злавілі. Яны яшчэ пасьля хацелі скончыць жыцьцё самагубствам.

Другога адлічылі з пачэсных радоў БРСМ і адправілі дамоў. Бо ў яго ўжо была не адна заўвага. Раней было састаўлена некалькі пратаколаў, таму што ён знаходзіўся ў нецьвярозым стане.

У гэтым годзе адна з вучаніцаў прынесла ў Каледж палавое захворваньне, якім потым захварэла многа людзей. Яе адразу выключылі з вучылішча.

Я спадзяюся, што адміністрацыя зробіць усё, што можна, каб паставіць усё на свае месцы. А такіх вучняў трэба не задумваючыся выключаць з вучылішча. Яны проста не задумваюцца, як яны будуць жыць далей. Як яны будуць зарабляць грошы, як яны будуць існаваць. Калі ў іх будуць сем’і, то як яны іх будуць карміць. Але, напэўна, у такіх людзей ня будзе сям’і. Такія людзі самі жывуць ня доўга. Так што спачатку падумай, а потым зрабі тое, што задумаў. Так што пакуль не позна, то бярыся за розум. Вучыся на памылках другіх, а не на сваіх”.

(Віталь Каратыш: ) Якая рэакцыя мясцовых уладаў на гэтае выданьне?

(Віктар “Калабок”: ) Ад пачатку яны былі зьдзіўлены, што ў вёсцы зьявілася ўласная газэта. Пасьля прызвычаіліся. Часам ў нашых публікацыях вылазіць і палітыка. І яны бываюць не задаволены гэтым. Але мы іх не баімся, бо заўсёды кажам праўду”.

(Віталь Каратыш: ) “А рэакцыя мясцовага насельніцтва?”

(Віктар “Калабок”: ) “Моладзь цягне да гэтай газэты. Яна чакае новага нумару. Моладзь цікавіцца рознымі думкамі, якія мы публікуем. Людзі больш сталага веку ўспрымаюць яе ня вельмі. Але мы стараемся давесьці інфармацыю й да іх”.

(Віталь Каратыш: ) “Якім чынам адбываецца распаўсюд газэты?”

(Віктар “Калабок: ) “Мы яе распаўсюджваем самі. Калі я вучыўся ў школе – адносіў газэту туды. Чакалі гэтай газэты як вучні, так і настаўніцы. Нашая газэта распаўсюджваецца вельмі хутка. Мы нават яе не пасьпяваем друкаваць. Накладу 299 паасобнікаў заўсёды не хапае. Хочам рабіць больш, але нельга”.

Гаворкі пра рэгістрацыю

Паверце, мы спакойна можам абыходзіцца без уласнай пячаткі, фірмовага блянку, разьліковага рахунку ды іншых знакаў афіцыйна зарэгістраванай грамадзкай арганізацыі. Але паколькі “кажаны” – людзі законапаслухмяныя, дык аднойчы мы вырашылі легалізаваць свой статус. Згадкі пра нашыя юрыдычныя прыгоды падае адзін з чальцоў моладзевай ініцыятывы, Зьміцер Грыневіч.

(Зьміцер Грыневіч: ) “Мы падалі дакумэнты ў горад Лунінец, у райвыканкам. Нават прыехаў юрыст і падказаў памылкі. якія трэба выправіць. Пасьля нашыя дакумэнты паехалі ў Берасьце. Аднак там сказалі, што рэгістраваць такія арганізацыі зусім не патрэбна. Бо яны не патрэбны нашай краіне”.

(Віталь Каратыш: ) “Чым выкліканы такія дзеяньні ўладаў? Такое нежаданьне рэгістраваць “Кажан”? Ці сапраўды такія арганізацыі не патрэбны грамадзтву Беларусі?”

(Зьміцер Грыневіч: ) “Такія арганізацыі патрэбны Беларусі. Аднак улады не падтрымліваюць таго, што мы праводзім. Мы ад іх не залежым і не падпарадкоўваемся ім, і гэта ім не падабаецца”.

(Віталь Каратыш: ) “Адсутнасьць дзяржаўнай рэгістрацыі перашкаджае дзейнасьці моладзевай ініцыятывы?”

(Зьміцер Грыневіч: ) “Перашкаджае. Жыхары нашай вёскі ня думалі б, што арганізацыя падпольная, калі б мы былі зарэгістраваны. Да нас далучыўся б яшчэ хто-небудзь, у нас была б больш масавая арганізацыя”.

Памятаеце: на пачатку я распавядаў, што да ўзьнікненьня Моладзевай ініцыятывы “Кажан” спрычыніўся тутэйшы сельсавет. Пэўна, старшыня не аднойчы шкадаваў, што некалі прапанаваў мне ачоліць вясковы Дом культуры.

Чыноўнікі не жадаюць рэгістраваць нас, але ўскосна прызнаюць, што мы працуем эфэктыўна. Пра гэта, да прыкладу, сьведчаць настойлівыя запрашэньні пакіраваць Лунінецкай раённай філіяй БРСМ. Але такая роля не па мне.

Як і раіў наш вясковы вэртыкальнік, я здабыў досьвед працы зь людзьмі, і ў гэтую восень, за часам давыбараў у мясцовыя саветы, маюся вылучыць сваю кандыдатуру на раённага дэпутата.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG