Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Быкаў пра 27 ліпеня 1990 году: “Самая радыкальная і самая выніковая спроба з усіх спроб”


Сяргей Навумчык. Прага Успаміны Васіля Быкава з архіваў Радыё Свабода.

Адразу пасьля прыняцьця у ліпені 1990 году Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі “ЛіМ” надрукаваў нашу гутарку з Васілём Быкавым, у якім ён даў ацэнку Дэклярацыі: "Дзеля таго, каб дакумэнты такога роду адпавядалі свайму наміналу, патрэбны адпаведны палітычны ўзровень народнай сьвядомасьці, выразная дэмакратычная воля яго кіраўніцтва. А якая тут воля, калі ў гэтай залі Вярхоўнага Савета, які прымаў Дэклярацыю, выразна панаваў хаўтурны настрой, бо ўсё гэта рабілася супраць волі большасьці".

Празь сем гадоў, у 1997 годзе, я патэлефанаваў Васілю Ўладзімеравічу са “Свабоды”, але жонка, Ірына Міхайлаўна, параіла шукаць яго ў на Ўшаччыне, у Бычках. Над хатай брата, дзе гасьцяваў Быкаў, ішла навальніца, і голас Васіля Уладзіміравіча ледзь прабіваўся праз тэлефонныя перашкоды...

(Быкаў: ) “Ну, вядома, што кожная гістарычная зьява набывае сваё выразнае разуменьне з адлегласьці часу. У маштабах гісторыі вельмі цяжка зблізку зразумець тое ці іншае. Асабліва такую зьяву лёсавызначальную, як сувэрэннасьць, скажам, той ці іншай краіны. Або яе шлях да гэтай сувэрэннасьці. Ну але што датычыць сувэрэннасьці Беларусі, дык можна ўжо сказаць пэўна, што ўсё-такі тое, што адбылося, хаця і не прынесла плёну, але, безумоўна, яго нельга пераацаніць у гістарычных маштабах. Гэта вельмі значная зьява, і хаця яна, можна сказаць, скончылася нічым, яна дала, па-першае, урок, па-другое, яна ў каторы раз заклала падмурак. І ўрэшце, я думаю, што гэтыя падмуркі калі-небудзь спраўдзяцца і спатрэбяцца. Ну, калі гэта будзе – цяжка сказаць.

Што ж датычыцца Апазыцыі ў Вярхоўным Савеце, то я думаю, што ў тых умовах, у той час менавіта Апазыцыя Беларускага народнага фронту зрабіла гераічны ўчынак з таго, што дамаглася менавіта гэтай сувэрэннасьці. Гэта, канечне, яе заслуга. І чым далей, незалежна ад таго, чым гэта скончыцца – незалежна ад гэтага – ад лёсу Беларусі наагул, зноў жа, у гістарычным вымярэньні гэта будзе вельмі значна, і гэта будзе ацэнена праз вякі. І тут ня так важна, ці гэта скончылася вялікай удачай, хаця, канечне, шанец быў, вельмі рэдкі. Ну, відаць, грамадзтва перш за ўсё, з пэўных прычын не магло пакарыстацца гэтым шанцам. Але, усё-такі зроблена спроба, можа быць самая радыкальная і самая выніковая спроба з усіх спроб. А няўдача – яна часам бывае болей значна і болей красамоўная за якую-небудзь удачу, асабліва за ўдачу напалову. Я думаю, што час ацэніць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG