Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь бязь містыкі – русыфікацыя і беларуская мова


Сяргей Дубавец, Вільня Як за мінулыя 10 гадоў зьмяніліся ў Беларусі адносіны да роднае мовы і які лёс чакае мову ў будучыні? Новая перадача сэрыі “Вострая Брама”.

У мінулай перадачы мы гаварылі пра лёс. Варажбітка на картах, экстрасэнс і астроляг адкрывалі нам сваё бачаньне будучыні Беларусі і яе кіраўніка. Але ўсе яны ў адзін голас адмовіліся казаць пра беларускую мову – што будзе зь ёю, ці яна запануе ў грамадзтве, ці занепадзе, ці застанецца ў такім самым становішчы як сёньня. Мова варажбе не падлягае. Занадта яна самастойная і незалежная зьява, каб слухацца пасьянсу зорак. Выглядае, што сёньня з гэтым згодныя ўсе. А, між тым, яшчэ гадоў дзесяць таму ўсё было ня так. Тады пра лёс беларускай мовы варажылі як асобныя палітыкі і культуролягі, так і цэлым народам – на рэфэрэндуме. І здавалася, што народ паставіў на сваёй спадчыннай мове крыж, даўшы сваю згоду на далейшую русыфікацыю.

І русыфікацыя працягвалася – на цалкам законных цяпер ужо падставах. З высокай трыбуны гучалі прысуды роднаму слову, якім, маўляў, нічога талковага ня выкажаш, лёс беларускай школы быў аддадзены на водкуп настаўнікаў, што патрабавалі ад бацькоў адмысловых заяваў на беларускамоўнае навучаньне (каб вучыцца па-расейску, ніякіх дэклярацыяў не патрабавалася), адзіны беларускі гуманітарны ліцэй быў загнаны ў падпольле, родная мова цалкам зьнікла з чынавенскіх кабінэтаў і амаль цалкам – з тэлевізійных перадач. Словам, прысуд выконваўся з усім стараньнем, але... Зьява аказалася сапраўды настолькі незалежная, што вынік рэпрэсіяў атрымаўся, бадай, адваротны.

За мінулыя дзесяць гадоў мы адвыклі казаць пра гібель мовы і адначасова ўмацаваліся ў думцы, што мова – гэта галоўнае, што робіць нас нацыяй. Мы ўсе – ад прыхільнікаў да ворагаў беларушчыны – пагадзіліся з тым, што мова абавязкова прыйдзе і зойме ўсе нішы грамадзкага жыцьця, яна толькі рыхтуецца да гэтага, разам з намі чакае свайго часу. Магчыма нават, што яна ўжо прыйшла – з новым пакаленьнем цяперашніх 15-20 гадовых, якія валодаюць ёю (15-20 гадоў таму такога не было) і папросту яшчэ не праявіліся, не занялі сваіх пазыцыяў у жыцьці. Вось яны праявяцца і яна праявіцца разам зь імі.

За мінулыя 10 гадоў мы адвыклі сумнявацца ў будучыні роднае мовы. Мы перасталі разважаць пра ролю трасянкі, пра што горача дыскутавалі раней. Зьніклі прагнозы адносна “ірляндызацыі”, затое можна сустрэць параўнаньне беларусаў з чэхамі. Сапраўды, чым мы ўжо не падобныя да Ірляндыі, дык гэта сваім моўным лёсам. Можа быць, зьнешне падобныя, але сутнасна – не. Хіба прафэсійную літаратуру па-кельцку можна параўнаць з прафэсійнай літаратурай па-беларуску? У Ірляндыі, праўда, ёсьць ажно сямёра сваіх пісьменьнікаў – ляўрэатаў Нобэля, але ўсе яны англамоўныя. Мы ж можам прэтэндаваць на папулярнасьць у сьвеце нашых паэтаў і празаікаў толькі зь ліку тых, што пішуць па-беларуску.

Словам, цалкам пазбаўленая дзяржаўнай падтрымкі беларуская мова за мінулыя дзесяць гадоў ня толькі нікуды ня дзелася, але й адкрыла ўсім нам – палітыкам, культуролягам, народу – сваю глыбокую сутнасьць – яна неўміручая. Прынамсі, законамі і ўказамі яе не заб’еш.

З матэрыялу, які падрыхтаваў Зьміцер Бартосік, вынікае, што паняткі Беларусь і беларуская мова ў сьвядомасьці людзей сталі сыньнімамі.

(Бартосік: ) “Мінулым разам, пачуўшы ад варажбіткі, прадказальніцы і астроляга адзін і той адказ наконт доўгай палітычнай кар’еры Аляксандра Лукашэнкі, я не засумаваў. Тое, што яшчэ тры гады таму магло ўспрыняцца як драма асабістага жыцьця, як беспрасьвецьце і безвыходнасьць – сёньня падалося мне ўсяго толькі шэрым фонам, на якім існуюць рэчы шматкроць больш важныя, якія да таго ж не паддаюцца прадказаньням і варажбе. Напрыклад, беларуская мова. Вось што сказала мне варажбітка, схаваўшы свае карты, як ужо непатрэбны рэквізыт:

– Усё будзе ў Беларусі нармальна?

– Канечне.

– А мова беларуская? Памрэ ці будзе жыць?

– А вось мне хочацца, каб яна жыла і жыла. Я ж яе люблю. Чаго гэта Лукашэнка так робіць? Рускі язык зачэм? Беларуская мова – свая родная.

Адказ прадказальніцы з ідэалягічнай установы ўразіў мяне таксама:

– Можа гадоў 10 ці 15 яшчэ будзе так, як ёсьць. А потым калі беларуская мова загіне, загіне ўсё. І Беларусь загіне. Гэта ня значыць, што мова нейкая архаічная, а проста каб ведаць мову, на ёй трэба думаць, ня толькі размаўляць. Чалавек павінен думаць па-беларуску.

Тое, што лёс мовы не залежыць ад нябесных сьвяцілаў, я здагадваўся. І адказ астроляга Канстанціна Сяльчонка толькі дадаў маёй упэўненасьці адносна яе будучыні.

– Я б ня зьмешваў разьвіцьцё мовы як культурнага фэномэну з астралягічнымі працэсамі. Чаму? Глыбока перакананы ў тым, што мова разьвіваецца цалкам самастойным шляхам, без асаблівай залежнасьці ад эканомікі і палітыкі, як ні дзіўна. Іншы раз здаецца, што прынялі закон – і адразу ўсе вывучылі. На мой погляд, беларуская мова – гэта настолькі магутны культурны фэномэн, што зьнішчыць яе або забыць ня так проста. Тым больш, што ўрэшце гэта нікому не патрэбна. Вельмі шмат тут залежыць ад канкрэтных людзей. Ад законаў – наўрад ці, ад кіраўніцтва – наўрад ці. Калі мова патрэбная, а яна патрэбная людзям, яна будзе разьвівацца, жыць. Ёсьць жа маса прыкладаў моваў, якія выжывалі ў мінімальных культурных супольнасьцях, хоць бы Ізраіль з адраджэньнем іўрыту. Я думаю, што ў адносінах беларускай мовы небясьпека была гадоў восем таму, калі мова стала прадметам палітычных гульняў. Але надалей культурная сфэра абасобіцца, зойме сваё месца і мова зможа сябе абараніць як ад замахаў на яе інтэнсіўнае разьвіцьцё, так і ад спробаў яе зьнішчыць.

Сапраўды, будучыня гэтая залежыць не ад зорак, а ад народу, у вуснах якога мова жыве або памірае, і ад прадстаўнікоў гэтага народу – палітыкаў, якія могуць падтрымаць разьвіцьцё і пашырэньне роднага слова, а могуць – наадварот – усяляк выціскаць яго з грамадзкага ўжытку. Сёньняшняя ўлада абрала сабе другі спосаб паводзінаў. А чаго нам і нашай роднай мове чакаць ад улады заўтрашняй? Ад тых, прынамсі, хто мае цьвёрды намер тую ўладу ажыцьцяўляць?

Такія пытаньні прывялі мяне да аднаго зь лідэраў апазыцыі, дэпутата і генэрала Валера Фралова.

– Спадар Фралоў, як часта Вам даводзіцца карыстацца беларускай мовай. І дзе гэтую мову Вы чуеце болей: у сьценах парлямэнту ці на вуліцы, ці дзе-небудзь яшчэ?

– Карыстацца даводзіцца ня вельмі часта. На жаль. Але ж, мне здаецца, я даволі добра размаўляю на ёй. Бо выхоўваўся ў беларускай вёсцы. Бабка мая – беларуска. Гэта яе мова. Маці – беларуска. Гэта яе мова. У парлямэнце я зусім яе ня чую. І больш чую, калі зьбіраецца інтэлігенцыя, Рада інтэлігенцыі, Валодзя Колас асабіста. Часта чую мову, калі сустракаюся з патрыятычнай моладзьдзю. Яна таксама размаўляе па-беларуску. Ну і, на жаль, трэба адзначыць, што людзі карыстаюцца ёй вельмі рэдка. Недзе ў раёнах трасянка трошкі гучыць…

– Ёсьць такая думка, што мова – адзін з нацыятворных чыньнікаў, фактараў. Ён не адзіны, але галоўны. Гэта тое, што нацыю аб’ядноўвае. Ці Вы з гэтым згодныя?

– Мне здаецца, галоўны чыньнік. Так заўсёды было. Можна прывесьці нейкія прыклады, калі аргентынцы, напрыклад, гавораць па-гішпанску. Там мова не зьяўляецца, так гістарычна склалася. Калі ў беларусаў ёсьць свая мова... Так ня можна казаць – мова там добрая. У нас добрая мова. Калі я некалі прыяжджаў ад бабкі... Я да сямі гадоў гадаваўся там, а пасьля пайшоў у школу. Але ж летам заўсёды вяртаўся да бабкі, сустракаўся са сваімі хлопцамі. За тры месяцы я пачынаў размаўляць толькі па-беларуску. І вяртаўся ў Менск, мне казалі – калхозьнік. І мне прыходзілася хуценька вяртацца да расейскай мовы. І, мне здаецца, гэта якраз тая інтэлігенцыя казала, рабочым было ўсё роўна, на якой мове размаўляць, тым больш на МАЗе шмат было людзей, якія прыяжджалі зь вёсак. Для іх гэта было ня вельмі важна – на якой мове ты размаўляеш. Дзіцячыя гады, яны неяк уплываюць на жыцьцё, я ж апошні час, 35 гадоў, пакуль служыў у арміі, заўсёды размаўляў па-расейску. Але калі я ў дзяцінстве размаўляў па-беларуску, дык мне і няцяжка пераходзіць на беларускую мову. Гэта мова маёй маці, маёй цёткі, бабкі, якія мяне выхоўвалі. І я неяк не задумваўся, што гэта нейкая брыдкая мова. Гэта мова маіх родных.

– А калі даць самыя спрыяльныя ўмовы для адраджэньня беларускай мовы, хто, якая сацыяльная група выступіць найбольшым авангардам у гэтым адраджэньні? Інтэлігенцыя, сялянства, пралетарыят, вайскоўцы, міліцыянты? Хто?

– Мне здаецца, інтэлігенцыя. Але ні ў якім разе ня трэба прымушаць кагосьці мову вучыць. Ня так, як Пазьняк – толькі па-беларуску кажы і ўсё. Паціху. Вельмі памяркоўна, вельмі спакойна. Які мэнталітэт у нашага народу, так паціху трэба ўводзіць. Можа, спачатку ў гуманітарных навучальных установах, інтэлігенцыя, тэлевізар. І калі кіраўніцтва краіны будзе размаўляць на беларускай мове, для нашых чыноўнікаў, якія заўсёды забягаюць наперад паравоза, іх яшчэ трэба будзе стрымліваць, каб яны зноў не пачалі ўводзіць беларускую мову сілком. Бо гэтыя хлопцы папруць канкрэтна наперад. Паперадзе паравоза бегчы будуць і дакладаць – колькі яны каго абучылі, каго прымусілі, як яны працуюць ладна на гэты конт. Мне здаецца, тут як у арміі, добрым прыкладам сваім – рабі, як я. Тады і астатнія будуць размаўляць на беларускай мове. Калі будзе ўлада ў тых людзей, якія зразумеюць, што такое родная мова, добра ўсё будзе. Усе будуць размаўляць так, як і патрэбна размаўляць грамадзяніну сваёй нацыі.

– Вы лічыце, што беларусы яшчэ не дайшлі да той мяжы, калі ўжо мову адрадзіць немагчыма?

– Мне здаецца, што той мяжы, калі вяртацца немагчыма, такога яшчэ не адбылося.

У адказе генэрала прагучала вельмі трапная, на маю думку, фраза. Пра “ўладу тых людзей, хто разумее, што такое родная мова”. Можа, у гэтым разуменьні і трэба палітыкам шукаць свой посьпех, сваё прызнаньне ў народзе і добрую памяць пра сябе на ўсе наступныя вякі. Бо гэтае разуменьне – пашпарт на валоданьне гэтай зямлёй. З усімі, як кажуць, наступствамі. Ці не таму нам, за рэдкім выключэньнем, не прыгадваюцца тутэйшыя ўладары двух апошніх стагодзьдзяў, што гэтага разуменьня ў іх ня было і не магло быць? І ці не таму сапраўдная ўлада ніяк ня хоча ісьці ў рукі тых, хто толькі робіць выгляд, што ўсё “разумее”?”

(Дубавец: ) “Асьцярожнасьць, зь якой Валеры Фралоў ставіцца да пашырэньня роднага слова – гэта таксама досьвед, набыты за апошнія 10 гадоў. Гэта ня толькі знак павагі да мовы, але й прызнаньне яе вялікае мэтафізычнае сілы і заключанага ў ёй жыцьцёвага патэнцыялу, яшчэ не зусім зразумелага, але адчувальнага. Напэўна, цяпер ужо ні сябры, ні ворагі беларушчыны не рызыкнулі б вырашаць моўнае пытаньне па-заліхвацку, праз рэфэрэндум. І сёньняшні кіраўнік краіны, напэўна ж адчуў, што ўсе ягоныя перамогі не ўвянчаліся гэтай – мовы ён не перамог.

Як доўга мы ідзем да ўсьведамленьня таго, што ўжо даўно зразумелі іншыя, што наша становішча ў сьвеце не ўнікальнае, а такое самае, як ва ўсіх, што і намі самімі некалі было ўсьвядомлена і прагалошана сто гадоў таму вуснамі пачынальніка Францішка Багушэвіча: “Наша мова для нас сьвятая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, м гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусьцілі яе на зьдзек, не раўнуючы як і паны вялікія ахватней гавораць па-француску, як па-свойму”.

Адрынутая дзяржавай і значнай часткай электарату беларуская мова знайшла сабе прыстанак у пакаленьні 15-20-гадовых. Іх пакуль яшчэ не відаць на арэне публічнага жыцьця, але яны разам. Іх перавага ў тым, што яны непазьбежна прыйдуць да стырна палітыкі і культуры, а разам зь імі прыйдзе і яна, мова.

Менавіта адносіны грамадзтва да сваёй мовы сёньня найбольш адрозьніваюць нас ад усіх нашых суседзяў, ад іншых эўрапейскіх народаў. Гэта часовае становішча, абумоўленае дзесяцігодзьдзямі русыфікацыі, рэпрэсіяў і прапагандысцкага замбаваньня. У асобнай краіне Беларусі цяпер пагаршэньне сытуацыі з родным словам можа азначаць толькі агульнае пагаршэньне для ўсёй краіны і ўсяго народу. Тут мы дайшлі да самага ніжняга пункту самаедзтва і ізаляцыі. Далей можа быць або зусім блага – але блага для нацыі, бо мова ўжо даказала сваю неўміручасьць, альбо добра – у гэтым выпадку і для мовы, і для нацыі разам. Што я маю на ўвазе? Прыклад любога зь пяці нашых суседзяў. Велізарную творчую працу значнае часткі нацыі, якая забясьпечвае высокае і годнае становішча роднага слова ў краіне.

Распрацоўка тэрміналёгіі ва ўсіх сфэрах сучаснага жыцьця, – гэта тое, праз што прайшлі і праходзяць усе. А ў нас гэта калі й робіцца, дык адзінкамі падзьвіжнікаў ды яшчэ й на паўлегальным становішчы. А ўявіце, каб гэта было публічна з удзелам тысячаў спэцыялістаў. Потым – уся сыстэма адукацыі па-беларуску. Досьвед закрытага ўладамі гуманітарнага ліцэю паказаў, наколькі гэта можа быць плённа і здарова. А яшчэ ўявіце сабе шэсьць-сем тэлеканалаў па-беларуску. Гэта на практыцы было б стварэньне беларускае тэлевізіі, якую сёньня так цяжка назваць і беларускай, і тэлевізіяй. Натуральна, тыя каналы былі б камэрцыйнымі. А ўявіце кнігарні, поўныя клясыкі і навінак сусьветнае літаратуры па-беларуску, відэатэкі з сотнямі фільмаў, перакладзеных па-беларуску, кампутарныя праграмы па-беларуску, мабільную сувязь па-беларуску... А тысячы тавараў з анатацыямі ды спэцыфікацыямі, а візуальнае аблічча гарадоў... Вы скажаце – манілаўшчына. Паўтаруся – усяго толькі досьвед суседзяў – Латвіі, Літвы, Польшчы, Расеі, Украіны. Рэальнасьць іхнага жыцьця.

Колькі ж народу ў нашай 10-мільённай краіне было б занятае такой творчасьцю альбо далучанае да яе? Прыблізна, дзясятая частка. Хоць у цэлым гэты працэс мусіць ахопліваць увесь народ. Гэта і ёсьць пашана да роднае мовы і місія роднае мовы, якая ператварае будзённае і часта шэрае жыцьцё ў творчасьць, а ўсяму разам жыцьцю ўсёй разам нацыі надае годны і глыбокі сэнс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG