Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка выступіў за ўмацаваньне сувязяў з Эўразьвязам, але досыць нэгатыўна выказаўся на адрас ЗША


Валер Каліноўскі, Менск Аляксандар Лукашэнка, выступаючы сёньня перад беларускімі амбасадарамі, заявіў пра нязьменнасьць палітыкі сувэрэнітэту й незалежнасьці Беларусі, пра насьпеласьць пошуку альтэрнатыўных расейскім крыніц энэргарэсурсаў і рынкаў збыту. Поруч з Расеяй ён аднёс да стратэгічных партнэраў Беларусі й Эўразьвяз. А таксама выказаўся пра гатовасьць узаемадзейнічаць з НАТО дзеля патрыманьня ўзаемнай бясьпекі.

На першае месца сярод зьнешнепалітычных прыярытэтаў Аляксандар Лукашэнка зноў паставіў Расею, пажадаўшы, каб беларуская эканоміка разам з расейскай складалі “адзіны народнагаспадарчы комплекс.” Ён заклікаў да нарошчваньня беларускага экспарту ў Расею з разьлікам на плацежаздольны попыт, што дае краіне магчымасьці дадатковага эканамічнага росту.

У паасобку, спадар Лукашэнка сказаў, што Беларусі трэба падключацца й да альтэрнатыўных крыніцаў энэргіі й сыравіны, выходзіць на іншыя рынкі. Аляксандар Лукашэнка заявіў: калі не зрабіць гэтага, то “беларускай эканомікай пачне кіраваць расейская кан’юктура, і нашая самастойнасьць застанецца толькі на паперы”.

Лукашэнка запэўніў у нязьменнасьці палітыкі сувэрэннасьці й незалежнасьці Беларусі. Паводле яго, рэсурс “пэўных элемэнтаў інтэграцыі” з Расеяй вычарпаў сябе, што паказвае досьвед апошніх трох гадоў: ён альбо працуе ўпустую, альбо нават учыняе шкоду. Да інтэграцыйных схем, якія не спрацавалі, прамоўца аднёс праект Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы й увядзеньне адзінай валюты. Гэтыя праекты адкладзены, а інтэграцыя з Расеяй цяпер ўяўляецца А. Лукашэнку як “прагматычны” працэс.

Іншым стратэгічным партнэрам быў названы Эўразьвяз, які стаў суседам Беларусі. Эўразьвяз кіраўнік нашай дзяржавы лічыць важным партнэрам у пляне эканамічнага супрацоўніцтва: доля беларускага экспарту ў краіны Зьвязу за апошні час вырасла да 40 адсоткаў. “Гэта сотні тысяч працоўных месцаў, прыбыткі мільёнаў беларусаў”, – прызнаў А. Лукашэнка.

(Лукашэнка: ) “З 1 траўня гэтага году ў нас прынцыпова новая сытуацыя: на Захадзе эўрапейскі гігант – Эўразьвяз, на ўсходзе – эўразійскі гігант Расея. А паміж імі нашая краіна – Беларусь. Сьвет стаў іншым. Хачу з пэўнасьцю сказаць галоўнае: у новай сытуацыі Беларусь – ня буфэрная дзяржава, і не васал той ці іншай краіны”.

Меней прыязнай была пазыцыя А. Лукашэнкі адносна ЗША, якія ён зьвінаваціў за злоўжываньне ўсясьветным лідэрствам у эканамічнай, фінансавай, вайсковай і палітычнай галінах.

Прыкладамі такога злоўжываньня Аляксандар Лукашэнка назваў войны ў былой Югаславіі й Іраку. Лукашэнка прызнаў, што ў Беларусі няма нармальных адносін з ЗША, і ня будзе, пакуль Злучаныя Штаты ціснуць на Беларусь. Кіраўнік нашае краіны заклікаў ЗША зразумець, што Беларусь – дэмакратычная паводле сваіх уласных рэцэптаў і зьяўляецца донарам эўрапейскай бясьпекі.

Адстаўны беларускі дыплямат Міхаіл Бацян перакананы, што размовы пра замежныя прыярытэты – толькі фармальная падстава для выкліку ўсіх беларускіх амбасадараў у Менск. Галоўная мэта Лукашэнкі – дабіцца зьнешнепалітычнага забесьпячэньня будучага рэфэрэндуму пра трэйці тэрмін прэзыдэнцтва.

(Бацян: ) “Канечне, ня так гэта ўсё проста. Па-першае, ня кожны год зьбіраюць амбасадараў. Бо, ведаеце, іх сорак – амбасадараў з усіх куткоў сьвету. Сам прылёт іх сюды нямала каштуе. Таму мне здаецца, яны тут былі ўсе накручаны ў сэнсе падыходаў да таго, што мае адбыцца – да рэфэрэндуму на конт працягу тэрміну гэтага так званага прэзыдэнта. Так што я перакананы: апрача фармальнай нагоды, была больш істотная нагода – нефармальная”.

Міхаіл Бацян упэўнены: беларуская зьнешняя палітыка ў цяперашніх умовах – гэта палітыка аднаго чалавека. МЗС і ўсе амбасады мусяць працаваць на ўладу аднаго чалавека. Да таго ж, спадар Бацян прызнаецца, што не адчуў шчырасьці ў словах Аляксандра Лукашэнкі пра супрацоўніцтва з Эўразьвязам і НАТО, і пры Аляксандру Лукашэнку Беларусі, відаць, ня ўдасца нармалізаваць сваіх адносін з краінамі Захаду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG