Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Цэнтравыбаркаму заяўляе, што выбары зь вялікай колькасьцю кандыдатаў на дэпутаты "будуць неэфэктыўнымі"


Уладзімер Глод, Менск Спадарыня Ярмошына заяўляе, што Цэнтравыбаркам зыходзіў з таго, што ў выбарчай акрузе можа быць да 10 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат.

Нагадаю: першы тур выбараў у Палату прадстаўнікоў прызначаны на 17 кастрычніка. Прэтэндэнты павядуць барацьбу за 110 вакантных месцаў.

19 ліпеня падчас прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай пачатку выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў, спадарыня Ярмошына паведаміла: Цэнтравыбаркам зыходзіў з таго, што ў выбарчай акрузе можа быць да 10 прэтэндэнтаў на дэпутацкі мандат. Менавіта з гэтай лічбы вызначалі й каштарыс выбарчай кампаніі:

(Ярмошына: ) "Але гэта вельмі многа. Многа – чаму? Таму, што, на жаль, многа кандыдатаў – гэта, відаць, неэфэктыўныя выбары. Бо гэта азначае, што паўсюдна мусіць адбыцца другі тур. Таму шмат кандыдатаў – гэта неэфэктыўная выбарчая кампанія. Неэфэктыўная ў тым сэнсе, што яна не прыносіць выніку".

Незалежны экспэрт Міхаіл Пліска цьвердзіць: такі падыход зусім не адпавядае міжнароднай практыцы:

(Пліска: ) "Чым больш кандыдатаў, – тым больш ёсьць магчымасьці ў выбарнікаў выбраць тую кандыдатуру, якая найбольш адпавядае іхным поглядам. Сапраўды, у краінах сталай дэмакратыі, там, дзе ўстаялыя сыстэмы, – там, безумоўна, менш кандыдатаў. Але ва ўсіх краінах пераходнага грамадзтва, дзе толькі яшчэ фармуецца партыйная сыстэма, – шмат кандыдатаў. І таму зьвязваць колькасьць кандыдатаў на дэпутата па адной выбарчай акрузе з эфэктыўнасьцю выбарчай і палітычнай сыстэм – не мэтазгодна, на мой пункт гледжаньня".

Спадар Пліска дадаў, што, напрыклад, ува Ўкраіне, дзе ён быў назіральнікам за выбарамі дэпутатаў Вярхоўнай Рады, 10 і нават больш прэтэндэнтаў на адзін мандат лічылася за звычайную норму. Ужо сёньня зразумела: і ў Беларусі кандыдатаў на дэпутаты Палаты прадстаўнікоў будзе больш, чым на папярэдніх парлямэнцкіх выбарах. Бо чатыры гады таму бальшыня апазыцыйных партый адмовілася ад удзелу ў выбарах.

Спадарыня Ярмошына нагадала: калі ў другім туры прагаласуюць ня менш за 25% выбарнікаў, пераможцам стане той з двух кандыдатаў, які набярэ больш галасоў. А вось галасаваньне "супраць усіх" у другім туры фактычна ня ўлічваецца:

(Ярмошына: ) "У 1995 годзе выбары ў Вярхоўны Савет 13 скліканьня адбыліся. Але, тым ня менш, было абрана толькі 80 дэпутатаў – улетку 1995 году. Тады дзейнічала правіла: калі колькасьць галасоў "супраць" перавышае колькасьць галасоў "за", – лічылася, што выбары не адбыліся. Цяпер мы ад гэтага адышлі".

Спадар Пліска пагаджаецца, што перавага галасаваньня "супраць усіх кандыдатаў" у пэўнай ступені зацягнула фармаваньне Вярхоўнага Савету 13 скліканьня. Аднак ён ня лічыць тое галоўным:

(Пліска: ) "Доўгае фармаваньне Вярхоўнага Савету 13 скліканьня не ад гэтай нормы залежала. Але ад таго, што тады й на другі тур выбарнікаў павінна было прыйсьці на выбарчыя ўчасткі больш за 50%. Цяпер у другім туры гэтая норма сапраўды зьніжана – да 25%".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG