Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Гардзіенка: “Гісторыя Беларусі ХХ стагодзьдзя — суцэльная калябарацыя”


Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя”.

Даўно Беларусь ня ведала падобных сьвяткаваньняў. Перад 3 ліпеня цягам цэлага месяцу народ праз афіцыйныя СМІ рыхтавалі да сьвяточных дзействаў. Авіяпарад над Менскам. Начная цырымонія ў Хатыні з удзелам трох прэзыдэнтаў — Беларусі, Расеі і Ўкраіны. Лязэрнае шоў на Плошчы Перамогі… Адбітак у памяці народнай застаўся. А паколькі дата й сапраўды гістарычная, мы вырашылі вярнуцца да яе з гісторыкамі Натальляй і Алегам Гардзіенкамі.

(Міхась Скобла: ) “Пачнем з галавы сям’і. Вы, Алег, займаецеся ваеннай гісторыяй. Дата 3 ліпеня — як дзень вызваленьня Беларусі — адпавядае гістарычнай праўдзе?”

(Алег Гардзіенка: ) “3 ліпеня 1944 году быў вызвалены Менск. Але ж да канчатковага вызваленьня Беларусі заставаліся доўгіх 25 дзён. Так, 5 ліпеня было вызвалена Маладэчна, 8 ліпеня — Баранавічы, 9 ліпеня — Ліда, 10 ліпеня — Слонім, 14 ліпеня — Пінск, Горадня — 16 ліпеня, а 28 ліпеня апошні беларускі горад — Берасьце. Падлічана, што падчас апэрацыі “Багратыён” штодзень гінула каля 2.700 савецкіх жаўнераў. І гэта ня лічачы стратаў партызанаў альбо мірнага насельніцтва ў гэтыя дні. Цяжка адказаць адназначна, калі ж тады сьвяткаваць Дзень вызваленьня Беларусі. Някепска арыентавацца на сталіцу. Але ж 3 ліпеня вызваленьне прыйшло ня ў кожную хату, яшчэ на працягу трох з паловай тыдняў гінулі людзі. Украіна ж не сьвяткуе свайго вызваленьня 6 лістапада, калі ў 1943 годзе немцы былі выбітыя з Кіева. Я бы прапанаваў адзначаць Дзень вызваленьня Беларусі 9 траўня, адначасова з Днём Перамогі”.

(Натальля Гардзіенка: ) “Вайна, як любая лёсавызначальная падзея ў нацыянальнай гісторыі, падпадае пад пільную ўвагу ўладаў, а падзеі яе ў значнай ступені міталягізуюцца. Але ўсё гэта ня мае ніякай сувязі з сапраўднай гісторыяй. Такія дзяржаўныя сьвяты, якія ёсьць цяпер у нас, абслугоўваюць найперш інтарэсы ўлады, якая й вызначае даты згодна з уласным разуменьнем падзеяў. Калі гаварыць пра дату гістарычна мэтазгодную, то гэта, на мой погляд, 28 ліпеня, калі было вызваленае Берасьце”.

(Скобла: ) “Вядома, што ў 1944 годзе з адступленьнем немцаў і з наступам савецкай арміі вельмі шмат беларусаў былі вымушаныя выехаць на Захад. Ці ёсьць нейкая статыстыка: колькі чалавек тады былі “вызваленыя” ад радзімы?”

(Алег Гардзіенка: ) “Дакладных зьвестак аб колькасьці беларусаў, што апынуліся падчас другое ўсясьсветнае вайны ў Нямеччыне, на жаль, няма. Паводле інфармацыі Беларускага Нацыянальнага камітэту ў Заходняй Нямеччыне, ад 75 да 100 тысяч беларусаў пасьля вайны пастанавілі не вяртацца ў Беларусь. Гэта былі й супрацоўнікі беларускае адміністрацыі, і жаўнеры БКА, і паліцыянты, і прадстаўнікі інтэлігенцыі, якія нейкім чынам былі заангажаваныя ў нацыянальна-культурнае жыцьцё пад акупацыяй і цудоўна разумелі, што савецкая ўлада паквітаецца зь імі. Але асноўную, відаць, частку складалі сяляне, якія не хацелі паспытаць яшчэ раз савецкага раю, прычым сяляне як з Заходняй, так і з Усходняй Беларусі.

Ні ў якім разе не хацелі вяртацца ў Беларусь жаўнеры польскіх збройных частак, якія ўжо адседзелі ў 1939–41 гадох у сталінскім лягерох і здолелі пазьбегнуць Катыні. Няма поўных зьвестак і па колькасьці остарбайтэраў, што вярнуліся ў Беларусь у выніку рэпатрыяцыі. Афіцыйна зафіксавана, што на прымусовыя працы ў Нямеччыну і Аўстрыю былі вывезеныя 399 374 чалавек, тады як вярнулася, па адных зьвестках, 223 тысячы, па іншых — рэпатрыяцыйнымі камісіямі былі адпраўлены на радзіму 350 тысяч чалавек. Большая частка зь іх, магчыма, вярталася добраахвотна, але былі й такія, хто не хацеў вяртацца…

Не пашчасьціла тым, хто апынуўся ў савецкай зоне акупацыі. Амаль усе тыя, хто ўцякаў ад бальшавікоў, былі вернутыя ў СССР. А тут іх чакалі лягеры. Так быў арыштаваны па вяртаньні ў СССР паэт і драматург Тодар Лебяда, які атрымаў 25 гадоў лягероў і так і не вярнуўся ў Беларусь, памёр у Разанскай вобласьці. Добраахвотна вярнулася паэтка Вольга Таполя — і атрымала некалькі гадоў высылкі. У менскай турме сядзеў прафэсар Мікола Байкоў. Былі вывезеныя з Чэхіі Ларыса і Янка Геніюшы. Сьпіс можна працягваць”.

(Натальля Гардзіенка: ) “Згодна зь Ялцінскімі пагадненьнямі, усе жыхары СССР, што апынуліся на тэрыторыі Нямеччыны і Аўстрыі, павінны былі быць рэпатрыяванымі. Не траплялі ў гэтую катэгорыю тыя, хто на 1 верасьня 1939 году пражываў на тэрыторыі Польшчы, краінаў Балтыі. Таму почасту жыхары Ўсходняй Беларусі падавалі сябе за нараджэнцаў Маладэчна, Вільні, Горадні, Рыгі. Але надзейней было схавацца за чужую нацыянальнасьць. Таму і запісваліся палякамі, літоўцамі, латышамі і г.д. У тыя часы нават існавала прыказка: “Каб радзімы не відаць, вырашыў хоць чортам стаць”. Разам з тым важна падкрэсьліць, што кім беларусы ні запісаліся пры эміграцыі, паводле перакананьняў і сьветапогляду яны ў новых краінах заставаліся беларусамі і ў пераважнай бальшыні імкнуліся захоўваць сваю нацыянальную самасьвядомасьць, папулярызаваць беларускую культуру”.

(Скобла: ) “Калі вы гаварылі пра Ялцінскія пагадненьні, я прыгадаў Максіма Лужаніна. Ён акурат і езьдзіў у складзе рэпатрыяцыйнай камісіі па лягерох для перамешчаных асобаў, сам мне пра гэта расказваў. Ён жа прызнаўся, што папярэдзіў свайго колішняга калегу Антона Адамовіча, каб не вяртаўся, а падаваўся далей на Захад. Але ж ня ўсе былі папярэджаныя… Скажыце, Натальля, а як трактаваліся “калябаранты” (паводле савецкага разуменьня) на Захадзе?”

(Натальля Гардзіенка: ) “Магу адказаць на прыкладзе сваіх досьледаў у Аўстраліі. Лічыцца, што пасьля вайны ў гэтай краіне апынулася каля 10 тысяч беларусаў — пераважна сялянскія сем’і, значная частка якіх з Заходняй Беларусі. Паводле зьвестак Аўстралійскага нацыянальнага архіву, толькі некалькі дзясяткаў асобаў запісалі сябе беларусамі, іншыя ехалі часьцей як палякі. Для аўстралійскіх уладаў усе яны былі найперш таннай працоўнай сілай. Прычыны іх невяртаньня на радзіму працадаўцаў не цікавілі, хаця пагалоскі пра тое, што сярод вялікай колькасьці прыбылых з Эўропы ўцекачоў могуць быць ваенныя злачынцы, узьнікалі й у Аўстраліі. Аднак рэальна гэта датычыла толькі тых, хто ўдзельнічаў у зьнішчэньні мірнага насельніцтва. Беларусы ж, якія проста жылі ў часе нямецкай акупацыі на сваёй зямлі, працавалі, выжывалі, а потым не жадалі заставацца пад саветамі, ніяк пад катэгорыю “ваенных злачынцаў” не траплялі.

Вядомы прыклад прэзыдэнта БЦР Міхася Зуя, які прыбыў у Аўстралію пад іншым прозьвішчам, але паведаміў уладам пра гэта, а таксама пра абставіны свайго жыцьця. Усе факты адмыслова правяраліся аўстралійцамі, у выніку ён быў залічаны да звычайных уцекачоў і грамадзянства аўстралійскае прымаў ўжо пад уласным прозьвішчам”.

(Скобла: ) “Найноўшы “Слоўнік іншамоўных словаў” А.Булыкі дае прыблізнае тлумачэньне панятку “калябарант”: “здраднік, які супрацоўнічаў з ворагам”. Але што значыць “супрацоўнічаў”? Паэт, які друкаваў вершы пра каханьне ў акупацыйным друку — ён калябарант?”

(Алег Гардзіенка: ) “Адназначна — не. Клясычныя прыклады калябарантаў — лідэр нарвэскіх нацыянал-сацыялістаў Відкун Квісьлінг, нарвэскі пісьменьнік Кнут Гамсун, які адкрыта заклікаў падтрымліваць нацыянал-сацыялістаў. У Францыі пасьля вайны калябарантам стаў герой першай сусьветнай вайны Анры Пэтэн і піянэры францускага аўтамабілебудаваньня браты Рэно. Аднак тут ёсьць адзін нюанс. І Францыя, і Нарвэгія да акупацыі былі дэмакратычнымі дзяржавамі з нармальнымі інстытутамі ўлады. І гэтыя людзі сьвядома пайшлі на службу да таталітарнай дзяржавы — Нямеччыны.

У Беларусі ўсё было ня так. Беларускія палітыкі ў 1941 годзе мусілі выбіраць паміж двух агнёў — ці таталітарную Нямеччыну, ці такі ж таталітарны Савецкі Саюз. Беларускі гісторык з Варшавы, найлепшы знаўца гісторыі другой сусьветнай вайны ў Беларусі, Юры Туронак лічыць, што пад калябарацыяй звычайна разумеюць супрацоўніцтва з ворагам на шкоду сваёй дзяржаве і народу. Пры такім разуменьні калябарацыя ня можа быць апраўданай, яна караецца як здрада радзіме. Але галоўнай мэтай беларускіх нацыянальных дзеячаў была спроба аднаўленьня ліквідаванай бальшавікамі беларускай дзяржаўнасьці. Першачарговай задачай лічылася разьвіцьцё нацыянальнай самасьвядомасьці народу, арганізацыя беларускай адміністрацыі й войска.

Беларускія палітыкі супрацоўнічалі зь немцамі, дамагаючыся для Беларусі пэўных саступак, і гэта нельга назваць калябарацыяй. Зрэшты, СССР зь верасьня 1939-га па чэрвень 1941-га супрацоўнічаў зь Нямеччынай, але ж, прыкладам, савецкі міністар замежных справаў Молатаў ня лічыцца калябарантам!

Частка беларускіх палітыкаў паверыла ў нямецкія абяцаньні пабудаваць Новую Эўропу, дзе знойдуць месца ўсе пакрыўджаныя Вэрсальскай сыстэмай народы. І такія спадзяваньні былі небеспадстаўныя. Існавалі два яскравыя прыклады, калі славянскія народы атрымалі, дзякуючы Нямеччыне, незалежнасьць — у сакавіку 1939-га Славаччына і ў красавіку 1941-га — Харватыя.

Ілюзіі беларускіх палітыкаў разьвеяліся ў першыя месяцы акупацыі Беларусі. Немцы не зьбіраліся дзяліцца ні з кім сваімі набыткамі. Зь Беларусі нават не была створаная асобная адміністрацыйная адзінка. Частку яе аддалі Ўкраіне, частку — Нямеччыне, частку Літве. Рэшту падзялілі на цывільную і вайсковую зоны. Цывільную разам з былымі балтыйскімі краінамі ўлучылі ў склад Райхскамісарыяту Остлянд.

Да таго ж, трэба ўлічваць і наступны аспэкт. Чаму беларусы з прыходам нямецкіх акупантаў мусілі ваяваць за тую дзяржаву, якая на працягу двух дзесяцігодзьдзяў раскулачвала, расстрэльвала, заганяла ў Сыбір і Курапаты? Па розных падліках, у 1917–53 гадох бальшавікамі ў Беларусі было рэпрэсавана ад 600 да 900 тысяч чалавек. Як можна было лічыць сваёй тую дзяржаву, якая ў 1930-я гады зьнішчыла амаль усю беларускую інтэлігенцыю? Як можна было змагацца за гэтую дзяржаву, маючы сьціплыя спадзевы, што пасьля перамогі над немцамі ўсё будзе іначай?

Мне здаецца, трэба правесьці выразную мяжу. Ёсьць ваенныя злачынцы, у якіх кроў на руках. Зь імі й разьбіраліся заходнія саюзьнікі пасьля вайны. А ўсе астатнія... Гісторыя Беларусі ХХ стагодзьдзя — суцэльная калябарацыя. Супрацоўнічалі дзеячы БНР зь першымі немцамі ў 1918 годзе, потым з палякамі, потым — з бальшавікамі. Такая доля нашая ў ХХ стагодзьдзі”.

(Скобла: ) “Натальля прыгадвала аднаго з прэзыдэнтаў Беларускай Цэнтральнай Рады Міхася Зуя... Выступаючы на ІІ Усебеларускім кангрэсе яго папярэднік Радаслаў Астроўскі гаварыў пра росквіт беларускай культуры пад акупацыяй: і кампазытары сымфоніі пісалі, і паэты тварылі, і тэатры працавалі… Наколькі ва ўсім гэтым была заслуга БЦР?”

(Алег Гардзіенка: ) “БЦР быў адпушчаны вельмі малы век. Яе стварэньне мела пазытыўнае значэньне ў той час. Гэта была пэўная форма беларускага ўраду. БЦР была пазбаўленая самастойнасьці ў палітычнай сфэры, але скіравала свае намаганьні ў культурнае, сацыяльнае жыцьцё. Тут неабходна ўлічваць і такі факт, што пачалося нямецкае адступленьне, і гітлераўцы вымушаныя былі карэктаваць сваю палітыку на Ўсходзе. Таму і йшлі на розныя саступкі, пра якія й мовы не было ў 1941–43 гадох. А БЦР гэтым выдатна карысталася. Радаслаў Астроўскі быў хітрым і разумным палітыкам. Ён дамогся вяртаньня ў склад Беларусі Палесься, далучанага ўлетку 1941 году да Ўкраіны. У красавіку 1944-га Беларусі была вернутая Вільня, а неўзабаве Беларусь выйшла са складу Остлянду.

Як дасягненьне БЦР, можна адзначыць стварэньне Беларускай Краёвай абароны. Нагадаю, што тады на мабілізацыйныя пункты зьявілася ад 50 да 100 тысяч чалавек. Яшчэ адно дасягненьне — правядзеньне ў 1944-м Другога Ўсебеларускага кангрэсу, дэлегаты якога выказалі свой давер БЦР як адзінай легальнай форме ўлады ў Беларусі. Кангрэс прызнаў Устаўныя Граматы БНР 1918 году і тым самым пацьвердзіў Акт 25 Сакавіка”.

(Натальля Гардзіенка: ) “Я хацела бы зьвярнуць ўвагу на Саюз беларускай моладзі, які быў створаны на паўгоду раней за БЦР. Паводле ўспамінаў сяброў СБМ, зь якімі мне даводзілася сустракацца, гэтая арганізацыя стала сапраўднай школай нацыянальнай сьвядомасьці для беларускай моладзі. Тыя каля дзесяці тысяч юнакоў і дзяўчатаў, што прайшлі праз СБМ у часе вайны, і далей на эміграцыі заставаліся актыўнымі ў беларускіх дыяспарах. Гэта таксама варта ўлічваць”.

(Скобла: ) “Немцы адступілі, зноў прыйшлі саветы. Што прыйшло на Беларусь з вызваленьнем? Свабода, роўнасьць і братэрства?”

(Алег Гардзіенка: ) “Галоўнае — прыйшоў мір. Можна было аднаўляць разбураную ваенным ліхалецьцем гаспадарку. Але з прыходам савецкай улады вярнуліся й сталінскія рэпрэсіі. Паводле зьвестак дасьледчыка Ўладзімера Адамушкі, у 1945–53 гадох былі рэпрэсаваныя 55 тысяч чалавек. Прычым пад рэпрэсіі падпалі ня толькі “нацыяналісты” ці “антысаветчыкі”, але й сяляне, якіх зноў пачалі вывозіць у Сыбір.

У Заходняй Беларусі была праведзеная татальная калектывізацыя, дарэшты зьнішчаная індывідуальная сялянская гаспадарка. У сярэдзіне 1940-х русіфікацыя прыйшла і ў Заходнюю Беларусь. Трэба ўлічваць, што пэўная частка настаўнікаў, ратуючы сваё жыцьцё, выехала на Захад, а на іх месца прыехалі выкладчыкі з Усходняй Беларусі, ці нават зь іншых рэгіёнаў СССР. Да мясцовых кадраў не было даверу. На 1953 год у трох заходнебеларускіх абласьцях партыйныя работнікі мясцовага паходжаньня складалі толькі 10%”.

(Скобла: ) “60-годзьдзе вызваленьня адзначалася зь небывалым размахам. Можна здагадвацца, што нас чакае праз год — на 60-годзьдзе Перамогі. Чаму надаецца такая ўвага вайне, мы ж “беларусы — мірныя людзі”?”

(Натальля Гардзіенка: ) “Выкарыстоўваючы ваенныя падзеі, улада імкнецца дэманстраваць еднасьць славянскіх народаў (прыгадайма акцыю ў Хатыні). Вайну лёгка прадставіць у чорна-белых фарбах”.

(Алег Гардзіенка: ) “Да такіх сьвятаў варта ставіцца больш прагматычна. Нягледзячы на патас і папулізм, зь якімі сьвяткуецца 3 ліпеня, я лічу, што падобныя сьвяты маюць шмат станоўчага. Паглядзіце, як прыбралі Менск ды іншыя гарады й мястэчкі. Да таго ж, у чэрвені ўдзельнікам вайны выплацілі аднаразовую дапамогу — някепскі дадатак да мізэрнай пэнсіі. А ў Берасьці супрацоўнікі Беларускага Чырвонага Крыжа і кампаніі “Філіп Морыс” падаравалі вэтэранам харчовыя наборы. Хоць нейкі клопат пра людзей, якія перамаглі фашызм, але сёньня жывуць у беднасьці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG