Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску распачалася канфэрэнцыя “Васіль Быкаў і Нямеччына”


Ул. інф. У імпрэзе, якую арганізавала нямецкая амбасада, Інстытут імя Гётэ ў Менску і Беларускі ПЭН-Цэнтар, бяруць удзел нямецкія і беларускія літаратары і таксама прыхільнікі быкаўскага таленту з абедзьвюх краінаў. Тут жа, у гістарычнай майстэрні на менскай вуліцы Сухой, сёньня адкрылася выстава, на якой прадстаўленыя ўсе кнігі Быкава, перакладзеныя на нямецкую мову.

Паводле прадстаўнікоў нямецкай амбасады ў Менску, пісьменьнік-франтавік Васіль Быкаў як ніхто іншы адлюстраваў тэму савецка-нямецкай вайны — глыбока і праўдзіва. Перажытыя ім жахі не зрабілі яго больш жорсткім у дачыненьні да Нямеччыны і немцаў. Наадварот, Быкаў істотна паўплываў на тое, каб намаганьні немцаў, скіраваныя на прымірэньне і ўзаемаразуменьне, знайшлі ў Беларусі адпаведную глебу. Гаворыць рэфэрэнт у пытаньнях культуры амбасады ФРН Ян Канторчык:

(Канторчык: ) “Мы распрацавалі канцэпцыю гэтага мерапрыемства разам з Інстытутам імя Гётэ ў Менску.Васіль Быкаў — вельмі вядомы і чытаны аўтар у Нямеччыне. Напярэдадні 60-годзьдзя вызваленьня Беларусі мы хочам пазнаёміць ягоных суайчыньнікаў з тым Быкавым, які ім, магчыма, ня вельмі вядомы, са стаўленьнем гэта пісьменьніка да Нямеччыны. Мы хочам у рамках гэтага мерапремства тут у гістарычнай майстэрні прадставіць беларускай грамадзкасьці, магчыма, невядомыя і новыя старонкі ягонага жыцьця”.

Як лічыць бэрлінскі літаратар і кінасцэнарыст, грамадзкі дзеяч Крыстаф Гойбнэр, які адмыслова прыехаў у Менск для ўдзелу ў гэтай імпрэзе, дзякуючы Быкаву многія ягоныя суайчыньнікі ўпершыню даведаліся, што ад гітлераўскага фашызму пацярпелі ня толькі палякі й габрэі, але і такі народ як беларусы. У сярэдзіне 1980-х, калі Васіль Быкаў упершыню апынуўся ў Заходнім Бэрліне на запрашэньне тамтэйшага руху прымірэньня — “Акцыі пакаяньня”, жыхары гэтага гораду адмыслова хадзілі на літаратурныя сустрэчы з удзелам Васіля Быкава, у тым ліку і дзеля таго, каб больш зьведаць пра Беларусь.

(Гойбнэр: ) “Гэтыя маладыя людзі не належалі да нейкіх асабліва літаратурна адукаваных людзей. Гэта былі звычайныя юнакі, дзяўчаты — студэнты, школьнікі. Аднак, пачуўшы аднойчы Быкава, яны падпадалі пад ягоны ўплыў і разумелі, што перад імі — асоба. Дыскусіі зь ім маглі цягнуцца некалькі гадзінаў. Гэта быў першы савецкі пісьменьнік, франтавік, які спакойна слухаў нашыя довады і ставіўся да нас сур’ёзна, з павагай. Мы бачылі, што перад намі вялікі чалавек і да таго ж вялікі пісьменьнік”.

Сара Пфафэнхёфэр прыбыла на імпрэзу зь Лёндану, дзе піша дыплём на тэму мас-мэдыяў у Беларусі. Яна таксама належыць да нямецкага руху прымірэньня, у складзе “Акцыі пакаяньня” ўпершыню пабывала ў Менску шэсьць год таму.

(Пфафэнхёфэр: ) “На жаль, калі я была ў Менску шэсьць год таму, у складзе “Акцыі пакаяньня”, мне не пашчасьціла зь ім сустрэцца. Тады ўжо сустрэчы зь ім у Менску ня ладзіліся. Тыя, хто ад нашае акцыі бываў у Беларусі раней, сустракаўся з Быкавым і быў пад уплывам гэтых сустрэчаў. Гэта вялікае імя, гэта найвядомейшы беларускі пісьменьнік. Ня так даўно ў Лёндане я глядзела экранізацыю ягонага “Сотнікава”. Я бачыла, як людзі не маглі стрымаць сьлёзаў і плакалі”.

У канфэрэнцыі “Васіль Быкаў і Нямеччына” бяруць удзел беларускія літаратары Лявон Баршчэўскі і Валянцін Тарас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG