Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор просіць пакараць Аксану Новікаву на 3 гады абмежаваньня волі


Любоў Лунёва, Менск Аксану другі раз абвінавачваюць у паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Раней за паклёп на прэзыдэнта журналісты Мікола Маркевіч, Павал Мажэйка і Віктар Івашкевіч адбылі пакараньне на так званай “хіміі”.

На судовым паседжаньні Кастрычніцкага суду Менску прысутнічалі прадстаўнікі амэрыканскай амбасады, лідэр АГП Анатоль Лябедзька, ягоны намесьнік Аляксандр Дабравольскі, сябры АГП і журналісты. Аксана Новікава заявіла адвод судзьдзі, спаслаўшыся на тое, што судзьдзю на пасаду прызначае прэзыдэнт, а менавіта ў паклёпе на гэтага чалавека яе абвінавачваюць.

Нагадаем, Аксану затрымалі 5 красавіка на чыгуначным вакзале ў часе распаўсюду ўлётак, зробленых на ўзор міліцэйскіх абвестак пра вышук небясьпечнага злачынцы. Пад фотаздымкам Аляксандра Лукашэнкі быў надрукаваны сьпіс артыкулаў крымінальнага кодэксу, якія, на думку аўтара, ён парушыў.

Аксану затрымалі і распачалі крымінальную справу за паклёп на кіраўніка дзяржавы. Летась за распаўсюд аналягічных улётак яе пакаралі двума гадамі пазбаўленьня волі. Але суд улічыў, што яна адна выхоўвае маленькае дзіця і вынес прысуд з адтэрміноўкай выкананьня. Сёлета ў лютым да Аксаны ўжылі амністыю.

У судзе Аксана папрасіла спыніць справу, бо згодна з Дэклярацыяй правоў чалавека яна мае права на распаўсюд інфармацыі. У выпадку адмовы яна папрасіла дапытаць у якасьці сьведкаў генэральнага пракурора Віктара Шэймана, былога пракурора рэспублікі Алега Бажэлку, міністра МУС Уладзіміра Навумава, экс-міністра Юрыя Сівакова, Зьміцера Паўлючэнку, Івана Ціцянкова, а таксама Хрыстаса Пургурыдэса, Анатоля Лябедзьку, Аляксандра Дабравольскага і прадстаўнікоў “Газпрому”, каб тыя патлумачылі датычнасьць Аляксандра Лукашэнкі да тых злачынстваў, якія Аксана пералічыла ва ўлётцы.

Апроч таго, яна папрасіла выклікаць у суд самога пацярпелага – Аляксандра Лукашэнку. Судзьдзя адхіліла ўсе хадайнцтвы. Яна патлумачыла, што судзяць не Аляксандра Лукашэнку, а Аксану Новікаву. Замест гэтых сьведкаў спадарыня Басько апытала жанчыну-міліцыянтку, якая абшукала Аксану пасьля затрыманьня, і міліцыянта, які дзяжурыў на вакзале ў той дзень.

Аксана не аднойчы зьвярталася да прадстаўніцы пракуратуры Дыяне Глушковай, каб тая прадставіла суду доказы паклёпу. Яна пыталася: “Хто дакажа, што Лукашэнка не датычны да злачынстваў?”

У абвінаваўчым заключэньні прадстаўніца пракуратуры Дыяна Глушкова наконт датычнасьці кіраўніка дзяржавы да тых злачынстваў, у якіх яго абвінавачваюць, спаслалася на прэзумпцыю невінаватасьці, маўляў, нельга чалавека называць злачынцам, калі яго яшчэ не асудзіў суд. Аксана спытала чаму гэты прынцып не ўжываюць да яе і адказу не атрымала.

Абвінаваўца папрасіла суд пакараць Аксану абмежаваньнем волі на тры гады, улёткі зьнішчыць, а друкарку захаваць у матэрыялах справы.

Судзьдзя прызначыла дату абвешчаньня прысуду на 9 чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG