Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадары Эўрапейскага Зьвязу ўхваляюць мэты галадоўнікаў


Алесь Дашчынскі, Менск 7 чэрвеня амбасадары краінаў Эўрапейскага Зьвязу і кіраўнік офісу АБСЭ Эбэргард Гайкен наведалі галадоўнікаў на кватэры дэпутата Валерыя Фралова. Меркавалася, што ў гэты ж дзень у кватэру наведаецца нарад міліцыі, каб у прымусовым парадку даставіць галадоўнікаў, сябраў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Марыну Багдановіч і Генадзя Ананьева ў суд.

Замест галадоўнікаў Марыны Багдановіч і Генадзя Ананьева ў Ленінскі райаддзел міліцыі зьявіўся адвакат Яўген Лабановіч. Ён папрасіў адкласьці разгляд справы. Намесьнік начальніка Ленінскага РАУС Каяловіч сказаў, што ня можа самастойна прыняць гэтае рашэньне і павінен параіцца з начальствам. Празь некалькі хвілінаў адвакату паведамілі, што ёсьць указаньне перадаць матэрыялы ў суд. Далей распавядае Лабановіч:

(Лабановіч: ) “Мы разам зь ім паехалі ў суд, зайшлі да намесьніка старшыні Ленінскага суду. Яна не раздумваючы ні сэкунды сказала: мяне нічога не цікавіць, патрабую неадкладнага прымусовага прыводу Багдановіч і Ананьева. Міліцыянэры сказалі, што паехалі па нарад і будуць спрабаваць пераканаць галадоўнікаў разам паехаць”.

Паводле Лабановіча, міліцыянты ня маюць права ўвайсьці ў жытло і будуць сачыць пад дзвярыма, калі галадоўнікі выйдуць з кватэры. Генадзь Ананьеў сказаў:

(Ананьеў: ) “Я думаю, што часова мы застанемся тут, бо дрэнна сябе адчуваем. Але калі нас вынесуць сілай — то значыць, вынесуць”.

Аднак міліцыянты пакуль не зьявіліся, затое галадоўнікаў наведала дэлегацыя амбасадараў Эўразьвязу, акрэдытаваных у Менску. Сярод іх былі кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў Францыі, ФРН, Вялікабрытаніі, Польшчы, Літвы, Чэхіі й іншых краінаў. Дэпутат Сяргей Скрабец спытаўся ў дыпляматаў, ці ведаюць яны прыклады, калі дэпутаты іх краінаў аб’яўлялі галадоўку. На гэта яны адказалі:

(Дыплямат: ) “Не, здаецца, я асабіста ня памятаю”.

(Іншы: ) “Я ведаю аднаго, скінуў сам 20 кіляграмаў”.

Сёньня раніцай дыпляматы плянавалі сустрэцца з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі, якія былі нядаўна ў Брусэлі й сустракаліся з прадстаўнікамі Эўрапейскага Зьвязу. Аднак двое з гэтай дэлегацыі не змаглі прыйсьці з прычыны галадоўкі, таму амбасадары і вырашылі іх наведаць.

(Шмялеўскі: ) “Мы вырашылі прыйсьці, каб мець гэтую гутарку, бо галадоўка галадоўкай, а гутарка павінна быць. Мы ведаем, што вы галадуеце з трыма мэтамі. Аказваецца, амбасадары Эўразьвязу ўхваляюць гэтыя мэты”.

Акрамя амбасадараў Эўразьвязу, галадоўнікаў на кватэры Фралова наведаў кіраўнік офісу АБСЭ ў Менску Эбэргард Гайкен.

* На фотаздымку: Амбасадар Францыі ў Беларусі Стэфан Шмялеўскі вітае Валерыя Фралова. 7 чэрвеня некалькі амбасадараў краінаў-сябраў Эўрапейскага Зьвязу наведалі галадоўнікаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG