Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 гадоў таму пачаўся страйк рабочых у Менску


Ігар Карней, Менск 3 красавіка 1991 году дзясяткі тысяч людзей выйшлі на плошчу Леніна ў Менску як з эканамічнымі патрабаваньнямі — прыпыніць рост коштаў, так і з палітычнымі — адстаўкі саюзнага ўраду. Шматтысячныя страйкі й мітынгі рабочых буйных менскіх прадпрыемстваў паўтарыліся цягам наступных пасьля 3 красавіка тыдняў — 10-11, а таксама 23-24 красавіка. Чаго дамагліся тады страйкоўцы й чаму праз 15 гадоў настроі ў рабочых калектывах зусім іншыя?

Агульнанацыянальны страйк падтрымалі больш чым на сотні прадпрыемстваў у адным толькі Менску. Дзясяткі заводаў і фабрык далучыліся да менчукоў па ўсёй, тады яшчэ савецкай, Беларусі. Дзеля каардынацыі акцый пратэсту быў створаны страйкавы камітэт, на чале якога паўсталі новыя лідэры — Генадзь Быкаў, Сяргей Антончык, Георгі Мухін. Сустаршыня менскага страйкаму Сяргей Антончык прыгадвае, што зладжаная праца мела амаль стопрацэнтны вынік.

(Антончык: ) “Тады мы дабіліся ўсяго, што патрабавалі. Былі вернуты назад неабгрунтавана падвышаныя кошты. Мы дамагліся, што нам два тыдні запар давалі па 15 хвілін на БТ. Мы атрымалі гарантыі, што ніводзін чалавек, які браў удзел у страйках, ня будзе звольнены з працы. Але ж трэба памятаць, што тады Беларусь уваходзіла ў склад СССР, і мы ўздымалі таксама палітычныя пытаньні — прыкладам, вываду з заводаў партыйных камітэтаў, адстаўкі ўраду, уключна — з саюзным, на чале з Паўлавым. Гэтыя палітычныя патрабаваньні задаволены не былі, але мінула літаральна 5 месяцаў — і КПСС-КПБ была забаронена. Пасьля гэтага рабочы рух фактычна скончыўся. Таму што асноўныя задачы мы выканалі: Беларусь атрымала незалежнасьць, была забаронена кампартыя, пачаліся адпаведныя рэформы”.

Чаму праз паўтара дзясятка гадоў рабочыя ігнаруюць палітычныя акцыі, што ладзіць беларуская моладзь? Яшчэ адзін лідэр рабочага руху ўзору 1991 году, Генадзь Быкаў, лічыць, што ўлада фактычна нэўтралізавала магутную сілу. Перадусім, людзей прывязалі да працы кантрактамі. Па-другое, ім плацяць грошы, якіх тыя не зарабляюць.

(Быкаў: ) “Асноўнае, што стрымлівае рабочых ад нейкага пратэсту, — гэта іхнае матэрыяльнае становішча. Паводле маіх назіраньняў, рабочыя сёньня зарабляюць 300 тысяч рублёў, але атрымліваюць 700 тысяч. Вялізная колькасьць працоўнага люду атрымлівае незаробленыя грошы. Іншая справа: адкуль гэтыя грошы бяруцца. Збольшага экспартныя прадпрыемствы нафтахімічнай прамысловасьці, вытворцы калійных угнаеньняў раскідаюць грошы на тых, хто не зарабляе. Я працаваў шліфоўшчыкам на Менскім заводзе аўтаматычных ліній. У мяне на стэлажы стаялі скрыні, за якімі мяне самога не было відаць. А цяпер ля станкоў няма ніводнай скрыні — у жмені прыносіць майстар дэталі шліфоўшчыку. Людзі працуюць значна менш, чым раней, а грошы маюць добрыя. Справа ў іншым: колькі часу так можа доўжыцца?”.

Паплечнік Генадзя Быкава, Сяргей Антончык, мяркуе, што не зусім карэктна параўноўваць умовы 15-гадовай даўніны зь цяперашнімі.

(Антончык: ) “Цяпер вельмі складаная сытуацыя. Большасьць актывістаў, якія былі калісьці на заводах, звольнены. Вельмі сур’ёзны чыніцца ціск на рабочых. На заводах створаны ідэалягічныя аддзелы; ёсьць зьвесткі, што там працуюць і спэцслужбы. Таму, калі гэта ўсё скласьці, цяпер сытуацыя значна цяжэйшая, чым была ў 1991 годзе. Я маю на ўвазе — цяжэйшая для правядзеньня нейкай працы ў справе выступу рабочых. Але я ведаю: у пэрспэктыве й рабочыя зразумеюць, што адбываецца ў Беларусі. Думаю, што ўжо сёньня гэтае разуменьне высьпявае. Але дзеля такога патрэбен час. Асабіста я настроены аптымістычна. Але трэба памятаць: патрэбен час, каб сытуацыя пачала зьмяняцца ў лепшы бок”.

Сярод згаданых ужо актывістаў рабочага руху адметнае месца ў гісторыі занялі й іншыя рабочыя “ідэолягі” — Віктар Івашкевіч, Міхал Собаль, Мікалай Разумаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG