Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці падтрымліваюць акцыю салідарнасьці 16-га творчыя людзі?


Радыё Свабода Cёньня ў Беларусі адбудуцца чарговыя акцыі салідарнасьці з сем’ямі зьніклых і ахвяраў палітычных рэпрэсій. Арганізатары – шэраг грамадзкіх актывістаў -- заклікаюць людзей 16-га дня кожнага месяца а 8 вечара на 15 хвілінаў выключыць у доме сьвятло ды запаліць на вокнах сьвечкі. Ці падтрымліваюць акцыю салідарнасьці 16-га беларускія творцы? Заангажаваныя ў дзяржаўныя структуры асьцерагаюцца адказваць на пытаньні, зьвязаныя з палітыкай. А з адказаў незалежных асобаў вынікае, што аднадумства да акцыі салідарнасьці няма.

Маё тэлефанаваньне засьпела поп-сьпявачку Ірыну Дарафееву проста ў грымёрцы:

(Дарафеева:) “Шчыра кажучы, я не хачу адказваць ані на якія палітычныя пытаньні”.

Пісьменьнік і мастак Адам Глёбус не хавае свайго скептыцызму:

(Глобус:) “Гэта няправільныя акцыі, бо маламастацкія. Бо нічога з гэтага ня выйдзе. Тым больш, гэта ня першы раз. Ёсьць такія ініцыятывы, якія проста надакучылі. “Давайце выставім сьвечкі”, потым: “Вы не выставілі сьвечкі, што гэта за народ?”. Ёсьць яшчэ пэўныя журналісты, якія абальюць гразёю мой народ, які ня ў лепшым стане”.

Лідар гурту NRM Лявон Вольскі ў 1995 годзе сам удзельнічаў у акцыях пэрформансах. Напрыклад, расклейваў улёткі з абсурднымі заклікамі ў спадзеве прыцягнуць увагу грамадзкасьці да абсурду ў навакольнай рэальнасьці. Лявон Вольскі прызнаўся, што цяпер займаецца толькі музыкай:

(Вольскі:) “Мне сорамна сказаць, але я забываюся. Пару разоў я быў у Польшчы, але жонка ставіла. Я лічу, што любая ініцыятыва, гэта ўжо штосьці, бо цяпер не хапае крэатыву. Такая форма работы з народам, як мітынг, канцэрт у падтрымку, раскіданьне улётак не дае плёну, бо гэта адбываецца цягам дванаццаці гадоў. Таму ініцыятыва са сьвечкамі, гэта штосьці сьвежае. Насамрэч, нашым правадырам і паліттэхнолягам трэба падумаць, што ж яшчэ зрабіць цікавага. Жывей трэба, бліжэй да народу трэба рабіць”.

А вось кіраўнік “Свабоднага тэатру” Мікалай Халезін да ідэі сьвечак у вокнах ставіцца з энтузіязмам:

(Халезін:) “Выстаўляю, бо гэта мой абавязак. Таму што гэта мая краіна, таму што ў ёй сядзяць людзі, таму што ў ёй забілі людзей. Бо цяпер поўныя турмы палітзьняволеных, гэта ўсё мае таварышы, тыя зь кім я разам працаваў. З многімі зь іх зьвязваюць чалавечыя, сяброўскія адносіны”.

(Карэспандэнт:) “Ёсьць такое меркаваньне, маўляў, людзі выстаўляюць сьвечкі, і тым самым падстаўляюцца – вось тут сядзяць праціўнікі рэжыму”.

(Халезін:) “Дык я проста кажу – я праціўнік гэтага рэжыму. Мне няма чаго баяцца, таму я і выстаўляю ў вокны сьвечкі, і магу на плошчы стаяць са сьвечкай”.

Сёньня Мікалай Халезін сярод іншых запаліць сваю сьвечку ў цэнтры Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG